1 Пятра 1 разьдзел

Першае пасланьне Пятра
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Пётр, апостал Ісуса Хрыста, прышэльцам, расьсеяным у Поньце, Галятыі, Кападокіі, Асіі і Віфініі, выбраным
 
Пётр, Апостал Ісуса Хрыста, — прышэльцам, рассеяным у Понце, Галатыі, Кападокіі, Асіі і Віфініі, выбраным

паводле веданьня Бога Айца, пры асьвячэньні ад Духа, на паслушэнства і акрапленьне Крывёю Ісуса Хрыста: мілата вам і мір хай памножацца!
 
паводле прадбачання Бога Бацькі ў асвячэнні Духам да паслухмянасці і акраплення Крывёю Ісуса Хрыста: Ласка вам і мір няхай памножыцца!

Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, што зь вялікай Сваёй міласьці адрадзіў нас праз уваскрэсеньне Ісуса Хрыста зь мёртвых да жывое надзеі,
 
Дабраславёны Бог і Бацька нашага Госпада Ісуса Хрыста, Які праз Сваю вялікую міласць адрадзіў нас да жывой надзеі ўваскрэсеннем Ісуса Хрыста з мёртвых,

да спадчыны нятленнай, чыстай, неўвядальнай, захаванай на нябёсах вам,
 
да спадчыны нятленнай, беззаганнай і неўвядальнай, што захоўваецца ў нябёсах для вас,

сілаю Божаю празь веру ахаваным на ратаваньне, якое гатова адкрыцца ў апошні час.
 
сілаю Божай праз веру ахаваных для выратавання, гатоваму адкрыцца ў апошні час.

З гэтага радуйцеся, пасмуткаваўшы цяпер крыху, калі трэба, ад розных спакусаў,
 
Аб гэтым радуйцеся, пасмуткаваўшы цяпер крыху, калі трэба, ад розных спакусаў,

каб выпрабаваная вера вашая сталася каштоўнейшаю за пагібельнае, хоць і вагнём прабаванае золата, на пахвалу і гонар і славу пры зьяўленьні Ісуса Хрыста,
 
каб выпрабаваная ваша вера сталася шмат каштоўнейшай, чым золата, якое гіне, хоць і выпрабоўваецца ў агні, для пахвалы, і славы, і гонару пры з’яўленні Ісуса Хрыста,

Якога, ня бачыўшы, любіце, і Якога, дагэтуль ня бачачы, але веруючы ў Яго, прымаеце з радасьцю нявымоўнаю і слаўнаю,
 
Якога вы, хоць не бачылі, любіце, у Якога вы, хоць цяпер Яго не бачыце, верыце і захапляецеся радасцю невыказнаю і поўнай славы.

дасягаючы нарэшце вераю вашаю выратаваньня душ;
 
дасягаючы мэты вашай веры — выратавання душ.

якраз гэтага выратаваньня датычыліся вышукі і дасьледаваньні прарокаў, якія прадказвалі вызначаную вам мілату,
 
Пра гэта выратаванне рабілі пошукі і даследаванні прарокі, якія прадказвалі аб прызначанай вам ласцы,

дасьледуючы, на каторы і на які час паказваў існы ў іх Дух Хрыста, калі Ён прадвяшчаў Хрыстовыя цярпеньні і славу, якая прыйдзе пасьля іх;
 
даследуючы, калі ці на якую пару паказваў Дух Хрыста, Які быў у іх, і Які загадзя сведчыў пра Хрыстовы пакуты і пра славу пасля іх.

ім адкрыта было, што ня ім самім, а нам служыла тое, што цяпер абвешчана вам празь зьвеставальнікаў Духам Сьвятым, пасланым зь нябёсаў, у што хочуць пранікнуць анёлы.
 
Ім было адкрыта, што не ім самім, а вам1 служыла ўсё гэта, што цяпер абвешчана вам праз тых, хто дабравесціў вам Святым Духам, пасланым з неба, у што прагнуць пранікнуць Анёлы.

Таму, (любасныя), аперазаўшы сьцёгны розуму вашага, чуваючы, майце поўную надзею на падаваную вам мілату ў зьяўленьні Ісуса Хрыста.
 
Таму, падпаясаўшы паясніцу вашага розуму, вы цвярозыя, ускладзіце поўную надзею на ласку, якая прыпадзе вам пры з’яўленні Ісуса Хрыста.

Як паслухмяныя дзеці, ня кіруйцеся ранейшымі пажаданьнямі, якія былі ў няведаньні вашым,
 
Як паслухмяныя дзеці не падстройвайцеся пад ранейшыя пажадлівасці, калі вы былі ў няведанні,

а на прыклад Сьвятога, Які паклікаў вас, і самі будзьце сьвятыя ва ўсіх учынках;
 
а на ўзор Святога, Які заклікаў вас, і самі будзьце святымі ва ўсіх паводзінах,

бо напісана: «будзьце сьвятыя, бо Я сьвяты».
 
бо напісана: «Будзьце святымі, бо Я святы».

І калі вы называеце Айцом Таго, Які бяз увагі на асобы судзіць кожнага паводле дзеяў, дык са страхам праводзьце час вандраваньня вашага,
 
І калі вы называеце Бацькам Таго, Хто без аглядкі на асобы судзіць кожнага паводле ўчынкаў, то ў страху праводзьце той час, у які вы жывяце як прышэльцы,

ведаючы, што ня прахлым срэбрам ці золатам выкуплены вы з марнага жыцьця, перададзенага вам ад бацькоў,
 
ведаючы, што не тленным срэбрам альбо золатам, вы былі выкуплены ад вашага марнага жыцця, перададзенага ад бацькоў,

а каштоўнай Крывёю Хрыста, як беспахібнага і чыстага Ягняці,
 
а каштоўнаю Крывёю Хрыста, як беззаганнага і незаплямленага Ягняці,

Які наканаваны быў яшчэ да стварэньня сьвету, але зьявіўся ў апошні час вам,
 
прадвызначанага да заснавання свету, і Ён з’явіўся ў апошнія часы дзеля вас,

якія ўверавалі празь Яго ў Бога, Які ўваскрэсіў Яго зь мёртвых і даў Яму славу, каб вы мелі веру і надзею на Бога.
 
якія ўверавалі праз Яго ў Бога, Які ўваскрэсіў Яго з мёртвых і даў Яму славу, так каб ваша вера і надзея была на Бога .

Паслушэнствам ісьціне праз Духа ачысьціўшы душы вашыя да некрывадушнага браталюбства, няспынна любеце адно аднаго ад чыстага сэрца,
 
Ачысціўшы вашы душы паслухмянасцю праўдзе [праз Духа] для некрывадушнага браталюбства, ад [чыстага] сэрца шчыра любіце адзін аднаго,

як адроджаныя ня з тленнага насеньня, а ад нятленнага, ад слова Божага, жывога і нязбытнага давеку.
 
бо вы адроджаны не ад тленнага насення, але ад нятленнага, праз жывое і трывалае [навекі] слова Божае.

Бо ўсякая плоць — быццам трава, і ўсякая слава людзкая — быццам квет на траве, засохла трава — квет ейны апаў;
 
Бо кожнае цела — як трава, і ўся слава яго2 — як кветка травы; засохла трава, і кветка апала,

а слова Гасподняе вечна жыве. А гэта ёсьць тое слова, якое вам абвешчана.
 
а слова Гасподняе застаецца навекі. І гэта тое слова, якое дабравешчана вам.