Мацьвея 24 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
І выйшаўшы, Ісус ішоў ад храма. І прыступілі вучні Ягоныя, каб паказаць Яму будынкі храма.
І, выйшаўшы, Ісус ішоў ад сьвятыні і падышлі да Яго вучні Ягоныя, каб паказаць Яму будыніны сьвятыні.
Ён жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэта? Праўду кажу вам: не застанецца тут каменя на камені; усё будзе разбурана.
Ісус-жа ў адказ сказаў ім: «Бачыце ўсё гэта? Папраўдзе кажу вам: Не астанецца тут каменя на камені — усё будзе разбурана».
Калі ж сядзеў Ён на гары Аліўнай, дык прыступілі да Яго вучні асобна, кажучы: скажы нам, калі гэта будзе? і якая азнака Твайго прыходу і сканчэньня веку?
Калі-ж сядзеў Ён на гары Аліўнай, прыступілі да Яго вучні Ягоныя насамоце, кажучы: Скажы нам, калі гэта станецца, і якія адзнакі Твайго прыйсьця й канца сьвету?
І ў адказ Ісус сказаў ім: глядзеце, каб хто вас ня ўвёў у зман;
Ісус сказаў ім у адказ: «Сьцеражэцеся, каб хто не зманіў вас.
бо многія прыйдуць пад імем Маім і будуць казаць: «я Хрыстос», — і многіх увядуць у зман.
Бо шматлікія прыйдуць пад імем Маім і будуць гаварыць: Я Хрыстос і многіх абмануць.
Таксама пачуеце пра войны і ваенныя чуткі. Глядзеце, не жахайцеся; бо павінна ўсё тое быць. Але гэта яшчэ не канец:
Таксама пачуеце пра войны й пагалоскі пра войны; глядзеце, не трывожцеся, бо належыць усяму гэтаму стацца, але гэта яшчэ не канец.
бо паўстане народ на народ і царства на царства; і будзе голад і пошасьці, і землятрусы месцамі.
Бо паўстане народ на народ і гаспадарства на гаспадарства, і будуць галадоўлі, паморы й землятрасеньні мясцамі.
А ўсё гэта — болесны пачатак.
Але гэта ўсё — пачатак гора.
Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас; і вы будзеце зьненавіджаныя ўсімі народамі за імя Маё.
Тады будуць выдаваць вас на пакуту, і будуць забіваць вас, і будзеце ў нянавісьці сярод усіх народаў дзеля імя Майго.
І тады спакусяцца многія; і адзін аднаго будуць выдаваць, і зьненавідзяць адзін аднаго;
І тады спакусяцца многія, і адзін аднаго будуць выдаваць і ненавідзець адзін аднаго.
і многія ілжэпрарокі паўстануць і ўвядуць у зман многіх;
І шмат фальшывых прарокаў паўстане й спакусяць многіх.
і ад памнажэньня беззаконьня ахалоне любоў у многіх;
І ад пашырэньня беззаконьня выгасае любоў.
а хто выцерпіць да канца, уратуецца.
Хто-ж выцерпіць да канца, той збавёны будзе.
І абвешчана будзе гэтае Дабравесьце Царства па ўсім сьвеце, на сьведчаньне ўсім народам; і тады прыйдзе канец.
І абвешчана будзе гэтае Евангельле Ўладарства па ўсім сьвеце дзеля сьведчаньня ўсім народам, і тады (будзе) канец.
Дык вось, калі ўгледзіце брыдоту спусташэньня, пра якую сказана праз прарока Данііла, якая паўстане на сьвятым месцы, — хто чытае, хай разумее, —
Вось-жа, калі ўбачыце агіду спусташэньня, пра якую гаварыў прарок Даніла, што паўстане на сьвятым месцы (няхай стане розуму таму, хто чытае).
тады хто будзе ў Юдэі, хай уцякаюць у горы;
Тады, хто ў Юдэі, няхай бяжыць у горы.
і хто на даху, той хай ня сыходзіць узяць што-небудзь з дома свайго;
А хто на страсе, няхай не зыходзіць узяць штось з дому свайго.
і хто ў полі, той хай не вяртаецца назад, каб узяць вопратку сваю.
І хто на полі, няхай не вяртаецца назад узяць адзеньне сваё.
Гора ж цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні!
Гора-ж цяжарным і карміцелькам немаўлят у дні тыя.
Малецеся, каб ня сталіся ўцёкі вашы зімою, альбо ў суботу;
Дык малецеся, каб не давялося вам уцякаць узімку ці ў сыботу.
бо тады будзе вялікі смутак, якога ня было ад пачатку сьвету да сёньня, і ня будзе.
Бо тады будзе гора вялікае, якога не было ад пачатку сьвету аж дагэтуль, і ня будзе.
І калі б не скараціліся тыя дні, дык не ўратавалася б ніякая плоць; але дзеля выбраных скароцяцца тыя дні.
І калі-б не скараціліся дні тыя, то не ўхавалася-б ніводнае цела, але дзеля выбраных скароцяцца дні тыя.
Тады калі хто скажа вам: «вось, тут Хрыстос», альбо «там», — ня верце;
Тады, калі-б хто сказаў вам: Вось тут Хрыстос ці там — ня верце.
бо паўстануць ілжэхрысты ды ілжэпрарокі і дадуць азнакі і вялікія цуды, каб увесьці ў зман, калі ўдасца, і выбраных.
