Мацьвея 5 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
Убачыўшы люд, Ён узышоў на гару; і калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя.
Убачыўшы грамады народу, Ён узыйшоў на гару, і калі сеў, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя.
І, адкрыўшы вусны Свае, Ён вучыў іх, кажучы:
І, расчыніўшы вусны Свае, навучаў іх, прамаўляючы:
Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябеснае.
«Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Уладарства Нябеснае.
Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.
Шчасьлівыя плачучыя, бо яны ўсьцешацца.
Дабрашчасныя лагодныя, бо яны ўспадкуюць зямлю.
Шчасьлівыя лагодныя, бо яны ўнасьледуюць землю.
Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца.
Шчасьлівыя спрагненыя і смаглыя праўды, бо яны задаволяцца.
Дабрашчасныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць.
Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны памілаваны будуць.
Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
Дабрашчасныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца.
Шчасьлівыя міратворцы, бо яны Сынамі Божымі названыя будуць.
Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябеснае.
Шчасьлівыя прасьледаваныя за праўду, бо іх ёсьць Уладарства Нябеснае.
Дабрашчасныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зьневажаць за Мяне.
Шчасьлівыя — калі будзеце зганеныя, выгнаныя й злосна абвінавачаныя з-за Мяне.
Радуйцеся і весялецеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі.
Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода вашая вялікая ў нябёсах; гэтак-жа прасьледавалі й прарокаў, якія былі перад вамі.
Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, дык чым асоліш яе? Яна ўжо ні на што ня прыдатная, хіба што выкінуць яе прэч на патаптаньне людзям.
Вы — соль зямлі; калі ж соль страціць солкасьць, чым пасаліць яе? Нічога ня будзе вартая — толькі высыпаць вон на затаптаньне людзьмі.
Вы — сьвятло сьвету: ня можа схавацца горад, які стаіць на версе гары.
Вы — сьвятло сьвету. Ня можа быць схаванае места, калі стаіць на гары.
І запаліўшы сьвечку, ня ставяць яе пад пасудзінаю, а на сьвечніку, і сьвеціць усім, хто ў доме.
І ня ставяць запаленага сьвяцільніка пад пасудзіну, але на падстаўцы, каб сьвяціла ўсім, хто ў доме.
Так няхай сьвеціць сьвятло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах.
Няхай-жа гэтак сьвеціць сьвятло ваша прад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага Нябеснага.
Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць закон, альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а зьдзейсьніць.
Ня думайце, што прыйшоў Я зьвяргаць закон і прарокаў; ня зьвергнуць прыйшоў Я, але выканаць.
Бо праўду кажу вам: пакуль ня мінецца неба і зямля, ані ёта адна, ані рыска адзіная ня мінецца з закона, пакуль ня збудзецца ўсё.
Бо запраўды кажу вам: дакуль не праміне неба й зямля, ніводная ёта, ніводна рыса ня здымецца з закону, пакуль ня споўніцца ўсё.
Дык вось, хто парушыць адну з запаведзяў гэтых найменшых і навучыць гэтак людзей, той найменшым назавецца ў Царстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Царстве Нябесным.
Дык хто-б парушыў адзін з гэтых найменшых запаветаў і гэтак навучаў людзей, той найменшым названы будзе у Валадарстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім названы будзе у Валадарстве Нябесным.
Бо, кажу вам, калі праведнасьць ваша не пераважыць праведнасьці кніжнікаў і фарысэяў, дык ня ўвойдзеце вы ў Царства Нябеснае.
Бо кажу вам: калі праведнасьць ваша не ўзьнімецца над кніжнікамі й фарысеямі, ня ўвойдзіце ў Валадарства Нябеснае.
Вы чулі, што сказана продкам: «не забівай; а хто заб’е, падпадае суду».
Вы чулі, што гаворана было даўней: Не забівай, а хто заб’е, падлягае суду.
А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падпадае суду; хто ж бо скажа брату свайму «пусты чалавек», падпадае сынедрыёну; а хто скажа «неразумны», падпадае геене вогненнай.
Я-ж кажу вам: Кожны, хто дарэмна злуецца на брата свайго, падлягае суду; а хто скажа брату свайму «дурань», падлягае суду вышэйшаму; хто-ж скажа «вар’ят», падлягае гэене агнявой.
Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супроць цябе,
Вось-жа, калі ты прынясеш дар свой да ахвярніка й там прыпомніш, што брат твой нешта мае супраць цябе,
пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі сьпярша памірыся з братам тваім, і тады прыйдзі і прынясі дар твой.
— пакінь там дар твой прад ахвярнікам і пайдзі пагадзіся перш з братам тваім, і тады, прыйшоўшы, ахвяруеш дар твой.
