Марка 8 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

У тыя дні, калі сабралася даволі многа народу і ня было чаго есьці, Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім:
 
У тыя дні, як сабралося дужа многа народу і ня ме́лі што е́сьці, Ісус, клíкнуўшы ву́чняў Сваіх, кажа ім:

шкада мне людзей, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне, і няма чаго ім есьці;
 
Шкада Мне́ народу, што ўжо тры дні са Мною і ня ма́е што́ е́сьці.

калі няеўшых адпушчу іх дадому, аслабнуць у дарозе, бо некаторыя зь іх прыйшлі здалёку.
 
І, калі пушчу іх дамоў ня е́ўшы, аслабе́юць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёку.

Вучні Ягоныя адказвалі Яму: адкуль мог бы хто ўзяць тут у пустыні хлябоў, каб накарміць іх?
 
І вучні Ягоныя адказалі Яму: скуль мог бы хто тут у пустыні накарміць іх хле́бам?

І спытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Яны адказалі: сем.
 
І спытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Яны сказалі: се́м.

Тады загадаў людзям узьлегчы на зямлю; і ўзяўшы сем хлябоў і ўзьнёсшы падзяку, пераламаў і даў вучням Сваім, каб яны раздалі; і яны раздалі людзям.
 
І сказаў народу се́сьці на зямлю; і, узяўшы се́м хлябоў ды падзя́каваўшы, паламаў і даў вучням Сваім, каб раздалі; і яны раздалі народу.

Было ў іх і крыху рыбак; дабраславіўшы, Ён загадаў раздаць і іх.
 
І ме́лі яны не́калькі рыбак; і, пабагаславіўшы, сказаў раздаць і тыя.

І елі і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў сем кашоў.
 
І е́лі, і насыціліся, і набралі астаўшыхся кускоў се́м карабоў.

Тых, што елі, было каля чатырох тысяч. І адпусьціў іх.
 
Еўшых жа было каля чатырох тысячаў. І распусьціў іх.

І адразу ўвайшоўшы ў лодку з вучнямі Сваімі, прыплыў у межы Далмануфскія.
 
І, ураз увайшоўшы ў човен з вучнямі Сваімі, прыйшоў у ме́жы Далмануфскія.

Выйшлі фарысэі, пачалі зь Ім спрачацца, і патрабавалі ад Яго азнакі зь неба, спакушаючы Яго,
 
І вы́йшлі фарысэі ды пачалі з Ім спрачацца, дамагаючыся ад Яго знако́ў з не́ба, спакуша́ючы Яго.

і Ён, глыбока ўздыхнуўшы, сказаў: навошта род гэты патрабуе азнакі? праўду кажу вам, ня дасца роду гэтаму азнакі.
 
І Ён, уздыхнуўшы ў душы Сваёй, сказаў: на што род гэты дамагаецца знако́ў? Запраўды́ кажу́ вам, ня будзе да́дзены знак роду гэтаму.

І пакінуўшы іх, зноў увайшоў у лодку і паплыў на той бок.
 
І, пакінуўшы іх, ізноў увайшоў у чо́вен і паплыў на той бок.

Пры гэтым вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлябоў, і акрамя аднаго хлеба ня мелі з сабою ў лодцы.
 
І забыліся ўзяць хле́ба, і ня ме́лі з сабою ў чаўне́ хле́ба, апрача аднаго бо́хана.

А Ён наказаў ім, кажучы: глядзеце, сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і закваскі Ірадавай.
 
Ён загадаў ім: глядзіце, сьцеражы́цеся кісьлі фарысэйскай і кісьлі Ірадавай.

І разважаючы паміж сабою, казалі: гэта азначае, што хлябоў няма ў нас.
 
І разважалі між сабою, кажучы: гэта што хле́ба ня маем.

Ісус, зразумеўшы, кажа ім: што разважаеце пра тое, што няма ў вас хлябоў? няўжо яшчэ ня цяміце і не разумееце? няўжо яшчэ скамянелае ў вас сэрца?
 
І, ве́даючы, Ісус кажа да іх: ці-ж яшчэ ня ця́міце й не разуме́еце? Ці йшчэ скамяне́ўшы ма́еце сэрца вашае?

маючы вочы, ня бачыце? маючы вушы, ня чуеце? і не памятаеце?
 
Маючы вочы, ня бачыце? Маючы вушы, ня чуеце? дый не памятаеце?

калі Я пяць хлябоў разламаў на пяць тысяч чалавек, колькі поўных кашоў набралі вы кавалкаў? Кажуць Яму: дванаццаць.
 
Калі Я пяць хлябо́ў паламаў на пяць тысячаў, колькі поўных карабоў кускоў назьбіралі вы? Кажуць Яму: дванаццаць.

А калі сем на чатыры тысячы, колькі кашоў набралі вы кавалкаў рэшты? Сказалі: сем.
 
