Выслоўяў Саламонавых 13 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Леаніда Галяка
Мудры сын слухае бацькавых настаўленьняў; а насьмешнік ня слухае засьцярогаў.
Мудры сын прыймае бацькаўскае павучэньне, але буйны ня слухае абвінавачаньняў.
Ад плоду вуснаў сваіх чалавек спажывае дабро, а душа здраднікаў закона — зло.
Кожны будзе спажываць дабро ад плада сваіх рук, але душа ламаючых закон — благая.
Хто захоўвае вусны свае, той захоўвае душу сваю, а хто шырока свой рот разьзяўляе, таму бяда.
Хто сьцеражэ свае вусны, той сьцеражэ сваю душу, а хто шырака адчыняе свае вусны, бяда таму.
Душа гультая жадае, але марна: а душа руплівых насыціцца.
Душа лянівага пажадае, але нічога ня мае, але душа працавітых узбагаціцца.
Праведнік ненавідзіць ілжывае слова, а бязбожны сарамаціць і ганьбіць сябе.
Справядлівы ненавідзіць манлівае слова, а бязбожны ганьбіць і бязчэсьціць сябе.
Праўда ахоўвае беззаганнага ў дарозе, а бязбожнасьць губіць грэшнікаў.
Справядлівасьць сьцеражэ бяззаганнага, а бязбожнасьць губіць грэшнка.
Сёй-той выдае сябе за багатага, а ў яго нічога няма; другі сябе за беднага, а ў яго багацьця многа.
Бываюць такія, што здаюцца быць багатымі, але нічога ня маюць, іншы-ж здаецца быць бедным, хаця мае шмат багацьця.
Багацьцем сваім чалавек адкупляе жыцьцё сваё, а бедны і пагрозы ня чуе.
Сваім багацьцем чалавек выкупляе жыцьцё, а бедны ня чуе і пагрозы.
Сьвятло праведных весела гарыць; а сьветач бязбожных тухне.
Сьвет справядлівых ясны, але паходня бязбожных гасьне.
Ад пыхі паходзіць разлад, а ў тых, што раяцца, — мудрасьць.
Ад гордасьці паўстае звадка, але мудрасьць пры тых, што слухаюцца радаў.
Багацьце ад марнасьці памяншаецца, а хто зьбірае працаю, памнажае яго.
Багацьце блага набытае зьмяншаецца, а той, хто зьбірае працай, памнажае яго.
Надзея, якая доўга ня праўдзіцца, стамляе сэрца, а жаданьне, якое споўнілася, — як дрэва жыцьця.
Даўгая надзея мучае сэрца, споўненае пажаданьне ёсьць дрэвам жыцьця.
Хто пагарджае словам, той робіць шкоду сабе; а хто баіцца запаведзі, будзе ўзнагароджаны.
Хто пагарджае Божым словам, той сам сабе шкодзіць, а хто баіцца запаветаў, атрымлівае ўзнагароду.
Навука ў мудрага — крыніца жыцьця, якая аддаляе ад сьмерці.
Навука мудрага ёсьць крыніцаю жыцьця, аховываючай ад сілы сьмерці.
Добры розум дае зычлівасьць; а дарога бязбожных цьвёрдая.
Добры розум дае прыемнасьць, а шлях хітрых няпрыемны.
Кожны разумны дзее зь веданьнем, а немысель выстаўляе на паказ дурасьць.
Кожны асьцярожны дзеець з ведаю, а дурны выстаўляе сваю дурноту.
Неразумны пасол трапляе ў бяду, а верны пасланец — ратунак.
Благі пасол трапляе ў бяду, а верны пасол — ратунак.
Галеча і ганьба таму, хто пагарджае навукай; а хто трымаецца настаўленьня, пашанаваны будзе.
Беднасьць і ганьба прыйдзе на таго, хто адкідае навуку, а хто выконывае павучэньне будзе слаўны.
Жаданьне, якое споўнілася, — прыемнае душы; агідна неразумнаму ўхіляцца ад зла.
Споўненае пажаданьне прыемнае для душы, а адступіць ад благога непрыемна для дурных.
Хто сябруе з мудрым, будзе мудры; а хто сябруе зь неразумнымі, разбэсьціцца.
Хто бывае з мудрымі, будзе мудры, а хто сябруе з дурнымі — сапсуецца.
Грэшнікаў даганяе зло, а праведнікам дасца дабро.
Грэшнікаў прасьледуе няшчасьцьце, а справядлівых Бог узнагароджывае дабром.
Добры пакідае спадчыну і ўнукам, а багацьце грэшніка зьберагаецца праведнаму.
Добры чалавек пакідае спадчыну дзяцём дзяцей, а маемасьць грэшніка заховываецца для справядлівага.
Шмат хлеба бывае і на палетку ў бедных; але маёмасьць гіне ад бяспраўя.
Шмат збожжа бывае і на ніве бедных, а іншы гіне ад бязпарадку.
Хто шкадуе дубца свайго, той ненавідзіць сына; а хто любіць, той змалку карае яго.
Хто шкадуе сваёй розгі, той ненавідзіць сына, а хто любіць, дык у час карае.
Праведнік есьць да сытасьці, а жывот бязбожных церпіць нястачы.
Справядлівы есьць да сыта, а жывот бязбожных церпіць нястачу.