1 да Карынфянаў 2 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхася Міцкевіча

 
 

І калі я прыходзіў да вас, браты, прыходзіў абвяшчаць вам сьведчаньне Божае не ў высока ўзьнёсласьці слова ці мудрасьці.
 

Бо я пастанавіў сабе нічога іншага між вамі ня ведаць, апроч Ісуса Хрыста, і пры тым — укрыжаванага.
 

І быў я ў вас зьняможаны і ў страху і ў вялікім трымценьні.
 

І слова маё, і казань мая не ў пераканаўчых словах чалавечай мудрасьці, а ў выяўленьні Духа і сілы,
 

каб вера вашая была ня ў мудрасьці чалавечай, а ў сіле Божай.
 

А мудрасьць мы прапаведуем сярод дасканалых, але мудрасьць ня веку гэтага і ня ўладцаў веку гэтага праходных,
 

а прапаведуем мудрасьць Божую, тайную, схаваную, якую Бог вызначыў спрадвеку на славу нашую,
 

якое ніхто з уладцаў веку гэтага не спазнаў; бо, калі б спазналі, дык не ўкрыжавалі б Госпада славы.
 

А, як напісана: «ня бачыла таго вока і ня чула вуха, і ня ўзыходзіла тое ў сэрца чалавека, што тым Бог падрыхтаваў, хто любіць Яго».
 

А нам Бог адкрыў гэта Духам Сваім; бо Дух ва ўсё пранікае, і ў глыбіні Божыя.
 

Бо хто зь людзей ведае, што ў чалавеку, акрамя духу чалавечага, які жыве ў ім? Так і Божага ніхто ня ведае, акрамя Духа Божага.
 

Але мы прынялі ня духа сьвету гэтага, а Духа ад Бога, каб ведаць дараванае нам ад Бога;
 

што і абвяшчаем не ад чалавечай мудрасьці вывучанымі словамі, а вывучанымі ад Духа Сьвятога, суадносячы духоўнае з духоўным.
 

Душэўны чалавек ня прымае таго, што ад Духа Божага, бо ён лічыць гэта юродзтвам; і ня можа разумець, бо пра гэта трэба разважаць духоўна.
 

А духоўны разважае пра ўсё, а пра яго разважыць ніхто ня можа.
 

Бо «хто спазнаў розум Гасподні, каб мог разважыць яго?» А мы маем розум Хрыстовы.