Дзеі 8 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi
А Саўл ухваляў забойства яго. У тыя дні паўстала вялікае ганеньне на царкву ў Ерусаліме, і ўсе, апрача апосталаў, расьсеяліся па розных месцах Юдэйскіх і Самарыйскіх.
А Саўл ухваляў яго забойства. І ў той дзень адбылося вялікае ганенне на царкву, якая была ў Іерусаліме, і ўсе, акрамя Апосталаў, рассеяліся па абшарах Іудзеі і Самарыі.
А Сьцяпана пахавалі мужы богабаязныя і ўчынілі вялікі плач па ім.
А Стэфана пахавалі набожныя людзі і наладзілі па ім вялікае галашэнне.
А Саўл глуміў царкву і, заходзячы ў дамы і, выцягваючы мужчын і жанчын, аддаваў у цямніцу.
А Саўл знішчаў царкву, уваходзячы ў дамы і цягнучы мужчын і жанчын, аддаваў іх у турму.
А тым часам тыя, што расьсеяліся, хадзілі і зьвеставалі слова.
Рассеяныя ж разышліся, добравесцячы слова.
Так Піліп прыйшоў у горад Самарыйскі і прапаведаваў ім Хрыста;
А Філіп пайшоў у самарыйскі горад і прапаведаваў ім Хрыста.
народ аднадушна слухаў, што гаварыў Піліп, і чуў і бачыў, якія ён тварыў цуды;
І натоўпы аднадушна прымалі тое, што казаў Філіп, слухаючы і бачачы знакі, якія ён рабіў.
бо нячыстыя духі з многіх апанаваных імі выходзілі зь вялікім крыкам, а многія паралізаваныя і кульгавыя ацаляліся.
Бо ў многіх з тых, у кім былі нячыстыя духі, гэтыя духі выходзілі, крычачы гучным голасам, і шмат спаралізаваных і кульгавых выздаравелі.
І была радасьць вялікая ў тым горадзе.
І была вялікая радасць у тым горадзе.
А быў у горадзе адзін чалавек, якога звалі Сымон, які перад тым вядзьмарыў і зьдзіўляў люд Самарыйскі, удаючы зь сябе кагосьці вялікага;
А адзін чалавек імем Сіман жыў у горадзе, займаючыся раней вядзьмарствам і здзіўляючы народ Самарыі, кажучы, што ён сам хтосьці вялікі,
яго слухалі ўсе, ад малога да вялікага, кажучы: гэты ёсьць вялікая сіла Божая.
яго слухалі ўсе ад малога да вялікага, кажучы: Гэты чалавек — сіла Божая, якая завецца Вялікаю.
А слухалі яго таму, што ён доўгі час зьдзіўляў іх чарадзействамі.
А слухалі яго таму, што ён даволі доўгі час здзіўляў іх вядзьмарствам.
Але калі паверылі Піліпу, які зьвеставаў пра Царства Божае і пра імя Ісуса Хрыста, дык хрысьціліся і мужчыны і жанчыны.
А калі яны паверылі Філіпу, які добравесціў пра Царства Божае і імя Ісуса Хрыста, то хрысціліся і мужчыны і жанчыны.
Увераваў і сам Сымон і ахрысьціўшыся не адыходзіў ад Піліпа; і, бачачы, як тварыліся вялікія сілы і азнакі, дзіву даваўся.
А Сіман і сам паверыў і, ахрышчаны, трымаўся Філіпа, і, бачачы, што творацца знакі і вялікія сілы, дзівіўся.
Апосталы, якія былі ў Ерусаліме, пачуўшы, што Самаране прынялі слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна,
А Апосталы ў Іерусаліме, пачуўшы, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Іаана,
якія прыйшоўшы памаліліся за іх, каб прынялі Духа Сьвятога:
якія, прыйшоўшы, памаліліся аб іх, каб тыя атрымалі Святога Духа;
бо Ён ня зыходзіў яшчэ ні на кога зь іх, а толькі былі яны ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса;
бо Ён яшчэ не зыходзіў ні на кога з іх — яны толькі былі ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса.
тады ўсклалі рукі на іх, і яны прынялі Духа Сьвятога.
Тады яны ўскладалі рукі на іх, і тыя атрымлівалі Святога Духа.
А Сымон, убачыўшы, што праз ускладаньне рук апосталаў падаецца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы,
А Сіман, убачыўшы, што праз ускладанне Апосталавых рук даецца [Святы] Дух, прынёс ім грошы,
кажучы: дайце і мне ўладу гэтую, каб той, на каго Я ўскладу рукі, прымаў Духа Сьвятога.
кажучы: Дайце і мне гэтую ўладу, каб той, на каго я ўскладу рукі, атрымаў Святога Духа.
Але Пётр сказаў яму: срэбра тваё хай будзе на згубу з табою, бо ты намысьліў дар Божы здабыць за грошы.
Але Пётр сказаў яму: Серабро тваё няхай з табою будзе ў пагібель, бо ты задумаў дар Божы набыць за грошы;
Няма табе ў гэтым часткі і долі, бо сэрца тваё няслушнае перад Богам;
няма табе ў гэтым ні часткі, ні ўдзелу, бо тваё сэрца не шчырае перад Богам.
дык пакайся ў гэтым грэху тваім і маліся Богу: можа, даруецца табе намысел сэрца твайго;
Дык пакайся ў гэтым сваім зле і малі Госпада28 — ці не даруецца тады табе намер твайго сэрца,
бо бачу цябе поўнага жоўці горкай і ў путах няпраўды.
