2 да Карынфянаў 12 разьдзел
Другое пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Няма карысьці хваліцца мне; бо я прыйду да відзежаў і адкрыцьцяў Гасподніх.
Некарысна хваліцца мне, бо перайду да з’яў і аб’яў Госпадавых.
Ведаю чалавека ў Хрысьце, які чатырнаццаць гадоў таму назад, — ці ў целе, ня ведаю, ці ня ў целе, ня ведаю: Бог ведае, — захоплены быў да трэйцяга неба.
Ведаю чалавека ў Хрысце, які чатырнаццаць гадоў таму — ці ў целе — не ведаю, ці па-за целам — не ведаю, Бог ведае, — падхоплены быў у трэцяе неба.
І ведаю пра такога чалавека, — толькі ня ведаю — у целе, ці па-за целам: Бог ведае, —
І ведаю, што такоі чалавек — ці ў целе, ці па-за целам, — не ведаю, Бог ведае, —
што ён быў узяты ў рай і чуў нявымоўныя словы, якіх чалавеку нельга пераказаць.
быў узяты ў рай і пачуў невымоўныя словы, якіх нельга чалавеку сказаць.
Такім чалавекам магу хваліцца; а сабою не пахвалюся, хіба што немачамі маімі.
Гэтым магу хваліцца, але сабой зусім не буду хваліцца, хіба сваімі немачамі.
Урэшце, калі захачу хваліцца, ня буду неразумны, бо скажу праўду; але я ўстрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне болей, чым колькі ўва мне бачыць, альбо чуе ад мяне.
Калі і захачу хваліцца, не буду неразумным, бо скажу праўду. Але стрымліваюся, каб хто не падумаў пра мяне больш, чым ува мне бачыць або ад мяне чуе.
І каб я не заганарыўся нязвычайнасьцю адкрыцьцяў, дадзена мне джала ў плоць, пасланец сатаны, тлуміць мяне, каб я не ганарыўся.
І каб з-за велічы аб’яў я не выносіўся, дадзены мне джала для цела, анёл шатанскі, каб мучыў мяне, каб я не выносіўся.
Тройчы маліў я Госпада за тое, каб адвёў яго ад мяне.
Дзеля таго тройчы маліў я Госпада, каб адышоў ад мяне,
Але Гасподзь сказаў мне: «досыць табе мілаты Маёй, бо сіла Мая зьдзяйсьняецца ў немачы». І таму я найбольш ахвоча буду хваліцца сваімі немачамі, каб жыла ўва мне сіла Хрыстовая.
але Ён сказаў мне: «Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц Мая праз слабасць здяйсняецца». Таму найбольш ахвотна буду хваліцца сваімі немачамі, каб абжылася ўва мне моц Хрыстова.
Таму і любасна мне ў немачах, у крыўдах, у нястачах, у ганеньнях, ва ўцісках за Хрыста: бо калі я нямоглы, тады моцны.
Дзеля таго падабаюцца мне і мае немачы, знявагі, нястачы, пераследаванні і прыгнёты дзеля Хрыста: бо калі я слабы, тады я дужы.
Я дайшоў да неразумнасьці, хвалячыся: вы мяне да гэтага змусілі. Вам бы сьлед было хваліць мяне, бо я нічым ня горшы за тых «вышэйшых апосталаў», хоць я і нішто:
Я стаўся неразумным, хвалячыся, бо вы прымусілі мяне! Гэта вам бы належала мяне хваліць, бо нічым я не меншы за вялікіх Апосталаў, хоць я нічога не варты.
прыкметы апостала зьявіліся перад вамі ўсякім цярпеньнем, азнакамі, цудамі і сіламі.
Знакі майго Апостальства сталіся ў вас ва ўсякай цярплівасці, а таксама ў знаках, і цудах, і моцах.
Бо чаго вам нестае перад іншымі цэрквамі, дык хіба толькі таго, што сам я ня быў вам цяжарам? Даруйце мне такую віну.
Ці ж вы меней атрымалі, чым іншыя цэрквы? Хіба адно толькі, што не быў вам цяжарам. Даруйце мне гэтую крыўду!
Вось, трэйці раз я гатовы ісьці да вас, і ня буду вам цяжарам, бо я шукаю ня вашага, а вас. Ня дзеці павінны зьбіраць маёмасьць бацькам, а бацькі дзецям.
Ужо трэці раз збіраюся да вас прыбыць і не буду вас абцяжарваць, бо шукаю не вашага, але вас. Бо не дзеці бацькам павінны збіраць скарб, але бацькі дзецям.
Я ахвотна буду траціць сваё і зьнемагаць сябе за душы вашыя, нягледзячы на тое, што, вельмі моцна любячы вас, я меней любімы вамі.
Я вельмі ахвотна панясу выдаткі і нават самога сябе аддам за душы вашы. Дык ці чым больш вас люблю, тым менш любові атрымліваю?
Але няхай будзе, што сам я ня вельмі вас абцяжарваў, але, як што я хітры, дык хітрасьцю браў вас,
Хай будзе і так, я не абцяжарыў вас. Але, можа, як падступнік, хітрасцю вас абіраў?
але ці карыстаўся чым ад вас праз каго-небудзь з тых, каго пасылаў да вас?
Ці праз кагосьці з тых, каго пасылаў да вас, я шукаў ад вас карысці?
Я ўпрасіў Ціта, і паслаў зь ім аднаго брата: ці ж пакарыстаўся Ціт чым-небудзь вашым? Ці не ў адным духу мы дзейнічалі? Ці не адною дарогай хадзілі?
Папрасіў Ціта і паслаў з ім брата. Ці Ціт вас скарыстаў? Ці мы не хадзілі ў тым самым духу? Ці не па тых самых слядах?
Ці ня думаеце яшчэ, што мы толькі апраўдваемся перад вамі? Мы гаворым перад Богам, у Хрысьце, і ўсё гэта, любасныя, вам у навуку.
Вы ўжо даўно думаеце, што мы перад вамі апраўдваемся? На віду Бога ў Хрысце гаворым; а ўсё, найдаражэйшыя, на збудаванне ваша.
Бо я маю боязь, каб мне, калі я прыйду, не застаць вас такіх, якіх не хачу, а таксама каб і вы ня ўбачылі мяне такога, якога ня хочаце: каб не знайсьці ў вас нязгодзіц, зайздрасьці, гневу, сварак, паклёпаў, нагавораў, ганарыстасьці, беспарадкаў,
Бо баюся, каб часам, прыйшоўшы да вас, знайсці вас не такімі, якімі хачу вас знайсці, ды каб і вы не знайшлі мяне такім, якога вы не хочаце, каб часам не было ў вас спрэчак, зайздрасці, гневу, сварак, ачарненняў, абмовы, пыхлівасці, звадкі,
каб зноў, калі прыйду, ня прынізіў мяне ў вас Бог мой, і каб не аплакваць мне многіх, якія зграшылі раней і не пакаяліся ў нячыстасьці і непатрэбстве, якое рабілі.
каб, калі прыйду да вас зноў, не панізіў мяне Бог мой перад вамі і каб мне не прыйшлося аплакваць многіх сярод вас, якія раней зграшылі і не навярнуліся з нячыстасці, распусты ды разбэшчанасці, якую зрабілі.