Да Габрэяў 6 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Пасьля, пакінуўшы пачаткі вучэньня Хрыстовага, пасьпяшаймася да дасканаласьці; і ня будзем зноў закладваць аснову да каяньня за мёртвыя дзеі і аснову веры ў Бога,
 
Дык, пакінуўшы пачатак Хрыстовага слова, пасьпяшайма да дасканаласьці, не кладучы ізноў падставы дзеля пакаяньня ад мёртвых дзе́л і ве́ры ў Бога,

вучэньню пра хрышчэньні, пра ўскладаньне рук, пра ўваскрэсеньне мёртвых і пра суд вечны.
 
навукі аб хрышчэньнях, і аб ускладаньні рук, і аб уваскрасе́ньні мёртвых, і аб судзе́ ве́чным.

І гэта зробім, калі Бог дазволіць.
 
І зробім гэтае, калі Бог дазволіць.

Бо немагчыма — тых, што адзін раз пасьвечаныя і паспыталі дару нябеснага, і зрабіліся супольнікамі Духа Сьвятога,
 
Бо немагчыма тых, што раз былі прасьве́чаны, і паспробавалі дару нябе́снага, і сталіся супольнікамі Духа Сьвятога,

і паспыталі добраснага слова Божага і сіл будучага веку,
 
і пакаштавалі добрага слова Божага і сілаў будучага ве́ку

і адпалі, — нанава ўзнаўляць пакаяньнем, калі яны зноў крыжуюць у сабе Сына Божага і паглумляюць Яго.
 
ды адпалі, — ізноў абнаўляць ка́яньнем, калі яны йзноў раскрыжоўваюць у сабе́ Сына Божага і зьдзе́куюцца над Ім.

Зямля, якая піла дождж, што шматкроць на яе ападае, і родзіць збажыну, карысную тым, каму і вырошчваецца, прымае дабраславеньне ад Бога;
 
Бо зямля, якая п’е́ дождж, што часта зыходзе на яе́, і родзіць расьліну, карысную для тых, хто са́дзіць яе́, — дастае́ багаслаўле́ньне ад Бога;

а якая плодзіць церні і бадзякі — няпрыдатная і блізкая да пракляцьця, канец якога — спаленьне.
 
тая-ж, што прыносіць це́рні й пустазе́льле, нікчэмная і блізкая да праклёну: кане́ц яе́ — на спале́ньне.

А што да вас, любасныя, дык мы спадзяёмся, што вы ў лепшым стане і трымаецеся збавеньня, хоць і гаворым так.
 
Мы-ж спадзяе́мся ад вас, умілаваныя, ле́пшага і маючага збаўленьне, хаця й гаворым гэтак.

Бо не несправядлівы Бог, каб забыў дзею вашую і працу любові, якую вы выявілі ў імя Ягонае, паслужыўшы і служачы сьвятым.
 
Бо Бог не несправядлівы, каб забыўся аб дзе́ле вашым і працы любві, якую вы выявілі дзеля іме́ньня Яго, калі служылі і служыце сьвятым.

А жадаем, каб кожны з вас, дзеля поўнай пэўнасьці ў надзеі, выяўляў такую самую руплівасьць да канца;
 
Хочам жа, каб кожны з вас выяўляў такую-ж рупнасьць аб цьвёрдую надзе́ю даканца;

каб вы не разгультаіліся, а пераймалі тых, якія вераю і доўгай цярплівасьцю спадкуюць абяцаньні.
 
каб ня стацца вам лянівымі, але насьлядава́ць тых, што ве́раю і доўгацярплівасьцяй бяруць у спадчыну абяцаньне.

Бог, даючы абяцаньне Абрагаму, калі ня мог нікім вышэйшым прысягнуць, прысягаў Самім Сабою,
 
Бо Бог, прыракаючы Аўрааму, ня маючы клясьціся нікім вышэйшым, кляўся Самым Сабою,

кажучы: «у ісьціне дабраслаўляючы, дабраслаўляю цябе і памнажаючы памножу цябе».
 
кажучы: Запраўдным багаслаўле́ньнем пабагаслаўлю́ цябе́ і, памнажаючы, памножу цябе́ (Быцьцё 22:17).

І так Абрагам цярплівасьцю атрымаў абяцанае.
 
Дык вось (Аўраам), як доўгацярплівы, атрымаў абяцанае.

Людзі прысягаюць вышэйшым, і прысяга на сьведчаньне кладзе канец усякай спрэчцы іхняй.
 
Бо людзі клянуцца вышэйшым, і кожнае спрэчкі між імі кане́ц на сцьвярджэньне — прысяга.

Таму і Бог, хочучы пераважней паказаць спадкаемцам абяцаньня непарушнасьць Сваёй волі, скарыстаўся прысягай,
 
Дзеля гэтага й Бог, хочучы бале́й паказаці насьле́днікам прырачэньня нязьме́ннасьць волі Свае́й, ужыў прысягу,

каб у двух непарушных рэчах, у якіх немагчыма Богу зманіць, моцную ўцеху мелі мы, пастанавіўшы прыняць прызначаную надзею,
 
каб у дзьвёх нязьме́нных рэчах, у якіх для Бога зманіць немагчыма, ме́лі крэпкае пацяшэньне, прыбе́гшы ўзяці надзе́ю, што перад намі ляжыць,

якая для душы ёсьць — быццам якар бясьпечны і моцны, і ўваходзіць усярэдзіну за заслону,
 
якую ма́ем, як я́кар душы, бясьпе́чную, пэўную, і ўваходзіць яна ў самае нутраное за заслону,

куды як наш папярэднік увайшоў Ісус, стаўшыся Першасьвятаром навек па чыне Мелхісэдэка.
 
куды, як наш папярэднік, увайшоў Ісус, стаўшыся Архірэем наве́к паводле уставу Мэльхісэдэкавага.