Лукаша 16 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Сказаў жа і вучням Сваім: адзін чалавек быў багаты і меў упраўніка, на якога данесьлі яму, што распускае маёмасьць ягоную;
 
І Ён казаў таксама [сваім] вучням: Быў адзін багаты чалавек, які меў аканома, і яму данеслі на яго, што той растрачвае яго маёмасць.

і паклікаўшы яго, сказаў яму: што гэта я чую пра цябе?
 
І ён, паклікаўшы яго, сказаў яму: Што гэта я чую пра цябе? Дай рахунак з твайго аканомства, бо ты ўжо не можаш быць аканомам.

Тады ўпраўнік сказаў сам сабе: што мне рабіць? гаспадар мой адбірае ў мяне ўправу над домам: капаць не магу, прасіць саромеюся;
 
Аканом жа сказаў сам сабе: Што мне рабіць, бо мой гаспадар адымае ў мяне аканомства? Капаць не здужаю, жабраваць саромеюся.

ведаю, што зрабіць, каб прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад управы над домам.
 
Ведаю, што зраблю, каб мяне, калі знімуць з аканомства, прынялі ў свае дамы.

І паклікаўшы даўжнікоў гаспадара свайго, кожнага паасобку, сказаў першаму: колькі ты вінен гаспадару майму?
 
І, паклікаўшы паасобку кожнага з даўжнікоў свайго гаспадара, спытаўся ў першага: Колькі ты вінен майму гаспадару?

Той сказаў: сто мераў алею. І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і сядай, хутчэй напішы: пяцьдзясят.
 
І той сказаў: Сто батаў38 алею. — Ён жа сказаў яму: Вазьмі сваю распіску і, сеўшы, хуценька напішы: пяцьдзесят».

Потым другому сказаў: а ты колькі вінен? той сказаў: сто мераў пшаніцы. І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і напішы: восемдзесят.
 
Пасля другому сказаў: А ты колькі вінен? — І той сказаў: Сто кораў39 пшаніцы. — Кажа яму: Вазьмі сваю распіску і напішы: «восемдзесят».

І пахваліў гаспадар упраўніка нявернага, што абачліва зрабіў; бо сыны веку гэтага здагадлівейшыя за сыноў сьвету ў сваім родзе.
 
І пахваліў гаспадар неправеднага аканома, што ён разумна зрабіў; бо сыны гэтага веку разумнейшыя за сыноў святла для свайго пакалення.

І Я кажу вам: набывайце сабе сяброў багацьцем няправедным, каб яны, калі зубожыцеся, прынялі вас у вечныя сялібы.
 
І Я вам кажу: Здабывайце сабе сяброў багаццем40 няправеднага свету, каб, калі яго не стане, яны прынялі вас у вечныя сялібы.

Верны ў малым і ў вялікім верны, а няверны ў малым няверны і ў вялікім.
 
Верны ў найменшым і ў многім верны, а няправедны ў найменшым няправедны і ў многім.

Дык вось, калі вы ў няправедным багацьці ня былі верныя, хто даверыць вам сапраўднае?
 
Дык калі ў няправедным багацці40 не сталі верныя, хто вам праўдзівае даверыць?

І калі ў чужым ня былі верныя, хто дасьць вам вашае?
 
І калі вы ў чужым не сталі верныя, хто вам дасць ваша?

Ніякі слуга ня можа служыць двум гаспадарам, бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаму пачне рупліва дагаджаць, а пра другога ня дбаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне.
 
Ніяк слуга не можа служыць двум гаспадарам: бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога будзе любіць, або аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце Богу служыць і мамоне.

Чулі ўсё гэта і фарысэі, якія былі срэбралюбцы, і яны сьмяяліся зь Яго.
 
І чулі ўсё гэта фарысеі, што былі срэбралюбцы, і насміхаліся з Яго.

Ён сказаў ім: вы аказваеце сябе праведнікамі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя: бо, што высока ў людзей, тое брыдота перад Богам.
 
І Ён сказаў ім: Вы выдаеце сябе за праведных перад людзьмі, але Бог ведае вашы сэрцы; бо высокае ў людзей — брыдота перад Богам.

Закон і прарокі да Яна; з гэтага часу Царства Божае зьвястуецца, і кожны з намогаю ўваходзіць у яго.
 
