Судзьдзяў 15 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Празь некалькі дзён, у час жніва пшаніцы, прыйшоў Самсон пабачыцца з жонкаю сваёю, прынёсшы з сабою казьляня; і сказаў ёй: «увайду да жонкі маёй у спальню», бацька яе ня даў яму ўвайсьці.
 
А па нейкім часе, калі настаў дзень жніва пшаніцы, Самсон прыйшоў, жадаючы наведаць жонку сваю, і прынёс ёй казляня з казінага статка. Калі хацеў увайсці, як звычайна, у пакой яе, бацька яе забараніў яму,

І сказаў бацька яе: я падумаў, што ты зьненавідзеў яе, і я аддаў яе дружку твайму; вось, меншая сястра прыгажэйшая за яе; няхай яна будзе табе замест яе.
 
кажучы: «Думаў я, што ты ненавідзіш яе, і таму аддаў яе сябру твайму; але яна мае малодшую сястру, прыгажэйшую за яе: хай яна будзе табе жонкаю».

Але Самсон сказаў ім: цяпер я буду справядлівы перад Філістымлянамі, калі ўчыню ім благое.
 
Адказаў яму Самсон: «З гэтага дня не буду вінаваты адносна філістынцаў, бо буду вам рабіць шкоду».

І пайшоў Самсон, і злавіў трыста лісаў, і ўзяў паходні, і зьвязаў хвост з хвастом, і прывязаў па паходні паміж двума хвастамі;
 
І пайшоў Самсон, і налавіў трыста лісаў, і звязаў іх хвост да хваста, а пасярэдзіне, між двума хвастамі, прычапіў па адной паходні.

і запаліў паходні, і пусьціў іх на жніво Філістымскае, і выпаліў капіцы і няжаты хлеб, і вінаградныя сады і аліўкавыя.
 
Запаліўшы паходні, ён пусціў лісаў, каб яны разбегліся ў розныя бакі. Лісы адразу ж пабеглі на палі філістынцаў. Запаліўшы іх, яны спалілі і ўжо сабраны ўраджай, і тое, што ў той час было ў сцябле, так што полымя ахапіла нават і вінаграднікі з маслінавымі гаямі.

І казалі Філістымляне: хто гэта зрабіў? І казалі: Самсон, зяць Філістымлянаў; бо гэты ўзяў жонку ягоную і аддаў сябру ягонаму. І пайшлі Філістымляне, і спалілі агнём яе і бацьку яе.
 
І пыталіся філістынцы: «Хто гэта зрабіў?» Ім адказалі: «Гэта Самсон, зяць аднаго чалавека з Тамны, бо ён адабраў у яго жонку і аддаў яе іншаму — вось што ён зрабіў». Дык пайшлі тады філістынцы і спалілі жанчыну і бацьку яе.

Самсон сказаў ім: хоць вы зрабілі гэта, але я адпомшчу вам самім, і толькі тады супакоюся.
 
А Самсон сказаў ім: «Калі вы так робіце, то не супакоюся, пакуль вам не адпомшчу».

І перабіў ён ім галені і клубы, і пайшоў і засеў у цясьніне скалы Этама.
 
І прынёс ім вялікае знішчэнне, перабіваючы сцёгны і лыткі. А ён пайшоў і абжыўся ў пячоры скалы ў Этаме.

І пайшлі Філістымляне, і атабарыліся ў Юдэі, і працягнуліся да Лэхі.
 
І пайшлі філістынцы ў зямлю Юды і сталі лагерам, і да Лехіaдаходзілі іх войскі.

І сказалі жыхары Юдэі: за што вы выйшлі супраць нас? Яны сказалі: мы прыйшлі зьвязаць Самсона, каб зрабіць зь ім так, як ён зрабіў з намі.
 
І сказалі ім тады людзі з пакалення Юды: «Чаму вы выступілі супраць нас?» Яны адказалі: «Прыйшлі мы, каб злавіць Самсона і аддаць яму за тое, што ён нам зрабіў».

