Лікі 1 разьдзел

Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

І сказаў Гасподзь Майсею ў пустыні Сінайскай, у скініі сходу, у першы дзень другога месяца, на другі год пасьля выхаду іх зь зямлі Егіпецкай, кажучы:
 

палічэце ўсё супольства сыноў Ізраілевых па родах іхніх, па сямействах іхніх, па ліку імёнаў усіх мужчынскага роду пагалоўна:
 

ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць у Ізраіля, па рушэньнях іхніх палічэце іх — ты і Аарон;
 

з вамі павінны быць з кожнага племя па адным чалавеку, які ў родзе сваім галоўны.
 

І вось імёны мужоў, якія будуць з вамі: ад Рувіма Еліцур, сын Шэдэураў;
 

ад Сымона Шэлумііл, сын Цурышадаеў;
 

ад Юды Наасон, сын Амінадаваў;
 

ад Ісахара Натанаіл, сын Цуараў;
 

ад Завулона Эліяў, сын Хэлонаў;
 

ад сыноў Язэпа: ад Яфрэма Элішама, сын Аміудаў; ад Манасіі Гамалііл, сын Пэдацураў;
 

ад Веньяміна Авідан, сын Гідэонаў;
 

ад Дана Ахіязэр, сын Амішадаеў;
 

ад Асіра Пагііл, сын Ахранаў;
 

ад Гада Эліясаф, сын Рэгуілаў;
 

ад Нэфталіма Ахіра, сын Энанаў.
 

Гэта — выбраныя мужы супольства, правадыры плямёнаў бацькоў сваіх, галовы тысячаў Ізраілевых.
 

І ўзяў Майсей і Аарон мужоў гэтых, якія названы паіменна,
 

і сабралі яны ўсё супольства ў першы дзень другога месяца; і абвясьцілі яны радаводы свае, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, пагалоўна,
 

як загадаў Гасподзь Майсею. І зрабіў ён пералік ім у пустыні Сінайскай.
 

І было сыноў Рувіма, першынца Ізраілевага, паводле родаў іхніх, паводле плямёнаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, пагалоўна, усіх мужчынскага полу, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,
 

налічана ў калене Рувімавым сорак шэсьць тысяч пяцьсот.
 

Сыноў Сымонавых паводле родаў іхніх, паводле плямёнаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, пагалоўна, усіх мужчынскага полу, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,
 

налічана ў калене Сымонавым пяцьдзясят дзевяць тысяч трыста.
 

Сыноў Гадавых паводле родаў іхніх, паводле плямёнаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,
 

налічана ў калене Гадавым сорак пяць тысяч шэсьцьсот пяцьдзясят.
 

Сыноў Юдавых паводле родаў іхніх, паводле плямёнаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,
 

налічана ў калене Юдавым сямсот чатыры тысячы шэсьцьсот.
 

Сыноў Ісахаравых паводле родаў іхніх, паводле плямёнаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,
 

налічана ў калене Ісахаравым пяцьдзясят чатыры тысячы чатырыста.
 

Сыноў Завулонавых паводле родаў іхніх, паводле плямёнаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,
 

налічана ў калене Завулонавым пяцьдзясят сем тысяч чатырыста.
 

Сыноў Язэпавых, сыноў Яфрэмавых, паводле родаў іхніх, паводле плямёнаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,
 

налічана ў калене Яфрэмавым сорак тысяч пяцьсот.
 

Сыноў Манасііных паводле родаў іхніх, паводле плямёнаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,
 

налічана ў калене Манасііным трыццаць дзьве тысячы дзьвесьце.
 

Сыноў Веньямінавых паводле родаў іхніх, паводле плямёнаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,
 

налічана ў калене Веньямінавым трыццаць пяць тысяч чатырыста.
 

Сыноў Данавых паводле родаў іхніх, паводле плямёнаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,
 

налічана ў калене Данавым шэсьцьдзясят дзьве тысячы сямсот.
 

Сыноў Асіравых паводле родаў іхніх, паводле плямёнаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,
 

налічана ў калене Асіравым сорак адна тысяча пяцьсот.
 

Сыноў Нэфталімавых паводле родаў іхніх, паводле плямёнаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,
 

налічана ў калене Нэфталімавым пяцьдзясят тры тысячы чатырыста.
 

Вось тыя, што ўвайшлі ў пералік, якіх палічыў Майсей і Аарон і правадыры Ізраіля — дванаццаць чалавек, па адным чалавеку з кожнага роду.
 

І было ўсіх, што ўвайшлі ў пералік, сыноў Ізраілевых, паводле сямействаў іхніх, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць у Ізраіля,
 

і было ўсіх, што ўвайшлі ў пералік, шэсьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзясят.
 

А лявіты паводле пакаленьняў бацькоў іхніх ня былі палічаны сярод іх.
 

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
 

Толькі племя Лявіінага ня ўнось у перапіс і ня лічы іх разам з сынамі Ізраіля;
 

а даручы лявітам скінію адкрыцьця і ўсе прылады яе і ўсё, што пры ёй: няхай яны носяць скінію і ўсе прылады яе, і служаць пры ёй, і каля скініі няхай ставяць табар свой;
 

і калі трэба пераносіць скінію, няхай падымаюць яе лявіты, калі трэба спыняцца скініі, няхай ставяць яе лявіты; а калі падступіцца хто староньні, аддадзены будзе сьмерці.
 

Сыны Ізраілевыя павінны станавіцца кожны ў табары сваім і кожны пры сваім сьцягу, рушэньнямі сваімі;
 

а лявіты павінны ставіць табар каля скініі адкрыцьця, каб ня было гневу на супольства сыноў Ізраілевых, і будуць лявіты стаяць на варце каля скініі адкрыцьця.
 

І зрабілі сыны Ізраілевыя: як загадаў Гасподзь Майсею, так яны і зрабілі.