Лукаша 13 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

У гэты час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра Галілеянаў, чыю кроў Пілат зьмяшаў з ахвярамі іхнімі.
 
У гэты час прыйшлі хтось й расказалі Яму пра галілеян, якіх кроў Пілат зьмяшаў з ахвярамі іхнымі.

Ісус сказаў ім на гэта: ці думаеце вы, быццам гэтыя Галілеяне сталі грашнейшыя за ўсіх Галілеянаў, што так пацярпелі?
 
Ісус у адказ сказаў ім: — ці вы думаеце, што гэтыя галілеяне, якія адцярпелі гэткія мукі, былі найбольш грашныя з усіх галілеян?

Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце.
 
Не, кажу вам, але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце.

Альбо, ці думаеце, што тыя васямнаццаць чалавек, на якіх упала вежа Сілаамская і забіла іх, былі вінаватыя больш за ўсіх, хто жыве ў Ерусаліме?
 
Ці тыя васемнаццаць, на якіх упала Сілаамская вежа ды забіла іх, вы думаеце, былі больш вінныя за ўсіх жыхароў у Ерусаліме?

Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце.
 
Не, гавару вам, але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце.

І сказаў гэтую прытчу: нехта меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу, і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў;
 
І сказаў ім гэткую прыпавесьць: — нехта меў у вінаградніку сваім пасаджаную смакоўніцу, і прыйшоў шукаць на ёй плоду й не знайшоў.

і сказаў вінаградару: вось, я трэйці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы і не знаходжу; сьсячы яе, навошта яна і зямлю займае?
 
І сказаў вінаградару: — вось трэйцяе лета прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы й не знайходжу; сьсячы яе, бо надарма зямлю займае.

Але той сказаў яму ў адказ: спадару! пакінь яе і на сёлета, пакуль я акапаю яе і абкладу гноем:
 
Але той у адказ сказаў яму: — гаспадару! пакінь яе й на гэтае лета, пакуль акапаю накокал яе й аблажу гноем.

ці ня ўродзіць плоду; калі ж не, налета сьсячэш яе.
 
Можа яна дасьць плод, калі-ж не, то ў наступнае лета пасячэш яе.

У адной сынагозе Ён вучыў у суботу;
 
Было-ж, калі навучаў Ён у аднэй з сынагогаў у сыботу.

там была жанчына, якая васямнаццаць гадоў мела духа немачы: яна была скурчаная і не магла выпрастацца.
 
І была там жанчына, якая праз васемнаццаць лет мела духа немачы, і была скурчаная й не магла разагнуцца.

Ісус, угледзеўшы яе, падышоў і сказаў ёй: жанчына! ты вызваляешся ад недужы тваёй.
 
Ісус, угледзеўшы яе, падклікаў і сказаў ёй: — жанчына! вызваляешся ты ад нядугу твайго.

І ўсклаў на яе рукі; і яна адразу выпрасталася і пачала славіць Бога.
 
І узлажыў на яе рукі; і ўраз разагнулася, і стала славіць Бога.

Пры гэтым начальнік сынагогі, абураючыся, што Ісус ацаліў у суботу, сказаў люду: ёсьць шэсьць дзён, у якія можна рабіць: у тыя і прыходзьце ацаляцца, а ня ў дзень суботні.
 
Тады начальнік сынагогі, узлаваны, што Ісус ацаліў у сыботу, зьвярнуўшыся да народу, сказаў: — шэсьць дзён ёсьць вызначана да працы, дык у тыя дні й прыходзьце ацаляцца, а ня ў дзень сыботні.

Гасподзь сказаў яму ў адказ: крывадушнік! ці не адвязвае кожны з вас вала свайго альбо асла ад ясьляў у суботу, і ці не вядзе паіць?
 
І сказаў яму Госпад у адказ: — Крывадушнік! ці-ж не адвязвае кажны з вас свайго вала ці асла ад ясьляў у сыботу і ці не вядзе яго паіць?

а гэтую дачку Абрагамаву, якую зьвязаў сатана вось ужо васямнаццаць гадоў, ці ня трэба было вызваліць яе ад повязяў тых у дзень суботні?
 
Гэтую-ж дачку Абрагама, якую зьвязаў шатан вось ужо васемнаццаць лет, ці-ж не належала вызваліць яе ад путаў гэтых у дзень сыботні?

І калі казаў Ён гэта, усе супраціўнікі Ягоныя пасароміліся; і ўвесь люд радаваўся за ўсе слаўныя дзеі Ягоныя.
 
І калі гаварыў Ён гэта, засаромеліся ўсе супраціўнікі Ягоныя; а ўвесь народ радаваўся з усіх слаўных дзеяньняў Ягоных.

А Ён сказаў: на што падобнае Царства Божае, і да чаго прыпадобню яго?
 
Ён-жа гаварыў: — да чаго падобнае Уладарства Божае, і да чаго прыпадобню Яго.

