Псалтыр 59 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Аляксандара Надсана
Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шушан-Эдут. Залатая псальма Давідава для навучаньня,
Кіраўніку хору. Пра тых, што маюць перамяніцца. Памятная песьня і навука Давіда,
калі ён ваяваў зь Сірыяй Месапатамскай і зь Сірыяй Цаванскай, і калі Ёаў, вяртаючыся, перамог дванаццаць тысяч Ідумэяў у даліне Салянай.
калі спаліў Сырыю мэзапатамскую і Сырыю Цованскую і калі Іааў, вярнуўшыся, разьбіў у даліне Соль дваццаць тысяч ідумэяў.
Божа! Ты нас адкінуў, Ты паглуміў нас, угневаўся Ты; вярніся да нас,
Божа, Ты адкінуў нас і зруйнаваў нас, разгневаўся, але і памілаваў нас.
Ты зямлю скалануў, разьбіў яе: загаі разломы яе, бо яна хістаецца.
Ты страсянуў зямлёю і раскалоў яе: загаі яе трэшчыны, бо яна захісталася.
Ты даў народу Твайму зьведаць жорсткае, напаіў нас віном зьдзіўленьня.
Ты явіў жорсткасьць народу Твайму, напаіў нас віном зьбянтэжанасьці.
Дай сьцяг тым, хто баіцца Цябе, каб яны паднялі яго дзеля ісьціны,
Ты даў знак тым, што баяцца Цябе, каб уцякалі ад лука.
каб вызваліліся аблюбенцы Твае; уратуй правіцай Тваёю, і пачуй мяне.
Каб любыя Твае маглі ўратавацца, збаў іх правай рукой Тваёй і выслухай мяне.
Бог сказаў у сьвятыні Сваёй: «перамагу, — падзялю Я Сіхем, і даліну Сукот абмераю;
Бог прамовіў у сьвятыні сваёй: «Усьцешуся, і разьдзялю Сіхэм, і даліну палатак разьмеру.
Мой Галаад, Мой Манасія, Яфрэм крэпасьць Маёй галавы, Юда скіпетр Мой,
Мой Галаад і мой Манасія, Ахрэм — моц галавы маёй, Юда — скіпетар мой.
Мааў умывальная шаля Мая; на Эдом абуткам кіну Маім». Кліч мяне, зямля Філістымская!
Мааб — посуд надзеі маёй; на Ідумэю працягну абутак мой; іншапляменьнікі скарыліся Мне».
Хто ўвядзе мяне ў горад умацаваны? Хто давядзе мяне да Эдома?
Хто ўвядзе мяне ва ўмацаваны горад? Або хто давядзе мяне да Ідумэі?
Ці ня Ты, Божа, Які нас адкінуў, і ня выходзіш, Божа, з войскам нашым?
Ці ня Ты, Божа, які нас адкінуў? Ці ня выйдзеш, Божа, з нашымі сіламі?
Дай дапамогу нам ва ўціску, бо дапамога людзкая — марнота.
Дай нам дапамогу ў бядзе, бо марны людзкі ратунак.
З Богам мы выявім сілу; Ён скіне ворагаў нашых.
У Богу створым сілу, і Ён зьвядзе ў нішто тых, што перасьледуюць нас.