Яна 12 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Віфанію, дзе быў Лазар памерлы, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых.
За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Віфанію, дзе́ быў Лазар умёршы, якога Ён ускрасіў.
Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марфа служыла, а Лазар быў адзін з тых, хто ўзьляжаў зь Ім.
Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марта паслугоўвала, Лазар жа быў сярод супачываўшых з Ім за сталом.
А Марыя, узяўшы фунт каштоўнага чысьцюткага нардавага міра, памазала ногі Ісусу і абцерла валасамі сваімі ногі Яму; і дом напоўніўся пахошчамі міра.
Марыя-ж, узяўшы хунт дарагога чыстага нардовага але́ю, памазала ногі Ісусавы і вы́церла валасамі сваімі ногі Яго, і дом напоўніўся па́хам ад міра
Тады адзін вучань Ягоны, Юда Сымонаў Іскарыёт, які хацеў выдаць Яго, сказаў:
Тады адзін з вучняў Яго, Юда Сымонаў Іскарыёт, які маніўся прадаць Яго, сказаў:
Чаму б не прадаць гэтае міра за трыста дынараў і не раздаць убогім?
чаму не прадалі гэтага але́ю за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?
А сказаў ён гэта не таму, каб парупець за ўбогіх, а таму, што быў злодзей: ён меў пры сабе скарбонку, і насіў, што туды апускалі.
А сказаў жа гэта не дзе́ля таго, што клапаціўся аб убогіх, але дзеля таго, што быў зло́дзей і ме́ў пры сабе́ скарбонку і насіў, што туды кідалі.
А Ісус сказаў: пакіньце яе; яна зьберагла гэта на дзень пахаваньня Майго;
Ісус жа сказаў: пакінь яе́; яна захавала гэта на дзе́нь пахаваньня Майго,
убогіх бо заўсёды маеце з сабою, а Мяне — не заўсёды.
бо ўбогіх заўсёды ма́еце з сабою, а Мяне́ не заўсёды.
Многія Юдэі даведаліся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, а каб пабачыць і Лазара, якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых.
І шмат хто з Жыдоў даве́даўся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, але каб і Лазара пабачыць, што Ён ускрасіў.
А першасьвятары вырашылі забіць і Лазара,
Архірэі-ж пастанавілі забіць і Лазара,
бо празь яго многія Юдэі прыходзілі і веравалі ў Ісуса.
бо дзеля яго многа Жыдоў прыходзілі і ўве́равалі ў Ісуса.
На другі дзень мноства людзей, што прыйшлі на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Ерусалім,
Наза́ўтрае множства народу, які прыйшоў на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе́ ў Ерузалім,
узялі пальмавыя галінкі, выйшлі насустрач Яму і ўсклікалі: асанна! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе, Цар Ізраілеў!
узялі пальмовае ве́цьце і выйшлі на спатканьне Яму і крычэлі: Оса́нна, багасла́ўлен, што йдзе́ ў імя Госпада, Цар Ізраіляў!
А Ісус, знайшоўшы малое асьляня, сеў на яго, як напісана:
Ісус жа, знайшоўшы асьлятка, се́ў на яго, як напісана:
«ня бойся, дачка Сыёнавая! вось, Цар твой ідзе, седзячы на маладым асьляняці».
ня бойся, дачка́ Сыонская! вось Цар твой ідзе́, се́дзячы на маладым асьле́.
Вучні Ягоныя спачатку не зразумелі гэтага; але, калі праславіўся Ісус, тады ўспомнілі, што так было пра Яго напісана, і гэта зрабілі Яму.
Вучні Яго сьпярша не разуме́лі гэтага, толькі, як уславіўся Ісус, тады ўспомнілі, што гэтак было напісана аб Ім, і гэтае зрабілі Яму.
Людзі, якія былі зь Ім раней, сьведчылі, што Ён выклікаў з магілы Лазара і ўваскрэсіў яго зь мёртвых;
Народ жа, які быў з Ім ране́й, сьве́дчыў, што Ён вы́клікаў з магілы Лазара і ўскрасіў Яго.
таму і сустрэў Яго люд, бо чуў, што Ён утварыў гэты цуд.
Вось чаму спаткаў Яго народ, бо чуў, што Ён зрабіў гэты цуд.
А фарысэі гаварылі паміж сабою: ці ж ня бачыце, што не пасьпяваеце анічога? увесь сьвет ідзе за Ім.
