Яна 1 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам.
На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
Яно было на пачатку ў Бога:
Яно было ў Бога на пачатку.
усё празь Яго пачалося, і безь Яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць.
Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася.
У Ім было жыцьцё, і жыцьцё было сьвятлом людзей.
У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей.
І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго.
А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго.
Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яму Ян;
З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян.
Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыць пра Сьвятло, каб усе ўверавалі празь Яго;
Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго.
ён ня быў сьвятло, а быў пасланы, каб сьведчыць пра Сьвятло.
Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло.
Было Сьвятло сапраўднае, Якое прасьвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у сьвет.
Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет.
У сьвеце было, і сьвет празь Яго пачаў быць, і сьвет Яго не пазнаў;
У свеце было, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго.
прыйшоў да сваіх, і свае Яго не прынялі;
Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі.
а тым, якія прынялі Яго, веруючым у імя Ягонае, даў уладу быць дзецьмі Божымі,
А тым, якія прынялі Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, што вераць у імя Ягонае,
якія не ад крыві, ні ад хаценьня плоці, ні ад хаценьня мужа, а ад Бога нарадзіліся.
якія не ад крыві, і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся.
І Слова стала плоцьцю, і ўсялілася ў нас, поўнае мілаты і праўды; і мы бачылі славу Ягоную, славу, як Адзінароднага ад Айца.
Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды.
Ян сьведчыць пра Яго і ўсклікаючы кажа: Гэта быў Той, пра Якога я сказаў, што Той, Хто ідзе за мною, апярэдзіў мяне, бо быў раней за мяне.
Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта быў той, пра каго я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне».
І ад паўнаты Яго ўсе мы прынялі і мілату да мілаты;
Бо з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі.
бо закон дадзены праз Майсея, а мілата і праўда сталіся празь Ісуса Хрыста.
Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста.
Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, існы ва ўлоньні Айцовым, Ён адкрыў.
Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў».
І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі прыслалі зь Ерусаліма сьвятароў і лявітаў спытацца ў яго: хто ты?
Вось сведчанне Яна. Калі юдэі з Ерузалема паслалі святароў і левітаў, каб яны спыталіся ў яго: «Хто ты?»
Ён вызнаў і ня выракся, і вызнаў: я ня Хрыстос.
Ён абвясціў, не выракся і вызнаў: «Я не Месія».
І спыталіся ў яго: а што? ты Ільля? Ён сказаў: не. Прарок? Ён адказваў: не.
І спыталіся ў яго: «Дык хто ж? Ты Ілля?» І сказаў: «Не». «Ты прарок?» І ён адказаў: «Не».
Сказалі яму: хто ж ты? каб нам даць адказ тым, што паслалі нас; што ты скажаш пра самога сябе?
Тады сказалі яму: «Хто ты, каб нам адказаць тым, хто паслаў нас. Што гаворыш ты пра самога сябе?»
Ён сказаў: я голас таго, хто кліча ў пустыні: папраўце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая.
Ён сказаў: «Я голас таго, хто кліча ў пустыні: “Раўняйце дарогу Пану”, як сказаў прарок Ісая».
А пасланцы былі з фарысэяў;
А пасланцы былі з фарысеяў.
і яны спыталіся ў яго: што ж ты хрысьціш, калі ты ня Хрыстос, ня Ільля, ні прарок?
І яны спыталіся ў яго: «Тады чаму ты хрысціш, калі ты ні Хрыстус, ні Ілля і ні прарок?»
Ян сказаў ім у адказ: я хрышчу ў вадзе; але стаіць сярод вас Той, Каго вы ня ведаеце;
Ян сказаў ім у адказ: «Я хрышчу вадою. А сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце,
Вось Ён Той, Хто ідзе за мною, але Які апярэдзіў мяне: я ня варты разьвязаць рэмень на абутку Ягоным.
той, хто ідзе за мною, якому я няварты развязаць раменьчык на сандалях Ягоных».
Гэта адбывалася ў Віфавары пры Ярдане, дзе хрысьціў Ян.
Сталася гэта ў Бэтаніі, за Ярданам, дзе хрысціў Ян.
На другі дзень бачыць Ян Хрыста, Які ідзе да яго, і кажа: вось Ягня Божае, Якое бярэ на Сябе грэх сьвету;
На другі дзень убачыў Ян Езуса, які ішоў да яго, і сказаў: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грэх свету.
Гэта Той, пра Якога я сказаў; пасьля мяне прыйдзе Муж, Які існаваў да мяне, бо Ён быў раней зя мяне;
Гэта той, пра якога я сказаў: пасля мяне ідзе Муж, які апярэдзіў мяне, бо Ён быў раней за мяне.
я ня ведаў Яго; але дзеля таго прыйшоў хрысьціць у вадзе, каб Ён зьяўлены быў Ізраілю.
Я не ведаў Яго, але для таго прыйшоў я хрысціць вадою, каб Ён аб’явіўся Ізраэлю».
І сьведчыў Ян, кажучы: я бачыў Духа, што сыходзіў зь неба, як голуб, і быў Ён на Ім;
І засведчыў Ян, кажучы: «Я бачыў Духа, які сыходзіў як голуб з неба і застаўся на Ім.