Мірыся з праціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе зь ім, каб не аддаў цябе праціўнік судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе слузе, і ня ўкінуў цябе ў цямніцу;
Хутчэй пагаджайся з праціўнікам сваім, пакуль ты зь ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў-бы цябе слузе, і ня ўкінулі-б цябе ў цямніцу.
праўду кажу табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта.
Запраўды, кажу табе, ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга граша.
Вы чулі, што сказана продкам: «Ня чыні пералюбу».
Вы чулі, што гаворана было даўней — не блудадзейнічай.
А Я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю, ужо ўчыніў пералюб зь ёю ў сэрцы сваім.
Я-ж кажу вам: кожны, хто глядзіць на жанчыну з жаданьнем яе, ужо блудадзейнічае з ею ў сэрцы сваім.
Калі ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлесаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.
Калі ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: лепш табе страціць адзін орган цела твайго, чым усё цела тваё будзе ўкінута ў агонь пякельны.
І калі правая твая рука спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлесаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.
І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе: лепш табе страціць адзін сустаў цела твайго, чым усё цела тваё будзе ўкінутае ў пекла.
Сказана таксама, што, калі хто разьвядзецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй разводны ліст.
А Я вам кажу: кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да пералюбу; і хто ажэніцца з разьведзенай, той чыніць пералюб.
Таксама было сказана: Калі хто разводзіцца з жонкаю сваю, апрача віны блудедзеяньня, той даводзіць яе да блудадзеяньня; і хто з разводкаю жэніцца, той блудадзейнічае.
Зноў жа чулі вы, што сказана продкам: «Не давай ілжывай прысягі, а выконвай прад Госпадам прысягі твае».
Яшчэ чулі вы, што было сказана даўней, не прысягай фальшыва, але выпаўняй прад Богам прысягі твае.
А Я вам кажу: не прысягай зусім: ні небам, бо яно — Трон Божы;
А Я кажу вам: Не прысягайце ніяк: ані на небе, бо яно пасад Божы;
ні зямлёю, бо яна падножжа нагам Ягоным; ні Ерусалімам, бо ён горад Вялікага Цара;
Ані на зямлю, бо яна падножжа ног Ягоных; ані на Ерусалім, бо ён — горад вялікага караля.
ні галавою тваёю не прысягай, бо ня можаш ніводнай валасінкі зрабіць белаю альбо чорнаю.
І на галаву тваю не прысягай, бо ня можаш ніводнага воласу зрабіць белым або чорным.
А хай будзе слова ваша: «так — так», «не — не»; а што звыш гэтага, тое ад ліхога.
Але няхай будзе слова вашае: так, так — не, не; а што больш — тое ад злога.
Вы чулі, што сказана: «Вока за вока, і зуб за зуб».
Вы чулі, што было сказана: вока за вока, зуб за зуб.
А Я кажу вам не працівіцца злому. Калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую;
Я-ж кажу вам: Не супраціўляйцеся злому, але калі хто ўдарыць у правую шчаку тваю, павярні да яго й другую.
і калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і вопратку;
А калі хто хоча судзіцца з табой за вопратку тваю, аддай яму й сарочку.
і калі хто цябе змусіць ісьці зь ім адно попрышча, ідзі зь ім два.
І калі хто змушае цябе ісьці зь ім адзін прагон, ідзі зь ім два.
Таму, хто просіць у цябе, дай і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся.
Хто просіць у цябе — дай; і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся.
Вы чулі, што сказана: «Любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго».
Вы чулі, што сказана: Любі бліжняга твайго й ненавідзь ворага твайго.
А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых;
Я-ж кажу вам: Любіце ворагаў вашых, ласкавы будзьце да тых, хто кляне вас, дабро тварэце ненавідзячым вас і малецеся за крыўдзячых вас;
каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах; бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных.
Каб сталіся вы сынамі Айца вашага Нябеснага, бо Ён воліць сонцу свайму ўсходзіць і над добрымі й над благімі, і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.
Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж ня тое самае робяць і мытнікі?
Бо, калі вы любіце тых, якія вас любяць, якую ўзнагароду маеце? Ці-ж ня тое робяць і мытнікі?
І калі вы вітаеце братоў вашых толькі, што асаблівага робіце? Ці ж ня гэтак тое самае робяць і язычнікі?
І, калі вы вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівае творыце? Ці-ж ня гэтак робяць і пагане?
Дык вось, будзьце дасканалыя, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.
Дык будзьце-ж і вы дасканалымі, як Айцец ваш Нябесны дасканалы ёсць.