Да Габрэяў 12 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi
Таму і мы, маючы вакол сябе такую хмару сьведкаў, скінем зь сябе ўсякі цяжар і грэх, які аблытвае нас, і цярпліва будзем праходзіць праз поле змаганьня, якое ляжыць перад намі,
Таму і мы, маючы вакол сябе такое воблака сведкаў, адкладзём ўсялякі цяжар і грэх, што так лёгка нас аблытваў, і давайце пабяжым з вытрымкаю забег, які перад намі,
гледзячы на Пачынальніка і Спраўцу веры, Ісуса, Які, дзеля радасьці, што была перад Ім, прыняў крыж, пагардзіўшы ганьбаю, і сеў праваруч трона Божага.
гледзячы на Пачынальніка і Завяршальніка веры Ісуса, Які замест радасці, што была перад Ім, вытрымаў крыж, пагрэбаваўшы ганьбаю, і сеў праваруч трона Божага.
Падумайце пра Таго, Хто перацерпеў такі над Сабою глум ад грэшнікаў, каб вам не зьнемагчы і не паслабіцца душамі вашымі.
Параўнайце з сабою Таго, Хто вытрымаў такую варажнечу супроць Сябе з боку грэшнікаў, каб вы не знемагліся, аслабеўшы вашымі душамі.
Вы яшчэ не да крыві змагаліся, адольваючы грэх,
Вы яшчэ не да крыві супраціўляліся, змагаючыся супроць граху,
і забылі суцяшэньне, якое прапануецца вам, як сынам: «Сыне мой! не пагрэбуй караю Гасподняй і не маркоціся, калі Ён выкрывае цябе.
і забыліся пра тую навуку, якая гаворыцца вам, як сынам: «Сыне мой, не грэбуй караю Гасподняю і не знемагай, калі Ён выкрывае цябе;
Бо Гасподзь, каго любіць, таго і карае; а б’е кожнага сына, якога прымае».
бо Госпад, каго любіць, таго карае, а бічуе кожнага сына, якога прымае».
Калі вы прымаеце кару, дык Бог учыняе з вамі, як з сынамі. Бо ці ёсьць які сын, якога б не караў бацька.
Калі вы церпіце кару, то Бог абыходзіцца з вамі, як з сынамі. Бо ці ёсць такі сын, якога не карае бацька?
Калі ж застаяцеся без пакараньня, якое ўсім агульнае, дык вы — няпраўныя дзеці, а ня сыны.
Калі ж вы застаяцеся без кары, супольнікамі якой сталі ўсе сыны, то вы — незаконныя дзеці, а не сыны.
Прытым, калі мы, караныя цялеснымі бацькамі нашымі, баяліся іх, дык ці ж не намнога больш павінны скарыцца Айцу духаў, каб жыць?
Прытым, калі мы мелі цялесных нашых бацькоў, якія нас каралі, і мы іх паважалі; то ці не нашмат больш будзем мы слухацца Бацькі духаў і жыць?
Тыя каралі нас самохаць на некалькі дзён; а Гэты — дзеля карысьці, каб мы мелі супольнасьць у сьвятасьці Ягонай.
Бо яны каралі на некалькі дзён, як ім здавалася патрэбным, Ён жа — дзеля нашай карысці, каб нам прычасціцца Яго святасці.
Усякае пакараньне ў цяперашні час здаецца ня радасьцю, а журбою; але пасьля навучаным празь яе дае мірны плод праведнасьці.
Усялякае ж пакаранне ў цяперашні час здаецца не радасцю, а смуткам; але пасля яно дае мірны плён праведнасці тым, што праз яго напрактыкаваліся.
Таму «ўмацуйце зьняможаныя рукі й калені»
Таму выпрастайце апушчаныя рукі і аслабелыя калені,
і «хадзеце проста нагамі вашымі, каб кульгавае ня збочыла, а лепшае выправілася».
і рабіце прамыя сцежкі вашым нагам, каб кульгавая нага не была вывіхнута, а лепш было б вылечана.
Старайцеся мець мір з усімі і сьвятасьць, безь якое ніхто не пабачыць Госпада.
Імкніцеся да міру з усімі і да асвячэння, без якога ніхто не ўбачыць Госпада,
Сачэце, каб хто ня страціў мілаты Божае; каб які «горкі корань, калі вырасьце, не нарабіў шкоды», і каб ім не апаганіліся многія»;
назіраючы за тым, каб хто-небудзь не адпаў ад ласкі Божай, каб які-небудзь корань гаркаты, вырастаючы ўгору, не турбаваў вас і не апаганіліся праз яго многія,
каб ня было паміж вамі якога распусьніка, альбо бязбожніка, які, нібы Ісаў, за адну ежу адмовіўся ад свайго першародства.
