Мацьвея 13 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Выйшаўшы таго ж дня з дома, Ісус сеў каля мора.
У той дзень Іісус, вы́йшаўшы з дома, сеў каля мора.
І сабралася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і сеў; а ўвесь люд стаяў на беразе.
І сабра́лася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і сеў; а ўвесь люд стаяў на беразе.
І гаварыў ім шмат прытчамі, кажучы: вось, выйшаў сейбіт сеяць.
І гаварыў ім шмат прытчамі, ка́жучы: вось, вы́йшаў се́йбіт сеяць.
І калі сеяў ён, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблі тое;
І калі сеяў ён, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблí яго.
іншае ўпала на мясьціны камяністыя, дзе няшмат было зямлі, і неўзабаве ўзышло, таму што зямля была ня глыбокая.
А іншае ўпала на ме́сцы камянíстыя, дзе няшмат было́ зямлі, і неўзаба́ве ўзышло́, бо зямля была́ неглыбокая.
А калі ўзышло сонца, завяла і, як ня мела карэньня, засохла;
А калі ўзышло́ сонца, завя́ла, і, паколькі не ме́ла карэння, засохла.
іншае ўпала ў церне, і вырасла церне і заглушыла яго;
А іншае ўпала ў це́рні, і выраслі це́рні і заглушы́лі яго.
іншае ўпала на добрую зямлю і ўрадзіла плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсьцьдзясят, а тое ў трыццаць.
А іншае ўпала на добрую зямлю і дало́ плод: адно ў сто крат, другое ў шэсцьдзеся́т, а іншае ў трыццаць.
Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
Хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
І прыступіўшы, вучні сказалі Яму: чаму прытчамі гаворыш ім?
І, прыступíўшы, вучні сказалі Яму: чаму Ты прытчамі гаворыш ім?
Ён сказаў ім у адказ: таму, што вам дадзена ведаць таямніцы Царства Нябеснага, а ім ня дадзена;
Ён сказаў ім у адказ: таму, што вам да́дзена ведаць тайны Царства Нябеснага, а ім не да́дзена;
бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца; а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае;
Бо хто ма́е, таму да́дзена будзе і памножыцца; а хто не ма́е, у таго ады́мецца і тое, што ма́е.
дзеля таго прытчамі прамаўляю ім, што яны бачачы ня бачаць, і чуючы ня чуюць, і не разумеюць;
Дзе́ля таго прытчамі гавару ім, што яны ба́чачы не бачаць, і чу́ючы не чуюць, і не разумеюць.
і збываецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: «слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзець будзеце, і ня ўбачыце;
І збыва́ецца над імі прароцтва Іса́іі, якое кажа: «слы́хам пачуеце, і не зразуме́еце; і вачыма глядзець будзеце, і не ўбачыце.
агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае зьмежылі, каб ня ўгледзець вачыма, і вушыма не пачуць, і сэрцам не ўразумець, і ня зьвернуцца, каб Я ацаліў іх».
Бо агрубе́ла сэ́рца ў людзей гэтых, і вуша́мі цяжка чуюць, і вочы свае заплю́шчылі, каб не ўбачыць вачы́ма, і вуша́мі не пачуць, і сэ́рцам не зразумець, і не звярну́цца, каб Я ацаліў іх».
А вашы дабрашчасныя вочы, што бачаць; і вушы вашыя, што чуюць:
А вашы вочы блажэ́нныя, таму што бачаць, і ву́шы вашы, таму што чуюць.
бо праўду кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі.
Бо праўду кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жада́лі бачыць тое, што вы бачыце, і не бачылі, і чуць тое, што вы чу́еце, і не чулі.
Але ж вы пачуйце прытчу пра сейбіта:
Вы ж паслухайце сэнс прытчы пра се́йбіта.
да кожнага, хто слухае слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхадзей і крадзе пасеянае ў сэрцы ягоным: вось каго азначае пасеянае пры дарозе.
Да кожнага, хто слухае слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхí і кра́дзе пасе́янае ў сэрцы яго; вось каго азначае пасе́янае пры дарозе.
А пасеянае на камяністых мясьцінах азначае таго, хто чуе слова і адразу з радасьцю прымае яго;
А пасе́янае на камянíстых месцах азначае таго, хто чуе слова і адразу з радасцю прыма́е яго;
але ня мае кораня ў сабе і нясталы: калі настане ўціск альбо ганеньне за слова, адразу спакушаецца.
але не ма́е кораня ў сабе і нетрыва́лы: калі настане ўціск альбо гане́нне за слова, ён адразу спакуша́ецца.