Фарысэі-ж гаварылі між сабою: глядзіце, нічога не даб’емся! Уве́сь сьве́т ідзе́ за Ім.
Сярод тых, што прыйшлі на пакланеньне ў сьвята, былі некаторыя Эліны;
Былі-ж і Грэкі сярод прыйшоўшых дзеля адпу́сту ў сьвята.
яны падыйшлі да Піліпа, які быў зь Віфсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: спадару! нам хочацца бачыць Ісуса.
Яны падыйшлі да Піліпа, што быў з Віфсаіды Галіле́йскае, і прасілі яго, кажучы: па́не, нам хочацца бачыць Ісуса.
Піліп ідзе і кажа пра тое Андрэю; і потым Андрэй і Піліп кажуць пра тое Ісусу.
Піліп ідзе́ і кажа аб гэтым Андрэю; і Андрэй з Піліпам наказалі Ісусу.
А Ісус сказаў ім у адказ: прыйшоў час праславіцца Сыну Чалавечаму:
А Ісус сказаў ім у адказ: прыйшла гадзіна ўславіцца Сыну Чалаве́чаму.
Праўду, праўду кажу вам: калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, дык застанецца адно; а калі памрэ, дык уродзіць багата плоду.
Запраўды́, запраўды́ кажу вам: калі пшанічнае зе́рне, упаўшы ў зямлю, не замрэ, то астане́цца адно, а калі замрэ, то дасьць багаты плён.
Хто любіць душу сваю, загубіць яе; а хто ненавідзіць душу сваю ў сьвеце гэтым, захавае яе ў жыцьцё вечнае.
Хто любіць душу сваю, загубіць яе́; і той, што ненавідзіць душу сваю на гэтым сьве́це, захавае яе́ ў жыцьцё ве́чнае.
Хто Мне служыць, Мне няхай сьледуе, і дзе Я, там і слуга Мой будзе; і хто Мне служыць, таго ўпачцівіць Айцец Мой.
Хто Мне́ служыць, няхай ідзе́ Маім шляхам; і дзе́ Я, там і слуга Мой будзе; і хто Мне́ служыць, будзе ў пашане ў Айца Майго.
Душа Мая цяпер узрушылася; і што Мне сказаць? Войча! збаў Мяне ад гадзіны гэтай! але на гэтую гадзіну Я і прыйшоў;
Цяпе́р душа Мая ўзварушана; і што Мне́ сказаць? Ойча, збаў Мяне ад гэтае гадзіны; але-ж дзеля гэтае гадзіны Я і прыйшоў.
Войча! праславі імя Тваё! Тады прыйшоў зь неба голас: і праславіў і яшчэ праслаўлю.
Ойча, услаў імя Тваё! І зыйшоў з не́ба голас: і ўславіў, і яшчэ ўслаўлю.
А люд, што стаяў і чуў тое, казаў: гэта гром. А другія казалі: анёл гаварыў Яму.
Народ, які стаяў і чуў гэтае, казаў: гэта быў гром. Другія казалі: Ангел прамовіў да Яго.
Ісус на гэта сказаў: ня Мне быў голас гэты, а народу;
І адказаў Ісус і сказаў: не дзеля Мяне́ быў гэты голас, але дзеля вас.
сёньня суд сьвету гэтаму; сёньня князь сьвету гэтага выгнаны будзе прэч.
Цяпе́р суд сьве́ту гэтаму; цяпер князь гэтага сьве́ту выгнаны будзе вон.
І калі Я ўзьнесены буду над зямлёю, усіх прыхіну да Сябе.
І Я, як буду падняты з зямлі, усіх прыва́блю да Сябе́.
Гэта казаў Ён, даючы ўразумець, якою сьмерцю Ён памрэ.
Гаварыў жа Ён гэтае, паказуючы, якою сьме́рцяй ме́ўся паме́рці.
Народ адказваў Яму: мы чулі з закона, што Хрыстос жыве вечна; як жа Ты кажаш, што мае быць Сын Чалавечы ўзьнесены? хто Гэты Сын Чалавечы?
Народ адказаў Яму: мы чулі з закону, што Хрыстос істнуе ве́чна; дык як жа Ты кажаш, што мусіць быць падняты Сын Чалаве́чы? Хто гэты Сын Чалаве́чы?
