Лукаша 3 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

А ў пятнаццаты год праўленьня Тыверыя кесара, калі Понцій Пілат начальнічаў у Юдэі, Ірад быў тэтрархам у Галілеі, Піліп, брат ягоны, — тэтрархам у Ітурэі і Траханіцкай вобласьці, а Лісаній — тэтрархам у Авілінеі,
 
У пятнаццаты год панавання цэзара Тыберыя, калі Понцій Пілат быў намеснікам Юдэі, а Ірад быў тэтрархам Галілеі, Філіп, брат ягоны, тэтрархам Ітурэі і Траханіцкай зямлі, а Лізанія тэтрархам Абілены,

пры першасьвятарах Ганьне і Каяфе, быў голас Божы да Яна, сына Захара, у пустыні.
 
пры першасвятарах Анне і Каяфе, было скіравана слова Божае да Яна, сына Захарыі, у пустыні.

І ён пайшоў па ўсіх навакольлях Ярдана, прапаведуючы хрышчэньне пакаяньня на дараваньне грахоў,
 
Ён прайшоў усе ваколіцы Ярдана, абвяшчаючы хрост пакаяння дзеля адпушчэння грахоў,

як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі, які кажа: «голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму;
 
як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі: «Голас таго, хто кліча ў пустыні:“Падрыхтуйце дарогу Пану,простымі рабіце сцежкі Яму!

кожны дол хай напоўніцца, і кожная гара і пагорак хай абнізяцца, крывізны выпрастуюцца, і няроўныя дарогі зробяцца гладкімі;
 
Кожная даліна ўзвысіцца,кожная гара і пагорак панізяцца,і выбоістыя дарогі стануць раўнінай,а ланцугі гор — далінаю.

і ўбачыць кожная плоць ратунак Божы».
 
І ўбачыць кожнае целаБожае збаўленне”».

Ян люду, што прыходзіў хрысьціцца ў яго, казаў: выродзьдзе яхідніна? хто намовіў вас уцякаць ад будучага гневу?
 
Ён казаў натоўпам, якія прыходзілі да яго хрысціцца: «Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад будучага гневу?

прынясеце ж плады годныя пакаяньня, і ня думайце гаварыць самі сабе: «бацька ў нас Абрагам»; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узьвесьці дзяцей Абрагаму;
 
Прынясіце ж годны плён пакаяння і не думайце казаць сабе: “Маем Абрагама за бацьку”; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых абудзіць дзяцей Абрагаму.

ужо і сякера пры корані дрэваў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое ня родзіць добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у вагонь.
 
Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэў. Таму кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь».

І пыталіся ў яго людзі: што ж нам рабіць?
 
І пыталіся ў яго людзі, кажучы: «Што мы павінны рабіць?»

Ён сказаў ім у адказ: у каго дзьве адзежыны, той дай таму, хто ня мае; і ў каго ёсьць ежа, рабі тое самае.
 
Ён казаў ім у адказ: «Хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае, і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае».

Прыйшлі і мытнікі хрысьціцца і сказалі яму: Настаўнік! што нам рабіць?
 
Прыйшлі і мытнікі хрысціцца і сказалі яму: «Настаўнік, што мы павінны рабіць?»

Ён адказваў ім: нічога не патрабуйце больш вызначанага вам.
 
Ён адказаў ім: «Нічога больш за вызначанае вам не спаганяйце».

Пыталіся ў яго таксама і воі: а нам што рабіць? І сказаў ім: нікога ня крыўдзіце, не паклёпнічайце, і задавольвайцеся сваёй платай.
 
Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: «А мы што павінны рабіць?» Ён адказаў ім: «Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся сваёй платай».

А калі люд быў у чаканьні, і ўсе думалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці ня Хрыстос ён, —
 
Калі народ чакаў і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Месія ён,

Ян усім адказваў: я хрышчу вас вадою, але ідзе Мацнейшы за мяне, у Якога я няварты разьвязаць рэмень на абутку; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і вагнём;
 
Ян адказаў усім: «Я вадою хрышчу вас, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я няварты развязаць раменьчык на Яго сандалях. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём.

гарфа Ягоная ў руцэ Ягонай, і Ён ачысьціць гумно Сваё і зьбярэ пшаніцу ў засекі Свае, а салому спаліць вагнём непагасным.
 