А пасеянае ў церне азначае таго, хто чуе слова, але клопат веку гэтага і панада багацьця заглушае слова, і яно стаецца бясплодным.
А пасе́янае ў це́рнях азначае таго, хто чуе слова, але клопат веку гэтага і зма́нлівасць багацця заглуша́юць сло́ва, і яно становіцца бясплодным.
А пасеянае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее, які і плод прыносіць і дае адзін сто, другі шэсьцьдзясят, а той трыццаць.
А пасе́янае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее; ён і плод прыно́сіць і дае́ адзін сто, другі шэсцьдзеся́т, а іншы трыццаць.
Другую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: Царства Нябеснае падобнае на чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім;
Другую прытчу прапанаваў Ён ім, ка́жучы: Царства Нябеснае падобна да чалавека, які пасеяў добрае насе́нне на по́лі сваім.
калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў куколь сярод пшаніцы, і пайшоў;
Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў пустазелле сярод пшаніцы, і пайшоў.
калі ўзышла рунь і завязала плод, тады зьявіўся і куколь.
Калі ўзышла́ збажына́ і завязала плод, тады з’явілася і пустазе́лле.
Прыйшоўшы, рабы гаспадара дома сказалі яму: гаспадар! ці ж ня добрае насеньне пасеяў ты на полі тваім? адкуль жа на ім куколь?
Прыйшлі рабы́ гаспадара́ дома і сказалі яму: гаспадар! хіба́ не добрае насе́нне пасеяў ты на по́лі сваім? адкуль жа на ім пустазе́лле?
А ён сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. А рабы сказалі яму: хочаш, мы пойдзем, выпалем яго?
Ён сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. а рабы́ сказалі яму: дык хочаш, мы пойдзем, вы́палем яго?
А ён сказаў: не, каб, выбіраючы куколь, вы не павырывалі разам зь ім і пшаніцы;
Але ён сказаў: не, каб, выпо́лваючы пустазе́лле, вы не павырыва́лі разам з ім і пшаніцы.
пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; а ў час жніва я скажу жняцам: зьбярэце перш куколь і зьвяжэце яго ў снапы, каб спаліць яго; а пшаніцу зьбярэце ў засекі мае.
Пакіньце расці разам тое і другое да жніва́; а ў час жніва́ я скажу жняца́м: вы́берыце перш пустазе́лле і звяжы́це яго ў снапы́, каб спалíць яго; а пшаніцу збяры́це ў жы́тніцу маю́.
Іншую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: падобнае Царства Нябеснае на зерне гарчычнае, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім,
Іншую прытчу прапанаваў Ён ім, ка́жучы: падобна Царства Нябеснае да зярня́ці гарчы́чнага, якое чалавек узяў і пасеяў на по́лі сваім;
якое, хоць меншае за ўсякае насеньне, але, калі вырастае, бывае большае за ўсякую траву і робіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і ўюць гнёзды ў гольлі яго.
яно, хоць і меншае за ўсякае насе́нне, але, калі вы́расце, бывае бо́льшым за ўсякую траву і робіцца дрэвам, так што прылята́юць птушкі нябесныя і се́ляцца ў го́ллі яго.
Іншую прытчу сказаў Ён ім: падобнае Царства Нябеснае на закваску, якую жанчына ўзяўшы паклала ў тры меры мукі, пакуль не закісла ўсё.
Іншую прытчу сказаў Ён ім: падобна Царства Нябеснае да заква́скі, якую жанчына, узяўшы, пакла́ла ў тры меры мукі, пакуль не ўкісла ўсё.
Гэта ўсё казаў Ісус прытчамі люду, і бяз прытчы нічога не казаў ім,
Гэта ўсё сказаў Іісус прытчамі народу, і без прытчы нічога не гаварыў ім,
каб збылося сказанае праз прарока, які кажа: «Разамкну ў прытчах вусны Мае; выкажу ўтоенае ад стварэньня сьвету».
каб збыло́ся ска́занае праз прарока, які кажа: «адкры́ю ў прытчах вусны Мае́; вы́кажу скры́тае ад стварэ́ння свету».
Тады Ісус, адпусьціўшы людзей, увайшоў у дом. І прыступіўшы да Яго, вучні Яго сказалі: растлумач нам прытчу пра куколь на полі.
Тады Іісус, адпусцíўшы народ, увайшоў у дом. і прыступілі да Яго вучні Яго, ка́жучы: растлума́ч нам прытчу пра пустазе́лле на полі.