Тады Ісус сказаў ім: яшчэ на кароткі час сьвятло будзе з вамі; хадзеце, пакуль ёсьць сьвятло, каб не абняла вас цемра; а хто ходзіць у цемры, ня ведае, куды ідзе;
І сказаў ім Ісус: яшчэ на кароткі час з вамі сьвятло́; хадзіце, пакуль ма́еце сьвятло́, каб не агарнула вас це́мра; бо хто ходзіць у це́мры, той ня ве́дае, куды йдзе́.
пакуль сьвятло з вамі, верце ў сьвятло, і будзьце сынамі сьвятла. Сказаўшы гэта, Ісус адыйшоў і зьнік ад іх.
Пакуль сьвятло́ з вамі, ве́рце ў сьвятло́, каб сына́мі сьвятла́ сталіся. Сказаўшы гэтае, Ісус адыйшоў і ўкрыўся ад іх.
Столькі цудаў утварыў Ён перад імі, і яны ня веравалі ў Яго,
І, хоць гэтулькі цудаў зрабіў Ён перад імі, яны ня ўве́равалі ў Яго:
хай збудзецца слова Ісаі прарока: Госпадзе! хто паверыў пачутаму ад нас? і каму адкрылася сіла Гасподняя?
каб збылося слова Ісаі прарока, які казаў: Госпадзе! хто паве́рыць пачутаму ад нас, і каму адкрылася рука́ Гасподня? (Ісая 53:1.)
Таму не маглі яны вераваць, што як яшчэ сказаў Ісая,
Дзеля таго не маглі ўве́раваць, што, як ізноў сказаў Ісая:
«народ гэты асьляпіў вочы свае і скамяніў сэрца сваё, хай ня бачаць вачыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх».
Асьляпіў вочы іх і сэрца іх абярнуў у ка́мень, каб ня бачылі вачы́ма і не зразуме́лі сэрцам і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх.
Гэта сказаў Ісая, калі бачыў славу Ягоную і казаў пра Яго.
Гэта сказаў Ісая, калі бачыў сла́ву Яго і гаварыў аб Ім.
Урэшце і з начальнікаў многія ўверавалі ў Яго, але дзеля фарысэяў не прызнаваліся, каб не адлучылі іх ад сынагогі;
Аднак і з начальнікаў многія ўве́равалі у Яго, але дзеля фарысэяў не вызнава́лі Яго, каб ня вы́лучылі іх з школы,
бо палюбілі больш славу чалавечую, чым славу Божую.
бо ўлюбілі бале́й сла́ву людзку́ю, чым сла́ву Бо́жую.
А Ісус абвясьціў, сказаўшы: хто ў Мяне веруе, не ў Мяне веруе, а ў Таго, Хто паслаў Мяне;
Ісус жа крыкнуў і сказаў: хто ве́руе ў Мяне́, не ў Мяне́ ве́руе, але ў Паслаўшага Мяне́.
і хто бачыць Мяне, бачыць Таго, Хто паслаў Мяне.
І хто бачыць Мяне́, бачыць Паслаўшага Мяне́.
Я сьвятлом прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры.
Я сьвятло́м прыйшо́ў у сьве́т, каб кожны, хто ве́руе ў Мяне́, не астаўся ў це́мры.
І калі хто пачуе Мае словы і не паверыць, Я ня суджу яго: бо Я прыйшоў ня судзіць сьвет, а выратаваць сьвет.
І калі хто пачуе Мае́ словы і не паве́рыць, Я ня суджу́ яго: бо Я прыйшоў ня судзіць сьве́т, але спасаць сьве́т.
Хто Мяне адкідае і ня прымае словаў Маіх, мае судзьдзю сабе: слова, якое Я абвяшчаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзень;
Хто адкідае Мяне́ і ня прыймае слоў Маіх, ма́е судзьдзю для сябе́: сло́ва, што Я сказаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзе́нь;
Бо Я гаварыў не ад Сябе; а Айцец, Які паслаў Мяне, Ён даў мне наказ, што сказаць і што гаварыць.
бо не ад Сябе́ казаў Я, але Аце́ц, што паслаў Мяне́, Ён даў Мне́ загад, што́ казаць і гаварыць.
І ведаю Я, што наказ Ягоны ёсьць жыцьцё вечнае. Дык вось, што Я кажу, кажу, як сказаў Мне Айцец.
І ве́даю, што прыказа́ньне Яго ёсьць жыцьцё ве́чнае. Дык тое, што Я гавару, гавару, як сказаў Мне́ Аце́ц, каб гаварыў.