бо бачу я, што ты поўны жоўці гаркоты і ў путах няпраўды.
А Сымон сказаў у адказ: памалецеся вы за мяне Госпаду, каб не спасьцігла мяне анішто з таго, што вы сказалі.
А Сіман сказаў у адказ: Памаліцеся вы за мяне Госпаду, каб не прыйшло на мяне нічога з таго, што вы сказалі.
А яны, засьведчыўшы і ўзьвясьціўшы слова Гасподняе, пайшлі назад у Ерусалім і ў многіх селішчах Самарыйскіх прапаведавалі Дабравесьце.
Яны ж, засведчыўшы і сказаўшы слова Гасподняе, вярталіся ў Іерусалім і дабравесцілі многім самарыйскім сёлам.
А Піліпу анёл Гасподні сказаў: устань і ідзі на поўдзень, на дарогу, якая вядзе зь Ерусаліма ў Газу, на тую, якая пустая.
Анёл жа Гасподні прамовіў да Філіпа, кажучы: Устань і ідзі на поўдзень на дарогу, якая спускаецца з Іерусаліма ў Газу, яна пустэльная.
Ён устаў і пайшоў; і вось, муж Эфіопскі, кажэнік, вяльможа Кандакіі, царыцы Эфіопскай, ахоўца ўсіх яе скарбаў, які прыязджаў у Ерусалім на пакланеньне,
І ён устаў і пайшоў. І вось, адзін эфіоп, еўнух, вяльможа Эфіопскай царыцы Кандакі, які быў пастаўлены над усімі яе скарбамі, прыязджаў для пакланення ў Іерусалім,
вяртаўся і, седзячы на калясьніцы сваёй, чытаў прарока Ісаю.
і цяпер вяртаўся і, седзячы ў сваёй калясніцы, чытаў прарока Ісаію.
Дух сказаў Піліпу: падыдзі і прыстань да гэтае калясьніцы.
І Дух сказаў Філіпу: Падыдзі і прымкні да гэтай калясніцы.
Піліп падышоў і, пачуўшы, што ён чытае прарока Ісаю, сказаў: ці разумееш, што чытаеш?
І Філіп, падбегшы, пачуў, што той чытае прарока Ісаію, і запытаўся: Ці ты сапраўды разумееш тое, што чытаеш?
Ён сказаў: як магу разумець, калі хто не наставіць мяне? І папрасіў Піліпа ўзысьці і сесьці зь ім.
І ён сказаў: Як жа я магу разумець, калі хто-небудзь не растлумачыць мне? — І ён папрасіў Філіпа падняцца і сесці з ім.
А месца зь Пісаньня, якое ён чытаў, было гэтае: «як авечку, вялі Яго на закол, і, як ягня, перад стрыгалём ягоным, маўчыць, так Ён не размыкаў вуснаў Сваіх;
А месца з Пісання, якое ён чытаў, было такое: «Як авечку на зарэз, вялі Яго і як ягня безгалосае перад тым, хто стрыжэ яго, так Ён не раскрывае Сваіх вуснаў.
у прыніжэньні Яго суд Ягоны адбыўся, а род Яго хто высьветліць? бо забіраецца ад зямлі жыцьцё Ягонае».
У [Яго] прыніжэнні Яго суд быў адняты; род жа Яго хто вызначыць? Бо забіраецца з зямлі Яго жыццё».
А кажэнік сказаў Піліпу ў адказ: прашу цябе сказаць: пра каго прарок кажа гэта? ці пра сябе, ці пра каго іншага?
І, адказваючы, еўнух сказаў Філіпу: Прашу цябе, пра каго прарок кажа гэта? Пра самога сябе ці каго іншага?
Піліп разамкнуў вусны свае і, пачаўшы з гэтага Пісаньня, апавядаў яму пра Ісуса.
І Філіп адкрыў вусны свае і, пачаўшы з гэтага Пісання, дабравесціў яму Ісуса.
Тым часам, едучы па дарозе, яны прыехалі да вады, і кажэнік сказаў: вось, вада: што перашкаджае мне ахрысьціцца?
І, едучы дарогаю, яны пад’ехалі да нейкай вады, і еўнух кажа: Вось вада, што перашкаджае мне хрысціцца?
А Піліп сказаў яму: калі верыш ад шчырага сэрца, можна. Той сказаў у адказ: веру, што Ісус ёсьць Сын Божы.
[І Філіп сказаў яму: Калі верыш ад усяго сэрца, то дазваляецца. — І ён сказаў у адказ: Веру, што Ісус Хрыстос — Сын Божы.]
І загадаў спыніць калясьніцу; і сышлі абодва ў ваду, Піліп і кажэнік; і ахрысьціў яго.
І ён загадаў спыніць калясніцу і абодва зышлі ў ваду: і Філіп, і еўнух, — і ён ахрысціў яго.
А калі яны выйшлі з вады, Дух Гасподні падхапіў Піліпа, і кажэнік ужо ня бачыў яго, і паехаў сваёю дарогаю, радуючыся.
І калі яны выйшлі з вады, Дух [Святы зышоў на еўнуха, а Анёл] Гасподні забраў Філіпа, і еўнух больш не бачыў яго, бо ён паехаў сваёю дарогаю, радуючыся.
А Піліп апынуўся ў Азоце і, як праходзіў, зьвеставаў усім гарадам, пакуль прыйшоў у Кесарыю.
А Філіп апынуўся ў Азоце і, праходзячы, дабравесціў усім гарадам, пакуль не прыйшоў у Кесарыю.