яно падобнае на зерне гарчычнае, якое, узяўшы, чалавек пасадзіў у садзе сваім: і вырасла, і зрабілася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў гольлі яго.
 
Яно падобнае да зярняці гарчычнага, якое чалавек, узяўшы, пасадзіў у садзе сваім; і вырасла, і сталася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў галінах яго.

Яшчэ сказаў: да чаго прыпадобню Царства Божае?
 
Яшчэ сказаў: — Да чаго прыпадобню Уладарства Божае?

Яно падобнае на закваску, якую жанчына, узяўшы, паклала ў тры меры мукі, пакуль не закісла ўсё.
 
Яно падобнае да рашчыны, якую жанчына ўзяўла й палажыла ў тры меркі мукі, пакуль усё закісьне.

І праходзіў гарадамі і селішчамі, вучачы і кіруючыся да Ерусаліма.
 
І прайходзіў праз месты й паселішчы, навучаючы, і кіруючы шлях Свой да Ерусаліму.

Нехта сказаў Яму: Госпадзе! няўжо мала тых, што ратуюцца? А Ён сказаў ім:
 
І вось адзін хтось кажа Яму: — Госпадзе! няўжо мала будзе збавеных? Ён-жа сказаў ім:

імкнецеся ўвайсьці праз вузкую браму, бо, маўляю вам, многія паспрабуюць увайсьці і ня здолеюць.
 
— старайцеся ўвайсьці праз цесную браму; бо кажу вам, — многія будуць шукаць уваходу, ды ня будуць здольныя ўвайсьці.

Калі гаспадар дома ўстане і зачыніць дзьверы, тады вы, стоячы знадворку, пачняце стукаць у дзьверы і казаць: «Госпадзе! Госпадзе! адчыні нам», але Ён скажа вам у адказ: «ня ведаю вас, адкуль вы»;
 
Калі Ўладар дому ўвойдзе й зачыніць дзьверы, вы, стоячы зворку, пачняце стукаць у дзьверы й гаварыць: — Госпадзе, Госпадзе! адчыні нам; але Ён скажа вам у адказ: — ня ведаю вас, адкуль вы.

тады пачняце казаць: «мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых вучыў Ты».
 
Тады станеце гаварыць: — мы елі й пілі прад Табою, і на вуліцах нашых Ты навучаў.

Але Ён скажа: «кажу вам: ня ведаю вас, адкуль вы; адыдзеце ад Мяне ўсе, хто ўчыняе няпраўду».
 
Але Ён скажа: — гавару вам, ня ведаю вас, адкуль вы; адыйдзеце ад Мяне ўсе, спраўцы беззаконьня.

Там будзе плач і скрыгат зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якава і ўсіх прарокаў у Царстве Божым, а сябе выгнанцамі.
 
Там будзе плач і скрыгат зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісака й Якуба і ўсіх прарокаў у Каралеўстве Божым; вас-жа прагоняць вон.

І прыйдуць з усходу і з захаду, і поўначы і поўдня і ўзьлягуць у Царстве Божым.
 
І прыйдуць з Усходу й Захаду, з Паўначы й Паўдня, і засядуць у Каралеўстве Божым.

І вось, ёсьць апошнія, што будуць першымі, і ёсьць першыя, што будуць апошнімі.
 
І вось, ёсьць апошнія, якія стануцца першымі, і ёсьць першыя, якія стануцца апошнімі.

У той дзень прыйшлі некаторыя фарысэі і казалі Яму: выйдзі адгэтуль, бо Ірад хоча забіць Цябе.
 
У той-жа дзень падыйшлі некаторыя з фарысеяў, кажучы Яму: — выйдзі ды сыйдзі адгэтуль, бо Ірад хоча забіць Цябе.

І сказаў ім: ідзеце, скажэце гэтаму лісу: вось, выганяю нячыстых і аздараўляю сёньня і ў наступны дзень, і ў трэйці дзень скончу;
 
І сказаў ім: — ідзеце й скажэце лісу таму: вось я выганяю злыдухаў і твару ацаленьні, сёньня й заўтра, а на трэйці дзень буду канчаць.

а зрэшты, мне трэба хадзіць сёньня, заўтра і ў наступны дзень, бо ня бывае, каб прарок загінуў па-за Ерусалімам.
 
Тымчасам, трэба Мне йсьці сёньня й заўтра й пазаўтра, бо ня можа стацца, каб прарок загінуў па-за Ерусалімам.

Ерусаліме, Ерусаліме, што забіваеш прарокаў і камянямі пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крылы, і вы не схацелі!
 
Ерусаліме, Ерусаліме! што забіваеш прарокаў і каменьнямі пабіваеш пасланых да цябе; колькі разоў Я хацеў сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крылы, і вы не захацелі.

Вось, застаецца вам дом ваш пусты, маўляю бо вам, што вы ня ўбачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада!
 
Вось пакідаецца вам дом ваш пустым; кажу-ж вам, — ня ўбачыце вы Мяне пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: — дабраславёны, Хто йдзе ў імя Гасподняе.