я ня ведаў Яго; але Той, Хто паслаў мяне хрысьціць у вадзе, сказаў мне: на каго, убачыш, сыходзіць Дух і застаецца на Ім, Той ёсьць — Хто хрысьціць Духам Сьвятым;
Я не ведаў Яго, але той, хто паслаў мяне хрысціць вадою, сказаў мне: “Над кім убачыш Духа, які сыходзіць і застаецца на Ім, той ёсць тым, хто хрысціць Духам Святым”.
і я бачыў і засьведчыў, што Гэты ёсьць Сын Божы.
І я бачыў, і засведчыў, што Ён — Сын Божы».
На другі дзень зноў стаяў Ян і двое вучняў ягоных;
На другі дзень зноў стаяў Ян і двое з вучняў ягоных
і, угледзеўшы Ісуса, Які ішоў, сказаў: вось Ягня Божае.
і, убачыўшы Езуса, які ішоў, сказаў: «Вось Баранак Божы».
Пачуўшы ад яго гэтыя словы, абодва вучні пайшлі за Ісусам.
Пачулі двое вучняў яго, што ён казаў, і пайшлі за Езусам.
А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць, кажа ім: што вам трэба? Яны сказалі Яму: Равьві, — што азначае: настаўнік, — дзе жывеш?
А Езус, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, кажа: «Чаго шукаеце?» Яны сказалі Яму: «Раббі (што азначае “настаўнік”), дзе жывеш?»
Кажа ім: ідзеце, і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і прабылі ў Яго дзень той. Было каля дзясятай гадзіны.
Ён сказаў ім: «Ідзіце і ўбачыце». Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў той дзень. Было каля дзесятай гадзіны.
Адзін з двух, што чулі пра Ісуса ад Яна і што пайшлі сьледам за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.
Адным з двух, якія пачулі ад Яна пра Езуса і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра.
Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: мы знайшлі Месію, што азначае: Хрыстос.
Знайшоўшы спачатку брата свайго Сымона, сказаў яму: «Мы знайшлі Месію (гэта значыць Хрыста)».
І прывёў яго да Ісуса. Ісус зірнуўшы на яго, сказаў: ты Сымон, сын Ёнін; ты назавешся Кіфа, што азначае: камень (Пётр).
І прывёў яго да Езуса. Езус, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты Сымон, сын Яна; ты будзеш названы Кефас», што азначае «Пётр», «скала».
На другі дзень Ісус захацеў ісьці ў Галілею, і знаходзіць Піліпа і кажа яму: ідзі за Мною.
На другі дзень хацеў Езус пайсці ў Галілею. Знайшоўшы Філіпа, сказаў яму: «Ідзі за Мною».
А Піліп быў зь Віфсаіды, з аднаго горада з Андрэем і Пятром.
Філіп быў з Бэтсаіды, з горада Андрэя і Пятра.
Піліп знаходзіць Натанаіла і кажа яму: мы знайшлі Таго, пра Якога пісаў Майсей у законе і прарокі, Ісуса, сына Язэпавага, з Назарэта.
Філіп знайшоў Натанаэля і сказаў яму: «Мы знайшлі таго, пра каго пісалі Майсей у Законе і Прарокі, — Езуса з Назарэта, сына Юзафа».
Але Натанаіл сказаў яму: з Назарэта ці ж можа быць што добрае? Піліп кажа яму: ідзі і паглядзі.
Але Натанаэль сказаў яму: «Ці можа быць штосьці добрае з Назарэта?» Філіп адказаў яму: «Ідзі і паглядзі».
Ісус, убачыўшы Натанаіла, які ішоў да Яго, кажа пра яго: вось, сапраўдны Ізраільцянін, у якім няма зламыснасьці.
Езус, убачыўшы Натанаэля, які ішоў да Яго, кажа пра яго: «Вось сапраўдны ізраэльцянін, у якім няма падману».
Натанаіл кажа Яму: чаму Ты ведаеш мяне? Ісус сказаў яму ў адказ: перш чым паклікаў цябе Піліп, калі ты быў пад смакоўніцаю, Я бачыў цябе.
Натанаэль адказаў Яму: «Адкуль Ты ведаеш мяне?» Езус адказаў яму: «Перш чым Філіп паклікаў цябе, Я бачыў цябе, калі ты быў пад смакоўніцаю».
Натанаіл адказваў Яму: Равьві! Ты — Сын Божы. Ты — Цар Ізраілеў.
Адказаў Яму Натанаэль: «Раббі, Ты Сын Божы! Ты Кароль Ізраэля!»
Ісус сказаў яму ў адказ: ты верыш, бо Я табе сказаў: Я бачыў цябе пад смакоўніцаю; убачыш болей за гэта.
Езус сказаў яму ў адказ: «Ты верыш, бо Я сказаў табе, што бачыў цябе пад смакоўніцаю? Убачыш больш за гэта».
І кажа яму: праўду, праўду кажу вам: ад сёньня будзеце бачыць неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага.
І кажа яму: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба раскрытае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага».