Дзеі 9 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi
А Саўл, яшчэ дышучы грозьбамі і забойствам на вучняў Гасподніх, прыйшоў да першасьвятара
А Саўл, яшчэ дыхаючы пагрозаю і забойствам на вучняў Гасподніх, прыйшоў да першасвятара
і выпрасіў у яго пісьмы ў Дамаск сынагогам, каб, калі знойдзе каго, хто сьледуе гэтаму вучэньню, і мужчын і жанчын, зьвязаўшы, прыводзіць у Ерусалім.
і папрасіў у яго лісты ў Дамаск да сінагогаў, каб, калі ён знойдзе якіх-небудзь людзей, што належаць да Дарогі, — мужчын і жанчын, — прывесці іх звязанымі ў Іерусалім.
Калі ж ён ішоў і набліжаўся да Дамаска, раптам асьвятліла яго зьзяньне зь неба;
І калі ён ішоў і набліжаўся да Дамаска, то раптам вакол яго зазіхацела святло з неба
ён упаў на зямлю і пачуў голас, які казаў яму: Саўле, Саўле, што ты гоніш Мяне?
і, упаўшы на зямлю, ён пачуў голас, які казаў яму: Саўле, Саўле, чаму ты гоніш Мяне?
Ён сказаў: хто Ты, Госпадзе? А Гасподзь сказаў: Я Ісус, Якога ты гоніш. Цяжка табе ісьці супраць ражна.
І ён сказаў: Хто Ты, Госпадзе? — А Ён29: Я Ісус, Якога ты гоніш; [Цяжка табе ісці супроць ражна! — І ён, дрыжачы і жахаючыся, спытаўся: Госпадзе, што хочаш, каб я зрабіў? — І Госпад да яго:]
Ён, у страху і жудасьці, сказаў: Госпадзе! што загадаеш мне рабіць? І Гасподзь сказаў яму: устань ды ідзі ў горад; і сказана будзе табе, што табе трэба рабіць.
Устань і ўвайдзі ў горад, і табе будзе сказана, што ты павінен рабіць.
А людзі, якія ішлі зь ім, стаялі здраньцьвелыя, чуючы голас, але нічога ня бачачы.
А людзі, што ішлі з ім, стаялі знямелыя, чуючы голас, але нікога не бачачы.
Саўл падняўся зь зямлі, і з расплюшчанымі вачыма нікога ня бачыў; і павялі яго за руку і прывялі ў Дамаск;
І Саўл падняўся з зямлі і хоць яго вочы былі расплюшчаны, ён нічога30 не бачыў. І яго, ведучы за руку, прывялі ў Дамаск.
і тры дні ён ня бачыў, і ня еў і ня піў.
І ён тры дні не бачыў; і не еў ён і не піў.
У Дамаску быў адзін вучань, якога звалі Ананія; і Гасподзь, зьявіўшыся, сказаў яму: Ананія! Той сказаў: я, Госпадзе.
А ў Дамаску быў адзін вучань імем Ананія, і Госпад сказаў яму ў з’явенні: Ананія! — І той сказаў: Вось я, Госпадзе.
А Гасподзь сказаў яму: устань ды ідзі на вуліцу, так званую Простую, і спытайся ў Юдавым доме Тарсяніна, якога завуць Саўл: ён цяпер моліцца
Госпад жа яму: Устань і пайдзі на вуліцу, якая называецца Простая і расшукай у Іудавым доме тарсяніна імем Саўл, бо якраз ён моліцца,
і бачыў ва ўяве мужа, імем Ананія, які прыйшоў да яго і ўсклаў на яго руку, каб ён зноў бачыў.
і ён убачыў [у з’явенні], як чалавек імем Ананія ўвайшоў да яго, і ўсклаў на яго рукі, каб ён стаў бачыць.
Ананія адказваў: Госпадзе! Я чуў ад многіх пра гэтага чалавека, колькі ліха зрабіў ён сьвятым Тваім у Ерусаліме;
Але Ананія адказаў: Госпадзе, я чуў ад многіх пра гэтага чалавека, колькі ліхога ўчыніў ён Тваім святым у Іерусаліме;
і тут мае ад першасьвятароў уладу вязаць усіх, хто заклікае імя Тваё.
і тут ён мае ўладу ад першасвятароў звязаць усіх, хто заклікае Тваё імя.