А калі се́м для чатырох тысячаў, колькі карабоў назьбіралі вы астаўшыхся кускоў? Сказалі: се́м.

І сказаў ім: як жа яшчэ не разумееце?
 
І сказаў ім: як жа не разуме́еце?

Прыходзіць у Віфсаіду; і прыводзяць да Яго сьляпога, і просяць, каб да яго дакрануўся.
 
І прыходзе да Віфсаіды; і прыводзяць да Яго сьляпога ды просяць, каб дакрану́цца да яго.

Ён, узяўшы сьляпога за руку, вывеў яго зь селішча прэч і, плюнуўшы яму на вочы, усклаў на яго рукі, і спытаўся ў яго: ці бачыць што?
 
І, узяўшы сьляпога за руку, вы́веў яго за сяло і, плюнуўшы яму на вочы, паклаў на яго рукі ды спытаўся, ці што бачыць?

Той, зірнуўшы, сказаў: бачу людзей, што праходзяць, як дрэвы.
 
І той, зірнуўшы, адказаў: бачу людзе́й, што як дрэвы ходзяць.

Потым зноў усклаў рукі на вочы яму, і загадаў яму зірнуць. І ён выздаравеў, і пачаў бачыць усё ясна.
 
Потым ізноў палажыў рукі на вочы яму ды зрабіў, каб бачыў. І паздараве́ў ды стаў бачыць усё ясна.

І паслаў яго дамоў, сказаўшы: не заходзь у селішча і не расказвай нікому ў селішчы.
 
І паслаў яго дамоў, сказаўшы: не захо́дзь у сяло́ і не кажы́ нікому ў сяле́.

І пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў селішчы Кесарыі Піліпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў Сваіх: за каго ўважаюць Мяне людзі?
 
І пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў сёлы Кеса́рыі Піліпавай. І дарогаю Ён пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: за каго лічаць Мяне́ людзі?

Яны адказвалі: за Яна Хрысьціцеля, а другія — за Ільлю, а іншыя — за аднаго з прарокаў.
 
Яны адказалі: за Іоана Хрысьціцеля; другія-ж за Ільлю, а іншыя — за аднаго з прарокаў.

Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне? Пётр сказаў Яму ў адказ: Ты — Хрыстос.
 
Ён жа кажа ім: а вы за каго лічыце Мяне́? І Пётр адказаў Яму, кажучы: Ты — Хрыстос.

І строга наказаў ім, каб нікому не казалі пра Яго.
 
І загадаў ім, каб нікому не гаварылі аб Ім.

І пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы мае адпакутаваць; быць адкінутым старэйшынамі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і забітым быць і на трэйці дзень уваскрэснуць.
 
І пачаў навучаць іх, што трэба, каб Сын Чалаве́чы многа вы́цярпеў, каб адцура́ліся ад яго старшы́ны і архірэі і кніжнікі, ды каб быў забіты і цераз тры дні ўваскро́с.

І гаварыў пра гэта адкрыта. А Пётр, адклікаўшы Яго, пачаў пярэчыць Яму.
 
І гаварыў аб гэтым адкрыта. І Пётр, адклікаўшы Яго, пачаў кары́ць Яго.

А Ён, абярнуўшыся і зірнуўшы на вучняў Сваіх, строга ўшчуў Пятра, сказаўшы: адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае.
 
А Ён, агляну́ўшыся й ба́чучы вучняў Сваіх, забараніў Пятру, сказаўшы: адыдзі ад Мяне́, сатана́, бо думаеш не аб Божым, але аб чалаве́чым.

І паклікаўшы людзей з вучнямі Сваімі, сказаў ім: хто хоча ісьці за Мною, зрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і ідзі за Мною сьледам;
 
І, паклікаўшы народ з вучнямі Сваімі, сказаў ім: хто хочя ісьці за Мною, адракíся ад самога сябе́ і вазьмí крыж свой ды йдзі сьле́дам за Мною;

бо, хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне і Дабравесьця, той уратуе яе;
 
бо хто хоча душу сваю спасьцí, загу́біць яе́; але хто загу́біць душу сваю за Мяне́ і Эва́нгельле, той спасе́ яе́.

бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць?
 
Бо што за кары́сьць чалаве́ку, калі-б здабыў уве́сь сьве́т, а душы́ сваёй шкоду ўчыніў бы?

альбо які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?
 
Або што́ дасьць чалаве́к за душу сваю?

бо, хто пасаромеецца Мяне і Маіх словаў у родзе гэтым распусным і грэшным, таго пасаромеецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго са сьвятымі анёламі.
 
Бо хто пасаро́міцца Мяне́ і Маіх слоў перед родам гэтым блудным ды грэшным, дык і Сын Чалаве́чы пасаро́міцца яго, як пры́йдзе ў славе Айца Свайго з а́нгеламі сьвятымі.