Лапату трымае ў руцэ сваёй, каб ачысціць гумно сваё і сабраць пшаніцу ў засекі свае, а мякіну спаліць агнём непагасным».

Шмат чаго іншага зьвеставаў ён народу, павучаючы яго.
 
Шмат чаго іншага прапаведаваў ён, абвяшчаючы Добрую Навіну народу.

А Ірад тэтрарх, дакараны ім за Ірадыяду, жонку братавую, і за ўсё, што зрабіў Ірад благога,
 
А тэтрарх Ірад, якога Ян дакараў за Ірадыяду, жонку яго брата Філіпа, і за ўсё зло, якое ўчыніў Ірад,

дадаў да ўсяго іншага і тое, што ўвязьніў Яна ў цямніцу.
 
да ўсяго дадаў яшчэ і тое, што замкнуў Яна ў вязніцы.

А калі ахрысьціўся ўвесь народ, і Ісус, ахрысьціўшыся, маліўся, — адчынілася неба,
 
Калі хрысціўся ўвесь народ і калі Езус, прыняўшы хрост, маліўся, раскрылася неба,

і Дух Сьвяты сышоў на Яго ў цялесным вобразе, як голуб, і быў голас зь нябёсаў, які прамовіў: Ты Сын Мой любасны; Цябе Я ўпадабаў!
 
і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб, сышоў на Яго, і быў голас з неба: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я».

Ісус, пачынаючы Сваё служэньне, быў гадоў трыццаці, і быў, як думалі, сын Язэпаў, Іліеў,
 
Езус, пачынаючы служэнне сваё, меў каля трыццаці гадоў і быў, як лічылі, сынам Юзафа, сына Элія,

Мататаў, Левіінаў, Мэлхіеў, Янаеў, Язэпаў,
 
Матата, Левія, Мэльхія, Яная, Юзафа,

Мататыеў, Амосаў, Навумаў, Ясьлімаў, Нагееў.
 
Матація, Амоса, Навума, Эслія, Нагея,

Маатаў, Мататыеў, Сэмяіеў, Язэпаў, Юдаў,
 
Маата, Матація, Сэмэя, Ёсэха, Ёды,

Ёананаў, Рысаеў, Зарававэлеў, Салатыілеў, Нірыеў,
 
Янана, Рэсы, Зарабабэля, Салятыэля, Нэрыя,

Мэлхіеў, Аддзіеў, Касамаў, Элмадамаў, Іраў,
 
Мэльхія, Адзія, Касама, Эльмадама, Эра,

Ёсіеў, Эліезэраў, Ёрымаў, Мататаў, Левіінаў,
 
Езуса, Эліязэра, Ярыма, Матата, Левія,

Сымонаў, Юдаў, Язэпаў, Ёнанаў, Іліякімаў,
 
Сімяона, Юды, Юзафа, Ёнама, Эліяхіма,

Мэлеаеў, Маінанаў, Мататаеў, Натанаў, Давідаў,
 
Мэлея, Мэны, Матата, Натана, Давіда,

Ясэеў, Авідаў, Ваозаў, Салмонаў, Наасонаў,
 
Есэя, Абэда, Бааза, Сальмона, Наасона,

Амінадаваў, Арамаў, Ісромаў, Фарэсаў, Юдаў,
 
Амінадаба, Адміна, Арні, Эзрома, Фарэса, Юды,

Якаваў, Ісакаў, Абрагамаў, Тараў, Нахораў,
 
Якуба, Ісаака, Абрагама, Тарэя, Нахора,

Сэрухаў, Рагаваў, Фалекаў, Івераў, Салаў,
 
Сэруха, Рахаба, Фалека, Эбэра, Салія,

Каінанаў, Арфаксадаў, Сімаў, Ноеў, Ламэхаў,
 
Каінама, Арфаксада, Сэма, Ноя, Ламеха,

Матусалаў, Інохаў, Ярэдаў, Малелеілаў, Каінанаў,
 
Матусала, Эноха, Ярэда, Малелеэля, Каінама,

Іносаў, Сітаў, Адамаў, Божы.
 
Эноса, Сэта, Адама, сына Бога.