каб не было між вамі якога распусніка ці бязбожніка, як Ісаў, які за адну страву аддаў свае правы першародства.
Бо вы ведаеце, што пасьля таго ён, хочучы ўспадкаваць дабраславеньне, быў адкінуты; ня мог перамяніць думак бацькі, хоць і прасіў за тое сьлёзна.
Бо вы ведаеце, што і пасля, хочучы атрымаць у спадчыну добраславенне, ён быў адкінуты; бо ён не знайшў месца пакаянню, хоць шукаў яго са слязьмі.
Вы падступіліся не да гары, да якой можна дакрануцца, і ўспалымнёнай вагнём, не да цемры і змроку і буры,
Бо вы падышлі не да гары, якую можна памацаць і якая гарыць агнём, ні да цемры, і змроку, і буры,
не да трубнага гуку і голасу словаў, пры якім слухачы прасілі, каб ніякіх словаў ім больш не казалі,
і гуку трубнага, і голасу слоў, з-за якога слухачы прасілі, каб ім не было сказана больш ні слова;
бо яны не маглі вытрываць таго, што запавядалася: «калі і зьвер дакранецца да гары, будзе пабіты камянямі, (альбо пацэлены стралою);
бо яны не маглі выцерпець таго, што ім было загадана: «Калі нават звер дакранецца да гары, ён будзе ўкаменаваны [або працяты стралою]».
і такое вусьцішнае было гэта зьявішча, што і Майсей сказаў: «я ў страху і ў трымценьні».
І такое страшнае было гэтае відовішча, што Маісей сказаў: «Я ў страху і ў трымценні».
Але вы падступіліся да гары Сіёна і да горада Бога жывога, да нябеснага Ерусаліма і да процьмы анёлаў,
Але вы падышлі да гары Сіён і да горада жывога Бога, нябеснага Іерусаліма; і да мірыядаў Анёлаў, усеагульнага9 сходу;
да пераможнага сабора і Царквы першынцаў, напісаных на нябёсах, і да Судзьдзі ўсіх Бога, і да духаў праведнікаў, якія дасягнулі дасканаласьці,
і да царквы першародных, запісаных у нябёсах; і да Бога, Суддзі ўсіх; і да духаў праведнікаў, што дасяглі дасканаласці;
і да Заступніка новага запавета Ісуса, і да Крыві акрапленьня, якая гаворыць лепей, ніж Авелева.
і да Ісуса, Пасрэдніка новага запавету, і да Крыві акраплення, якая кажа нешта лепшае, чым кроў Авеля.
Глядзеце, не адвярнецеся і вы ад прамоўцы. Калі тыя, ня слухаўшы прамоўцы на зямлі, не пазьбеглі кары, дык тым болей не пазьбегнем мы, калі адвернемся ад Прамоўцы зь нябёсаў;
Глядзіце, не адмаўляйцеся слухаць Таго, Хто гаворыць, бо калі не пазбеглі кары тыя, што адмовіліся слухаць Таго, Хто засцерагаў іх на зямлі, то тым больш не пазбегнем мы, калі адвернемся ад Таго, Хто перасцерагае з нябёсаў,
чый голас тады пахіснуў зямлю, і Які цяпер даў такое абяцаньне: «яшчэ раз скалану ня толькі зямлю, але і неба».
чый голас тады пахіснуў зямлю, а цяпер Ён паабяцаў, кажучы: «Яшчэ раз Я пахісну не толькі зямлю, але і неба».
Словы «яшчэ раз» азначаюць зьмену таго, што скаланаецца, як створанага, каб заставалася непахісным.
І гэта: «Яшчэ раз» паказвае на перамену расхістанага, як створанага, каб заставалася непахіснае.
І вось мы, прымаючы Царства непахіснае, будзем захоўваць мілату, якою будзем служыць у спадабаньне Богу, з багавейнасьцю і страхам,
Таму, прымаючы непахіснае царства, давайце будзем мець ласку, якою будзем служыць даспадобы Богу з ушанаваннем і страхам,
таму што Бог наш ёсьць «вагонь, які паядае».
таму што наш Бог ёсць агонь знішчальны.