Ёны 1 разьдзел

Кніга прарока Ёны
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

І было слова Гасподняе Ёну, сыну Амафіінаму:
 

«устань, ідзі ў Нінэвію — горад вялікі і прапаведуй у ім, бо зладзействы яго дайшлі да Мяне».
 

І ўстаў Ёна, каб бегчы ў Тарсіс ад аблічча Гасподняга, і прыйшоўшы ў Ёпію і знайшоўшы карабель, які выпраўляўся ў Тарсіс, аддаў плату за правоз і ўзышоў на яго, каб плыць зь імі ў Тарсіс ад аблічча Госпада.
 

Але Гасподзь падняў на моры моцны вецер, і зрабілася на моры вялікая бура, і карабель гатовы быў разьбіцца.
 

І спалохаліся карабельнікі і заклікалі кожны свайго бога, і пачалі кідаць у мора паклады з карабля, каб аблегчыць яго ад іх; а Ёна апусьціўся ў нутро карабля, лёг і моцна заснуў.
 

І прыйшоў да яго начальнік карабля і сказаў яму: «чаго ты сьпіш? устань, закліч Бога твайго; можа быць, Бог успомніць пра нас, і мы не загінем».
 

І сказалі адзін аднаму: «хадзем, кінем жэрабя, каб даведацца, за каго спасьцігае нас гэтая бяда». І кінулі жэрабя, і ўпала жэрабя на Ёну.
 

Тады сказалі яму: «скажы нам, за каго спасьцігла нас гэтая бяда? які твой занятак, і адкуль ідзеш ты? дзе твая краіна, і зь якога ты народу?»
 

І ён сказаў ім: «я — Габрэй, шаную Госпада Бога нябёсаў, Які стварыў мора і сушу».
 

І спалохаліся людзі страхам вялікім і сказалі яму: «дзеля чаго ты гэта зрабіў», бо даведаліся гэтыя людзі, што ён уцякае ад аблічча Гасподняга, як ён сам абвясьціў ім.
 

І сказалі яму: «што зрабіць нам з табою, каб мора аціхла для нас?», бо мора не пераставала хвалявацца.
 

Тады ён сказаў ім: «вазьмеце мяне і кіньце мяне ў мора, — і мора аціхне для вас, бо я ведаю, што празь мяне спасьцігла вас гэта вялікая бура».
 

Але гэтыя людзі пачалі моцна веславаць, каб прыстаць да зямлі, але не маглі, бо мора ўсё бушавала і бушавала супроць іх.
 

Тады заклікалі яны Госпада і сказалі: «молім Цябе, Госпадзе, хай не загінем за душу чалавека гэтага, і хай не залічыш на нас кроў невінаватую; бо Ты, Госпадзе, зрабіў, што заўгодна Табе!»
 

І ўзялі Ёну і кінулі яго ў мора; і аціхла мора ад лютасьці сваёй.
 

І спалохаліся гэтыя людзі Госпада вялікім страхам і прынесьлі Госпаду ахвяру і далі абяцаньні.