Бо паўстануць лжэхрысты й фальшывыя прарокі і пакажуць вялікія знаменьні й цуды, каб спакусіць, калі магчыма, і выбраных.
Вось, Я наперад сказаў вам.
Вось Я наўперад сказаў вам.
Значыцца, калі скажуць вам: «вось Ён у пустыні», — ня выходзьце; «вось, Ён у патайных пакоях», — ня верце;
Дык калі скажуць вам: Вось Ён у пустыні — не выходзьце; вось Ён у скрытым пакоі — ня верце.
бо, як маланка бліскае з усходу і відна бывае аж да захаду, такі будзе прыход Сына Чалавечага;
Бо, як маланка зыходзіць з усходу й зіхаціць аж да заходу, так будзе прыйсьце Сына Чалавечага.
бо дзе будзе труп, там зьбяруцца арлы.
Бо дзе-б ні быў труп, там зьбяруцца й арлы.
І раптам, пасьля смутку дзён тых, сонца памеркне, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі спадуць зь неба, і сілы нябесныя пахіснуцца;
І зараз па вялікай бядзе дзён тых сонца зьмеркне, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоры зь неба спадуць, і сілы нябесныя зрушацца.
і тады зьявіцца азнака Сына Чалавечага на небе; і тады заплачуць усе плямёны зямныя і ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках нябесных зь сілаю і славаю вялікай;
Тады зьявіцца знаменьне Сына Чалавечага на небе, і тады заплачуць усе плямёны зямныя, і угледзяць Сына Чалавечага, ідучага на воблаках нябесных зь сілаю й славаю вялікаю.
і пашле анёлаў Сваіх з трубою громагучнаю, і зьбяруць выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краю нябёсаў да краю іх.
І пашле ангелаў сваіх з гучным голасам трубаў, і зьбяруць выбраных Яго ад чатырох вятроў, ад аднаго краю неба да другога.
Ад смакоўніцы вазьмеце падабенства: калі гольле яе ўжо мякчэе і пускае лісьце, ведаеце, што блізка лета;
Ад смакоўніцы вазьмеце прыклад: калі галінкі яе распускаюцца й выпускаюць лісьце, то ведаеце, што блізка ўжо лета.
так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзьвярах.
Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што ўжо блізка, пры дзьвярах.
Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як усё тое будзе;
Запраўды, кажу вам: Не праміне род гэты, як усё гэта станецца.
неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць;
Неба й зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.
а пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, ні анёлы нябесныя, а толькі Айцец Мой адзін;
Дня таго й гадзіны ня ведае ніхто, ані Ангелы нябесныя, а толькі Айцец Мой Адзіны.
але як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага,
Як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага.
бо як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,
Бо як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся й замуж выходзілі, да таго дня, калі ўвайшоў Ной у судно.
і не разумелі, пакуль ня прыйшоў патоп і не забраў усіх, — так будзе і прыход Сына Чалавечага;
І ня ведалі, пакуль ня прыйшоў патоп і ня зьнішчыў усіх; гэтак будзе і ў прыход Сына Чалавечага.
тады будуць двое на полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца;
Тады, калі на полі будуць двое, адзін бярэцца, а другі пакідаецца.
дзьве будуць малоць у жорнах: адна возьмецца, а другая пакінецца.
Будуць дзьве пры жорнах малоць — адна бярэцца, другая пакідаецца.
Дык чувайце ж, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Гасподзь ваш прыйдзе.
Дык чувайце, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе.
Але гэта вы знаеце, што калі б ведаў гаспадар дома, у якую варту прыйдзе злодзей, дык чуваў бы і ня даў бы падкапаць дома свайго.
Ведама-ж вам, што калі-б гаспадар дому ведаў, у якую старожу ночы прыйдзе злодзей, ён тады вартаваў-бы, і ня даў-бы падкапацца пад свой дом.
Таму і вы будзьце гатовыя, бо ў якую гадзіну ня думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.
Дык будзьце прыгатаванымі й вы, бо ў неспадзяваную для вас гадзіну прыйдзе Сын Чалавечы.
Хто ж верны і разумны раб, якога гаспадар ягоны паставіў над слугамі сваімі, каб даваў ім ежу ў свой час?
Хто-ж верны й разумны слуга, якога гаспадар паставіў у доме сваім, каб даваць яду людзям у сваім часе.
Дабрашчасны той раб, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы застане, што робіць так;
Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар дому, прыйшоўшы, застане робячы належна.
праўду кажу вам, што над усім маёнткам сваім паставіць яго.
Папараўдзе кажу вам, над усёй маёмасьцяй сваёй паставіць яго.
А калі скажа ліхі раб той ў сэрцы сваім: «ня хутка прыйдзе гаспадар мой»,
Калі благі слуга скажа сам сабе: «Не сьпяшаецца гаспадар мой»; і пачне біць сяброў сваіх ды есьці й піць з п’яніцамі —
і пачне біць субратоў сваіх, і есьці і піць з п’яніцамі, —
Тады прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень нечаканы, і ў гадзіну, яму няведамую.
дык прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае,
І адлучыць яго, і прыдзеліць яму лёс разам з крывадушнікамі, там будзе плач і скрыгат зубоў.
і разатне яго напалам, і вызначыць яму аднолькавую долю з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгат зубоў.