І пайшлі тры тысячы чалавек зь Юдэі да цясьніны скалы Этама, і сказалі Самсону: хіба ты ня ведаеш, што Філістымляне пануюць над намі? што гэта ты зрабіў нам? Ён сказаў ім: як яны са мною зрабілі, так і я зрабіў зь імі.
 
Дык тры тысячы мужчын з пакалення Юды пайшлі да пячоры скалы ў Этаме і сказалі Самсону: «Ці ты не ведаеш, што філістынцы валадараць над намі? Чаму ты пажадаў зрабіць гэта?» Ён ім адказаў: «Як яны зрабілі мне, так і я ім зрабіў».

І сказалі яму: мы прыйшлі зьвязаць цябе, каб аддаць цябе ў рукі Філістымлянам. І сказаў ім Самсон: прысягнеце мне, што вы не заб’яце мяне.
 
«Прыйшлі мы, — кажуць яму, — звязаць цябе і выдаць у рукі філістынцаў». Сказаў ім Самсон: «Прысягніце і паабяцайце мне, што мяне не заб’яце».

І сказалі яму: не, мы толькі зьвяжам цябе і аддамо цябе ім у рукі, а забіваць не заб’ем. І зьвязалі дзьвюма новымі вяроўкамі, і павялі яго зь цясьніны.
 
Яны сказалі: «Не заб’ём, але звязанага, выдадзім цябе». І звязалі яго дзвюма новымі вяроўкамі, і звялі яго са скалы ў Этаме.

калі ён падышоў да Лэхі, Філістымляне з крыкамі сустрэлі яго. І сышоў на Яго Дух Гасподні, і вяроўкі, што былі на руках ягоных, зрабіліся, як перагарэлы лён, і ўпалі повязі з рук ягоных.
 
Калі прыбыў ён у Леху і філістынцы з крыкам выйшлі яму насустрач, Дух Госпадаў сышоў на яго, і, як звычайна знішчаецца лён ад вогненнага дыму, так вяроўкі, якімі быў ён звязаны, рассыпаліся і развязаліся.

Знайшоў ён сьвежую асьліную сківіцу, і, працягнуўшы руку сваю, узяў яе, і забіў ёю тысячу чалавек.
 
Тады, знайшоўшы яшчэ свежую асліную сківіцу, ён, схапіўшы яе, знішчыў ёю тысячу чалавек.

І сказаў Самсон: сківіцай асьлінаю натоўп, два натоўпы, сківіцай асьлінаю забіў я тысячу чалавек.
 
І сказаў ён: «Сківіцаю аслінаю я знішчыў іх, сківіцаю дзіцяняці аслінага тысячу чалавек я забіў!»

Сказаўшы гэта, кінуў сківіцу з рукі сваёй, і назваў тое месца — Рамат-Лэхі.
 
І, калі пракрычаў ён гэтыя словы, кінуў з рукі сківіцу і назваў тое месца Рамат-Лехіb.

І адчуў моцную смагу, і паклікаў Госпада і сказаў: Ты зрабіў рукою раба Твайго вялікае выратаваньне гэтае; а цяпер памру я ад смагі, і траплю ў рукі неабрэзаных.
 
І, чуючы вялікую смагу, паклікаў ён Госпада, і казаў: «Ты рукою слугі Свайго даў гэта найвялікшае збаўленне і перамогу, і вось, я паміраю ад смагі і траплю ў рукі неабрэзаных».

І адчыніў Бог яміну ў Лэсе, і пацякла зь яе вада. Ён напіўся, і вярнуўся дух ягоны, і ён ажыў; таму і названа месца гэтае: «крыніца таго, хто заклікае», якая ў Лэсе да сёньня.
 
Тады Бог адкрыў скалу ля Лехі і выцекла адтуль вада. Напіўшыся вады, ён ажыў духам і набраўся сілы. Таму тое месца называюць Эн-Гакарэcда сённяшняга дня.

І быў ён судзьдзя Ізраіля ў дні Філістымлянаў дваццаць гадоў.
 
І быў ён суддзёю Ізраэля ў дні філістынцаў дваццаць гадоў.