Марка 13 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
І калі выходзіў Ён з храма, кажа Яму адзін вучань Ягоны: Настаўнік! паглядзі, якія камяні і якія будынкі!
I калі Ён выходзіў з храму, адзін з вучняў Яго кажа Яму: «Вучыцель! Глядзі якія камяніцы й якія будынкі».
Ісус сказаў яму ў адказ: бачыш гэтыя вялікія будынкі? усё гэта будзе разбурана, так што не застанецца тут каменя на камені.
Ісус у адказ сказаў яму: «Ці бачыш гэтыя велічныя будынкі? Не застанецца тут каменя на камені, якія-б ня былі разбураны».
І калі Ён сядзеў на гары Аліўнай насупраць храма, пыталіся ў Яго асобна Пётр і Якаў, і Ян і Андрэй:
I калі Ён сядзеў на гары Аліўнай, насупраць храму, пыталіся ў Яго на самоце Пётра й Якуб і Ян і Андрэй:
скажы нам, калі гэта будзе, і якая прыкмета, калі ўсё гэта павінна стацца?
«Скажы нам, калі гэта будзе, і якая азнака таго, калі гэта ўсё павінна стацца»?
Адказваючы ім, Ісус пачаў гаварыць: глядзеце, каб хто вас ня ўвёў у зман;
Ісус у адказ ім пачаў гаварыць: «Сьцеражэцеся, каб хто не спакусіў вас.
бо многія прыйдуць пад імем Маім, і будуць казаць, што гэта Я, і многіх увядуць у зман.
Бо шматлікія прыйдуць пад імём Маім, і будуць гаварыць, што гэта Я, і многіх зьвядуць.
А як пачуеце пра войны і пра ваенныя чуткі, не жахайцеся: бо павінна тое быць: але гэта яшчэ не канец.
Калі-ж пачуеце пра войны ці разгалосы пра войны, ня бойцеся, — належыць гэтаму быць, але гэта яшчэ не канец.
Бо паўстане народ на народ, і царства на царства; і будуць землятрусы па месцах, і будуць галады і смуты. Гэта пачатак хвароб.
Бо паўстане народ на народ і дзяржава на дзяржаву, і будуць землятрусы мясцамі й галадоўлі й закалоты, — гэта пачатак злыбедаў».
Але вы зважайце на сябе: бо вас будуць выдаваць у судзілішчы, і біць у сынагогах, і перад валадарамі і царамі паставяць вас за Мяне, на сьведчаньне перад імі.
«Высьцерагайцеся-ж вы самі, бо выдаваць будуць вас у судзілішчы, і будзеце бітыя ў сынагогах, ды пастаўлены будзеце прад правіцелямі і ўладарамі за Мяне, на сьветчаньне ім.
І ўсім народам наперад павінна быць абвешчана Дабравесьце.
І ўсім народам перад гэтым мае быць абвешчана Евангельле.
Калі ж павядуць выдаваць вас, ня турбуйцеся загадзя, што вам сказаць, і не абдумвайце; а што дадзена будзе вам у тую часіну, тое і кажэце, бо ня вы будзеце гаварыць, а Дух Сьвяты.
Калі-ж павядуць вас, выдаючы, ня турбуйцеся загадзя, што вам гаварыць, і не разважайце, але, што вам будзе дадзена у той час, тое гаварэце, бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Сьвяты.
І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька дзяцей; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб’юць іх.
І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька дзіця, і паўстануць дзеці на бацькоў сваіх і забіваць іх будуць.
І будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё; а хто перацерпіць да канца, уратуецца.
І будуць ненавідзець вас усе за Імя Маё; хто-ж выцерпіць да канца, збавёны будзе.
А калі ўгледзіце брыдоту спусташэньня, пра якую сказана праз прарока Данііла, якая паўстане, дзе ня трэба, — хто чытае, хай разумее, — тады хто будзе ў Юдэі, хай уцякаюць у горы;
Калі-ж пабачыце агіду спусташэньня, пра якую казаў прарок Даніель, паўсталую дзе не павінна быць — хто чытае, няхай разумее — тады, хто ў Юдэі, няхай бягуць у горы.
а хто на даху, той ня сыходзь у дом і не ўваходзь узяць што-небудзь з дому свайго;
А хто на страсе, няхай ня злазіць у дом, і не ўваходзіць узяць чаго-небудзь з дому свайго.