Але Гасподзь сказаў яму: ідзі, бо ён ёсьць Мой выбраны посуд, каб абвяшчаць імя Маё перад народамі і царамі і сынамі Ізраілевымі;
Але Госпад сказаў яму: Ідзі, бо для Мяне ён абраны інструмент, каб панесці Маё імя перад язычнікамі, і царамі, і перад сынамі Ізраілевымі;
і Я пакажу яму, колькі ён мусіць адпакутаваць за імя Маё.
і Я пакажу яму, колькі ён павінен адпакутаваць за Маё імя.
Ананія пайшоў і ўвайшоў у дом і, усклаўшы на яго рукі, сказаў: браце Саўле! Гасподзь Ісус, што зьявіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, паслаў мяне, каб ты зноў бачыў і напоўніўся Духам Сьвятым.
І Ананія пайшоў і ўвайшоў у гэты дом, і, усклаўшы на яго рукі, сказаў: Саўле, браце, Госпад паслаў мяне — Ісус, што з’явіўся табе на дарозе, якою ты ішоў, — каб ты бачыў і напоўніўся Святым Духам.
І адразу нібы луска апала з вачэй ягоных, і раптам ён зноў пачаў бачыць і, устаўшы, ахрысьціўся
І адразу ж нібы луска адпала з яго вачэй, і ён пачаў бачыць, і ўстаў, і быў ахрышчаны.
і, паеўшы, умацаваўся. І быў Саўл некалькі дзён з вучнямі ў Дамаску;
І, пад’еўшы, ён падужэў. І прабыў з вучнямі ў Дамаску некалькі дзён.
і адразу пачаў прапаведаваць у сынагогах пра Ісуса, што Ён ёсьць Сын Божы.
І адразу ж ён пачаў у сінагогах прапаведаваць Ісуса — што Ён ёсць Сын Божы.
І ўсе, хто чуў, зьдзіўляліся і казалі: ці ня той гэта самы, які гнаў у Ерусаліме тых, што заклікалі імя гэтае, ды і сюды прыйшоў па тое, каб вязаць іх і весьці да першасьвятароў?
І ўсе, хто чуў, здзіўляліся і казалі: Ці гэта не той, хто знішчаў у Іерусаліме тых, якія заклікалі гэтае Імя, і сюды ці не для таго прыйшоў, каб прывесці іх звязанымі да першасвятароў?
А Саўл усё больш і больш умацоўваўся і бянтэжыў Юдэяў, якія жылі ў Дамаску, даводзячы, што Гэты ёсьць Хрыстос.
А Саўл ўсё больш набіраўся моцы і прыводзіў у замяшанне іудзеяў, што жылі ў Дамаску, даказваючы, што Гэты ёсць Хрыстос.
А як мінула даволі часу, Юдэі змовіліся забіць яго.
А калі мінула даволі дзён, іудзеі змовіліся забіць яго;
Але Саўл дазнаўся пра гэты намысел іхні; а яны дзень і ноч пільнавалі каля брамы, каб забіць яго.
але Саўлу стаў вядомы іх намер. А яны пільнавалі каля брамы дзень і ноч, каб забіць яго;
А вучні ўначы, узяўшы яго, спусьцілі з мура ў кашы.
але яго вучні, узяўшы ўначы, спусцілі яго цераз мур, апусціўшы ў кашы.
Саўл прыйшоў у Ерусалім і стараўся прыстаць да вучняў; але ўсе баяліся яго, ня верачы, што ён вучань.
І, прыбыўшы ў Іерусалім, ён спрабаваў прыстаць да вучняў, але ўсе баяліся яго, не верачы, што ён вучань.
А Варнава, узяўшы яго, прыйшоў да апосталаў і расказаў ім, як на дарозе ён бачыў Госпада, і што сказаў яму Гасподзь, і як ён у Дамаску адважна прапаведаваў у імя Ісуса.
Варнава ж, узяўшы яго, прывёў да Апосталаў і расказаў ім, як Саўл убачыў на дарозе Госпада і што Ён казаў яму, і як у Дамаску ён адважна выступіў у імя Ісуса.
І заставаўся ён зь імі, уваходзячы і выходзячы, у Ерусаліме, і адважна прапаведаваў імя Госпада Ісуса.
І ён разам з імі ўваходзіў і выходзіў у Іерусаліме, адважна прамаўляючы ў імя Госпада [Ісуса];
Гутарыў ён таксама і спрачаўся з Эліністамі; а яны замахі рабілі забіць яго.