А Ён ім сказаў у адказ: сейбіт добрага насеньня ёсьць Сын Чалавечы;
Ён жа сказаў ім у адказ: Се́йбіт добрага насе́ння ёсць Сын Чалавечы;
поле ёсьць сьвет; добрае насеньне гэта — сыны Царства, а куколь — сыны ліхога;
поле ёсць свет; добрае насе́нне гэта — сыны́ Царства, а пустазе́лле — сыны́ ліхога;
вораг, які пасеяў яго, ёсьць д’ябал; жніво ёсьць сканчэньне веку, а жняцы — анёлы.
вораг, які пасеяў яго, ёсць дыявал; жніво́ ёсць сканчэ́нне веку, а жняцы́ — Ангелы.
А таму, як зьбіраюць куколь і агнём паляць, гэтак сама будзе пры сканчэньні веку гэтага:
І вось, як збіраюць пустазе́лле і агнём па́ляць, гэтакса́ма будзе пры сканчэ́нні веку гэтага.
пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і зьбяруць з Царства Яго ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконьне,
Пашле Сын Чалавечы Ангелаў Сваіх, і збяруць з Царства Яго ўсе спаку́сы і тых, што чы́няць беззаконне,
і ўкінуць іх у печ вогненную; там будзе плач і скрыгат зубоў;
і ўкíнуць іх у печ вогненную; там будзе плач і скры́гат зубоў.
тады праведныя зазьзяюць, як сонца, у Царстве Айца іх. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
Тады пра́веднікі заззя́юць, як сонца, у Царстве Айца іх. Хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на скарб, схаваны на полі, які, знайшоўшы, чалавек утоіў, і ў радасьці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе поле тое.
Яшчэ падобна Царства Нябеснае да схава́нага на полі скарбу, знайшоўшы які, чалавек утаíў яго, і ў радасці ад гэтага ідзе і прадае́ ўсё, што ма́е, і купля́е поле тое.
Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на купца, які шукае прыгожых пэрлаў,
Яшчэ падобна Царства Нябеснае да купца, які шукае прыгожых жамчу́жын,
які, знайшоўшы адзін шматкаштоўны пэрл, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яго.
і, знайшоўшы адну шматкашто́ўную жамчу́жыну, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яе.
Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на нерат, закінуты ў мора і поўны рыбы ўсялякага роду,
Яшчэ падобна Царства Нябеснае да не́вада, які быў закíнуты ў мора і набраў усяго ўсялякага,
які, калі ён напоўніўся, выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае склалі ў начыньне, а благое кінулі прэч.
і калі ён напоўніўся, яго вы́цягнулі на бераг і, сеўшы, добрае скла́лі ў по́суд, а дрэннае выкінулі прэч.
Так будзе пры сканчэньні веку: выйдуць анёлы і аддзеляць ліхіх з асяродзьдзя праведных,
Так будзе пры сканчэнні веку: вы́йдуць Ангелы і аддзе́ляць ліхíх з асяро́ддзя пра́ведных,
і ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скрыгат зубоў.
і ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скры́гат зубоў.
Сказаў ім Ісус: ці зразумелі вы гэта ўсё? Яны кажуць яму: так, Госпадзе!
Кажа ім Іісус: ці зразумелі вы гэта ўсё? Яны кажуць Яму: так, Госпадзі!
А Ён сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, навучаны Царству Нябеснаму, падобны на гаспадара дома, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое.
А Ён сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, наву́чаны Царству Нябеснаму, падобны да гаспадара́ дома, які выносіць са ска́рбніцы сваёй новае і старо́е.
І сталася, калі скончыў Ісус прытчы гэтыя, пайшоў адтуль.
І ста́лася, калі скончыў Іісус прытчы гэтыя, Ён пайшоў адтуль.
І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сынагозе іхняй, так што яны зьдзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасьць і сілы?
І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сінагозе іхняй, так што яны здзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасць і сілы?
ці не цесьляроў Ён Сын? ці не Ягоную Маці завуць Марыя, і браты Яго Якаў і Ёсій, і Сымон і Юда?
Ці не цесляро́ў Ён Сын? Ці не Яго Маці завуць Марыя, і браты Яго — Іа́каў, і Іасíй, і Сíман, і Іуда?
і сёстры Яго ці ня ўсе сярод нас? адкуль жа ў Яго ўсё гэта?
І сёстры Яго ці не ўсе сярод нас? Адкуль жа ў Яго ўсё гэта?
І паняверыліся ў Ім. А Ісус сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба што толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў доме сваім.
І сумнява́ліся ў Ім. Іісус жа сказаў ім: не бывае прарока без пашаны, хіба́ толькі на бацькаўшчыне сваёй і ў доме сваім.
І ня ўчыніў там многіх цудаў з-за няверства іхняга.
І не ўчынíў там многіх цудаў з-за няве́р’я іх.