і хто ў полі, не вяртайся назад узяць вопратку сваю.
А хто на полі, няхай не варачаецца ўзяць вопратку сваю.
Гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні.
Гора цяжарным і карміцелькам немаўлят у тыя дні.
Малецеся, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою.
Малецеся-ж, каб не давялося ўцякаць вам узімку.
Бо ў тыя дні будзе такі смутак, якога ня было ад пачатку стварэньня, якое ўчыніў Бог, нават да сёньня, і ня будзе.
Бо ў дні тыя будзе такая бяда, якой ня было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе.
І калі б Гасподзь не скараціў тых дзён, дык не ўратавалася б ніякая плоць; але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скароціць тыя дні.
Калі-б Госпад не скараціў дзён тых, не ўхавалася-б ніводнае цела, але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скараціў дні тыя.
Тады, калі хто вам скажа: «вось, тут Хрыстос», альбо: «вунь, там», — ня верце.
Тады, калі хто вам скажа: вось тут Хрыстос, — ці — вось там, — ня верце.
Бо паўстануць ілжэхрысты ды ілжэпрарокі, і дадуць азнакі і цуды, каб увесьці ў зман, калі магчыма, і выбраных.
Бо паўстануць ілжывыя Хрысты ды ілжывыя прарокі, ды пакажуць знаменьні й цуды, каб зьвясьці, калі змога, нават і выбраных.
А вы зважайце. Вось, Я наперад сказаў вам усё.
Вы-ж сьцеражэцеся; вось Я наперад сказаў вам усё».
Але ў тыя дні, пасьля смутку таго сонца памеркне, і месяц ня дасьць сьвятла свайго;
Але ў тыя дні, пасьля скрухі тэй, сонца зацьміцца, і месяц ня дасьць сьвятла свайго.
і зоркі спадуць зь неба, і сілы нябесныя пахіснуцца.
I зоры будуць падаць зь неба, і сілы нябесныя зрушацца.
Тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках у сіле моцнай і ў славе.
I тады ўбачаць Сына Чалавечага ідучага на хмарах, зь сілаю вялікаю й славаю.
І тады Ён пашле анёлаў Сваіх і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі і да краю неба.
I тады пашле ангелаў Сваіх і зьбярэ выбраных Сваіх, ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.
Ад смакоўніцы вазьмеце падабенства: калі гольле ейнае ўжо мякчэе і пускае лісьце, дык ведайце, што блізка лета;
Ад смакоўніцы вазьмеце прыклад: калі галінкі яе мякчэюць, і распускаецца лісьце, ведайце, што набліжаецца лета.
так і вы, калі ўбачыце, што збываецца тое, ведайце, што блізка, пры дзьвярах.
Гэтак і вы: калі ўбачыце, што ўсё гэта збываецца, ведайце, што блізка ўжо, пры дзьвярох.
Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як усё тое будзе.
Запраўды, кажу вам: не праміне род гэты, калі ўсё гэта станецца.
Неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць.
Неба й зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць.
А пра дзень той або гадзіну ніхто ня ведае, ні анёлы нябесныя, ні Сын, а толькі Айцец.
Дня-ж таго, ані часу, ніхто ня ведае: ані анёлы ў небе, ані Сын, а толькі Айцец.
Глядзеце, чувайце, малецеся; бо ня ведаеце, калі настане час гэты.
Глядзеце-ж, чувайце й малецеся, бо ня ведаеце, калі настане час.
Падобна на тое, як калі б хто, ідучы ў дарогу і пакідаючы дом свой, даў слугам сваім уладу, і кожнаму сваю працу, і загадаў брамніку чуваць.
Падобна, як чалавек, пакідаючы дом свой перад падарожжам, даверыў слугам сваім кажнаму ягоную работу й загадаў вартаўніку пры браме быць чуйным.
Дык чувайце ж; бо ня ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дома, увечары, ці апоўначы, ці пры пеўнях, ці нараніцу;
Дык чувайце й вы, бо ня ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дому, — ці ўвечары, ці апоўначы, ці пры сьпеве пеўняў, ці нараніцы.
каб, прыйшоўшы зьнянацку, не застаў вас у сьне.
Каб, прыйшоўшы нечакана, не застаў вас заспанымі.
А што вам кажу, кажу ўсім: чувайце.
А што кажу вам, — усім кажу: чувайце.