Закон і прарокі — да Іаана: з таго часу Царства Божае дабравесціцца, і кожны сілаю прабіваецца ў яго.

Але хутчэй неба і зямля мінуцца, чым адна рыска з закону прападзе.
 
Ды лягчэй небу і зямлі прайсці, чым каб прапала адна рыска ў законе.

Кожны, хто разводзіцца з жонкай сваёю і жэніцца зь іншаю, чыніць пералюб; і кожны, хто жэніцца з разьведзенай з мужам, чыніць пералюб.
 
Кожны, хто адпускае сваю жонку і бярэ іншую, чужаложыць, і той, хто бярэ ў жонкі адпушчаную мужам, чужаложыць.

Нейкі чалавек быў багаты, апранаўся ў парфіру і вісон і кожны дзень банкетаваў раскошна.
 
Адзін чалавек быў багаты і апранаўся ў парфіру і вісон і штодня раскошна весяліўся.

Быў таксама нейкі жабрак, на імя Лазар, які ляжаў каля варотаў ягоных ў струпах
 
І адзін убогі, імем Лазар, ляжаў каля яго варотаў, увесь у скуллі

і хацеў накарміцца крошкамі, што падалі са стала багацея, і сабакі праходзілі і лізалі струпы ягоныя.
 
і прагнуў наесціся таго, што падала41 са стала багацея; яшчэ і сабакі прыходзілі і лізалі яго скулле.

Памёр жабрак і ўзьнесены быў анёламі на ўлоньне Абрагамавае; памёр і багаты, і пахавалі яго;
 
І сталася: убогі памёр, і яго аднеслі Анёлы на Аўраамава ўлонне; памёр таксама і багаты, і яго пахавалі.

і ў пекле, ужо ў пакутах, ён узьвёў вочы свае, убачыў удалечыні Абрагама і Лазара на ўлоньні ягоным,
 
І ў пекле, зносячы мукі, узняў ён свае вочы і бачыць здалёку Аўраама і Лазара на яго ўлонні.

і загаласіўшы, сказаў: Войча Абрагаме! умілажалься сэрцам зь мяне і пашлі Лазара, каб умачыў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым.
 
І ён, усклікнуўшы, сказаў: Татухна Аўрааме, злітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб ён абмакнуў канец свайго пальца ў ваду і астудзіў мой язык, бо я мучуся ў гэтым полымі.

Але Абрагам сказаў: дзіця! згадай, што ты атрымаў ужо добраснае тваё ў жыцьці тваім, а Лазар ліхое; і цяпер ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш;
 
Аўраам жа сказаў: Дзіця, успомні, што ты ў сваім жыцці атрымаў сваё добрае, а Лазар гэтак жа ліхое; цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты мучышся.

і звыш таго паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хоча перайсьці адсюль да вас, ня могуць, гэтак сама і адтуль да нас не пераходзяць.
 
І да ўсяго гэтага між намі і вамі ўстаноўлена вялікая прорва, каб тыя, што хочуць перайсці адсюль да вас, не маглі, ані адтуль да нас не пераходзілі.

Тады сказаў ён: дык прашу цябе, войча, пашлі яго ў дом бацькі майго,
 
І ён сказаў: Дык прашу цябе, татухна, пашлі яго ў дом майго бацькі,

бо ў мяне пяць братоў: хай ён засьведчыць ім, каб і яны ня прыйшлі ў гэтае месца пакуты.
 
бо пяць братоў маю, каб ён перасцярог іх, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца мучэння.

Абрагам сказаў яму: у іх ёсьць Майсей і прарокі; хай слухаюцца іх.
 
І кажа [яму] Аўраам: Яны маюць Маісея і прарокаў: няхай слухаюць іх.

А ён сказаў: не, войча Абрагаме! але калі хто зь мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца.
 
А ён сказаў: Не, татухна Аўрааме, але калі хто з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца.

Тады Абрагам сказаў яму: калі Майсея і прарокаў ня слухаюцца, дык, калі б хто і зь мёртвых уваскрэс, не павераць.
 
Ды ён сказаў яму: Калі яны Маісея і прарокаў не слухаюць, то калі б і хто з мёртвых уваскрэс, не параканаюцца.