Да Эфэсянаў 1 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Павал, воляю Божаю апостал Ісуса Хрыста, сьвятым, што ў Эфэсе, і верным у Хрысьце Ісусе:
Паўла, Апостал Ісуса Хрыста з волі Божай, святым, якія ў Эфесе, і верным у Хрысце Ісусе:
мілата вам і мір ад Бога, Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада Ісуса Хрыста.
Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, што дабраславіў нас у Хрысьце ўсякім духоўным дабраславеньнем у нябёсах,
Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які дабраславіў нас у нябёсах усякім дабраславеннем духоўным у Хрысце,
бо Ён выбраў нас у Ім перад стварэньнем сьвету, каб мы былі сьвятыя і беспахібныя перад Ім у любові,
Бо выбраў нас у Ім перад заснаваннем свету, каб быць нам святымі і беззаганнымі перад Ім у любові;
наперад пастанавіўшы ўсынавіць Сабе нас празь Ісуса Хрыста паводле ўпадабаньня волі Сваёй,
Ён прызначыў нас на ўсынаўленне Сабе праз Ісуса Хрыста з ласкавасці волі Сваёй,
на хвалу славы мілаты Сваёй, якою Ён умілаваў нас у Любасным,
на хвалу славы ласкі Сваёй, якой абдарыў нас ва Умілаваным,
у Якім мы маем адкупленьне Крывёю Ягонай, дараваньне грахоў, паводле багацьця мілаты Ягонай,
у Якім маем адкупленне праз Кроў Яго, адпушчэнне грахоў паводле багацця ласкі Яго,
якую Ён у вялікай шчодрасьці даў нам ва ўсякай мудрасьці і разуменьні,
якую выліў Ён на нас шчодра ва ўсякай мудрасці і разуменні,
адкрыўшы нам таямніцу Сваёй волі паводле Свайго ўпадабаньня, якое Ён загадзя паклаў у Ім,
каб выявіць нам таямніцу Сваёй волі паводле Свайго ўпадабання, што Ён раней пастанавіў у Ім,
на зьдзяйсьненьне паўнаты часу, каб усё нябеснае і зямное паяднаць у Хрысьце;
на ўсталяванне паўнаты часоў: аб’яднаць усё, што на небе і на зямлі, пад галавою — Хрыстом.
у Ім мы і зрабіліся спадкаемцамі, і былі наперад назначаны на тое згодна з воляй Таго, Хто ўсё чыніць паводле хаценьня волі Сваёй,
У Ім былі пакліканы да ўдзелу і мы, што прызначаны наперад паводле рашэння Таго, Які спраўляе ўсё паводле пастановы волі Сваёй,
каб заслужыцца на пахвалу славы Ягонай нам, якія раней спадзяваліся на Хрыста;
каб былі мы на хвалу славы Яго, мы, якія ўжо раней спадзяваліся на Хрыста.
у Ім і вы, пачуўшы слова праўды, абвяшчэньне вашага выратаваньня, і ўвераваўшы ў Яго, пазначаны пячаткаю абяцанага Духа Сьвятога,
У Ім таксама і вы, якія пачулі слова праўды, Евангелле збаўлення вашага, і ў Яго паверылі, запячатаны Духам Святым абяцання,
Які ёсьць зарука спадчыны нашай, на адкупленьне долі Ягонай, на хвалу славы Ягонай!
Які ёсць зарука спадчыны нашай для адкуплення ўласнасці і на хвалу Яго славы.
Таму і я, дачуўшыся пра вашую веру ў Хрыста Ісуса і пра любоў да ўсіх сьвятых,
Дзеля таго і я, чуючы пра вашу веру ў Госпада Ісуса і пра любоў да ўсіх святых,
не перастаю дзякаваць за вас Богу, спамінаючы вас у малітвах маіх,
не спыняюся дзякаваць за вас, памятаючы ў малітвах маіх,
каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасьці і адкрыцьця на спазнаньне Яго,
каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і аб’яўлення на пазнанне Яго,
і прасьветліў вочы сэрца вашага, каб вы ўведалі, у чым надзея закліканьня Ягонага, і якое багацьце слаўнае спадчыны Ягонай для сьвятых,
прасветленыя вочы розуму вашага, каб вы ведалі, якая ёсць надзея Яго паклікання ды якія багацці славы спадчыны Яго для святых,
і якая бязьмерная веліч магутнасьці Ягонае ў нас, што паверылі празь дзеяньне ўладарнае сілы Ягонай,
і якая бязмерная веліч магутнасці Яго ў нас, веруючых праз дзеянне магутнасці сілы Яго,
якою Ён узьдзейнічаў у Хрысьце, уваскрэсіўшы Яго зь мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе на нябёсах,
якую выявіў Ён у Хрысце, уваскрэсіўшы Яго з мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе ў нябёсах
найвышэй за любое начальства і ўладу, і сілу і валадараньне, і ўсякае імя, называнае ня толькі ў гэтым веку, але і ў будучым,
вышэй за ўсякае начальства і ўладу, і сілу, і валадаранне, і над усякім імем, якое называецца не толькі ў гэтым веку, але таксама і ў будучым;
і ўсё ўпакорыў пад ногі Яму, і паставіў яго вышэй за ўсё, галавою Царквы,
і ўсё паклаў пад ногі Яго, і ўчыніў Яго галавой над усёй Царквою,
якая ёсьць Цела Ягонае, поўнасьць Таго, Хто напаўняе ўсё ва ўсім.
якая ёсць Цела Яго, поўня Таго, Які ўсё ўсім напаўняе.