і ён гаварыў і спрачаўся з эліністамі, а яны спрабавалі забіць яго.
Браты, даведаўшыся пра гэта, адправілі яго ў Кесарыю і правялі ў Тарс.
Але браты, даведаўшыся, адвялі яго ў Кесарыю і адаслалі яго ў Тарс.
А цэрквы па ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі былі ў спакоі, удасканальваючыся і ходзячы ў страху Гасподнім, і ў суцяшэньні Сьвятога Духа множыліся.
Дык царква31 па ўсёй Іудзеі, Галілеі і Самарыі мела мір і стваралася; і, ідучы наперад у страху перад Госпадам і ў суцяшэнні Святога Духа, прымнажалася.
Сталася, што Пётр, абыходзячы ўсіх, зайшоў да сьвятых, якія жылі ў Лідзе;
І сталася, што Пётр, праходзячы праз усе тыя землі, прыйшоў і да святых, якія жылі ў Ліддзе.
Там знайшоў ён аднаго чалавека, якога звалі Энэй, што ўжо восем гадоў ляжаў у пасьцелі ў палярушы.
І ён знайшоў там аднаго чалавека імем Эней, які восем гадоў ляжаў у ложку — ён быў паралізаваны.
Пётр сказаў яму: Энэй! ацаляе цябе Ісус Хрыстос; устань з пасьцелі тваёй. І той адразу ўстаў.
І Пётр сказаў яму: Эней, цябе выздараўляе Ісус Хрыстос; устань і засцялі сваю пасцель. — І ён адразу ўстаў.
І бачылі ўсе яго, хто жыў у Лідзе і ў Сароне, якія і навярнуліся да Госпада.
І яго ўбачылі ўсе, што жылі ў Ліддзе і Сароне; яны і далучыліся да Госпада.
У Ёпіі была адна вучаніца, якую звалі Тавіта, што азначае: Сарна; яна была поўная добрых учынкаў і чыніла шмат міласьціны.
А ў Іопіі была адна вучаніца імем Тавіфа (што ў перакладзе азначае «сарна» ); яна была поўная добрых учынкаў і міласцінаў, якія яна рабіла.
Сталася тымі днямі, што занядужала і памерла; яе абмылі і паклалі ў сьвятліцы.
І сталася, што ў тыя дні яна захварэла і памерла; і яе абмылі і паклалі ў верхнім пакоі.
А як што Ліда недалёка ад Ёпіі, дык вучні, дачуўшыся, што Пётр там, паслалі да яго двух чалавек прасіць, каб ён не забавіўся прыйсьці да іх.
А таму што Лідда была паблізу Іопіі, вучні, пачуўшы, што Пётр знаходзіцца ў ёй, паслалі да яго двух чалавек, просячы: Не марудзь прыйсці да нас.
Пётр устаў і пайшоў зь імі; і калі ён прыйшоў, увялі яго ў сьвятліцу, і ўсе ўдовы ў сьлёзах сталі перад ім, паказваючы кашулі і сукенкі, якія рабіла Сарна, жывучы зь імі.
І Пётр устаў і пайшоў з імі; калі ён прыбыў, яго ўвялі ў верхні пакой, і ўсе ўдовы сталі каля яго, плачучы і паказваючы сподняе і верхняе адзенне, якое рабіла Сарна, калі была з імі.
Пётр выслаў усіх з пакоя і, укленчыўшы, памаліўся і, зьвярнуўшыся да цела, сказаў: Тавіта! устань. І яна расплюшчыла вочы свае і, убачыўшы Пятра, села.
І Пётр, выправіўшы ўсіх, і, стаўшы на калені, памаліўся і, павярнуўшыся да цела, сказаў: Тавіфа, устань. — І яна расплюшчыла вочы і, убачыўшы Пятра, села.
Ён, падаўшы ёй руку, падняў яе і, паклікаўшы сьвятых і ўдоваў, паставіў яе перад імі жывую.
І ён, падаўшы ёй руку, падняў яе; і, паклікаўшы святых і ўдоваў, ён паставіў перад імі яе жывою.
Гэта стала вядома па ўсёй Ёпіі, і многія ўверавалі ў Госпада.
І гэта стала вядомым па ўсёй Іопіі, і многія ўверавалі ў Госпада.
І шмат дзён перабыў ён у Ёпіі ў нейкага Сымона-гарбара.
І сталася, што ён даволі шмат дзён заставаўся ў Іопіі ў аднаго гарбара Сімана.