Яна 19 разьдзел

Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Тады Пілат узяў Ісуса і загадаў біць Яго.
 
Тады ўзяў Пілат Іісуса і аддаў на бічава́нне;

І воіны, сплёўшы вянок цярновы, усклалі Яму на галаву, і апранулі Яго ў пурпуру,
 
і воіны, сплёўшы вяне́ц з це́рняў, ускла́лі Яму на галаву́ і ў адзе́жу пурпуро́вую апрану́лі Яго,

і казалі: радуйся, Цару Юдэйскі! І білі Яго па шчоках.
 
і гаварылі: радуйся, Цар Іудзейскі! І білі Яго па шчо́ках.

Пілат зноў выйшаў і сказаў ім: вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знаходжу ў Ім ніякае віны.
 
Пілат выйшаў зноў і кажа ім: вось, я выво́джу Яго да вас, каб вы ведалі, што я нія́кай віны́ ў Ім не знахо́джу.

Тады выйшаў Ісус у цярновым вянку і ў пурпуры. І сказаў ім Пілат: вось, Чалавек!
 
Тады вы́йшаў Іісус у цярно́вым вянцы́ і пурпуро́вай адзе́жы. І кажа ім Пілат: вось Чалавек!

Калі ж убачылі Яго першасьвятары і служкі, дык закрычалі: укрыжуй, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: вазьмеце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны.
 
Калі ж уба́чылі Яго першасвятары́ і служыцелі, то пачалí крычаць, ка́жучы: распнí, распнí Яго! Кажа ім Пілат: вазьмíце Яго вы і распнíце, бо я не знахо́джу ў Ім віны.

Юдэі адказвалі яму: мы маем закон, і паводле закона нашага Ён павінен памерці, бо зрабіў Сябе Сынам Божым.
 
Адказа́лі яму Іудзеі: мы закон маем, і па закону нашаму Ён павíнен паме́рці, таму што зрабіў Сябе Сы́нам Божым.

Пілат, пачуўшы гэтае слова, яшчэ больш напалохаўся,
 
Калі пачуў Пілат гэтае слова, то яшчэ больш спало́хаўся,

і зноў увайшоў у прэторыю, і сказаў Ісусу: адкуль Ты? Але Ісус ня даў яму адказу.
 
і ўвайшоў у прэто́рыю зноў і кажа Іісусу: адкуль Ты? Іісус жа адка́зу не даў яму.

Пілат кажа Яму: мне не адказваеш? ці ня ведаеш, што я маю ўладу Цябе крыжаваць і ўладу маю Цябе адпусьціць?
 
Тады кажа Яму Пілат: мне Ты не гаво́рыш? хіба́ не ведаеш, што я ма́ю ўла́ду распя́ць Цябе і ма́ю ўла́ду адпусцíць Цябе?

Ісус адказваў: ты ня меў бы над Мною ніякае ўлады, калі б ня было дадзена табе зьверху; таму большы грэх на тым, хто перадаў Мяне табе.
 
Адказаў Іісус: ты не меў бы нія́кай ула́ды нада Мною, калі б табе не было да́дзена звыш; таму той, хто вы́даў Мяне табе, бо́льшы грэх ма́е.

З гэтага часу Пілат намагаўся адпусьціць Яго. А Юдэі крычалі: калі адпусьціш Яго, ты ня прыяцель кесару; кожны, хто робіць сябе царом, супрацівіцца кесару.
 
З гэтага часу Пілат шука́ў, як адпусцíць Яго. Іудзеі ж крычалі, ка́жучы: калі Яго адпу́сціш, ты не друг ке́сару; кожны, хто робіць сябе царом, працíўнік ке́сара.

Пілат, пачуўшы гэтае слова, вывеў Ісуса і сеў на судзілішчы, на месцы, якое называецца Ліфастратон, а па-Габрэйску Гаввафа.
 
Пілат, пачу́ўшы гэтае слова, вы́веў Іісуса і сеў на судзе́йскае ўзвышэ́нне на месцы, што называ́лася Ліфо́стратон , а па-яўрэйску Гаввафа́.

Тады была пятніца перад Пасхаю, і гадзіна шостая. І сказаў Пілат Юдэям: вось, Цар ваш!
 
Была́ ж пятніца перад Пасхай, каля шостай гадзíны. І сказаў Пілат Іудзеям: вось Цар ваш!

Але яны закрычалі: вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго! Пілат кажа ім: каб Цара вашага крыжаваць? Першасьвятары адказвалі: няма ў нас цара апроч кесара.
 
Але яны закрыча́лі: вазьмі, вазьмі, распнí Яго! Кажа ім Пілат: Цара вашага распя́ць? Адказа́лі першасвятары́: няма ў нас цара́, акрамя́ ке́сара.

Тады нарэшце ён аддаў Яго ім на крыжаваньне. І ўзялі Ісуса і павялі.
 
Тады ён аддаў Яго ім на распя́цце. І ўзялí Іісуса і павялі;

І, нясучы крыж Свой, Ён выйшаў на месца, называнае Лобным, па-Габрэйску Галгофа;
 
і, несучы́ крыж Свой, Ён вы́йшаў на ме́сца, называ́нае Ло́бным, што па-яўрэйску называ́ецца Галго́фа,

там укрыжавалі Яго і зь Ім двух іншых, па адзін і па другі бок, а пасярэдзіне Ісуса.
 
дзе Яго распя́лі і з Ім двух іншых, з аднаго́ бо́ку і з другога, а пасярэ́дзіне Іісуса.

А Пілат напісаў і надпіс паставіў на крыжы. Напісана было: Ісус Назарэй, Цар Юдэйскі.
 
І зрабіў на́дпіс Пілат і змясцíў на крыжы́. А было напíсана: Іісус Назаранíн, Цар Іудзейскі.

Гэты надпіс чыталі многія Юдэі, бо месца, дзе быў укрыжаваны Ісус, было недалёка ад горада, і напісана было па-Габрэйску, па-Грэцку, па-Рымску.
 
Гэты на́дпіс чыталі многія з Іудзеяў, таму што блізка ад горада было́ тое месца, дзе быў распя́ты Іісус, а напíсана было́ па-яўрэйску, па-грэчаску, па-рымску.

А першасьвятары Юдэйскія сказалі Пілату: ня пішы: Цар Юдэйскі, а што Ён казаў: Я Цар Юдэйскі.
 
Казалі ж Пілату першасвятары́ Іудзейскія: не пішы: «Цар Іудзейскі», а напішы, што Ён казаў: «Я цар Іудзейскі».

Пілат адказваў: што я напісаў, тое напісаў.
 
Адказаў Пілат: што́ напіса́ў я, тое напіса́ў.

А воіны, калі ўкрыжавалі Ісуса, пабралі адзежу Ягоную і падзялілі на чатыры долі, кожнаму воіну доля, і хітон; а хітон быў не пашыты, а ўвесь тканы зьверху.
 
Воіны ж, калі распя́лі Іісуса, узялí адзе́нне Яго і раздзялíлі на чаты́ры часткі, кожнаму воіну частка, і хіто́н; хіто́н жа быў не шы́ты, а суцэ́льна тка́ны ад верху;

І вось сказалі адзін аднаму: ня будзем разьдзіраць яго, а кінем на яго жэрабя, чый будзе; — хай збудзецца сказанае ў Пісаньні: «падзялілі рызы Мае між сабою і за адзежу Маю кідалі жэрабя». Так учынілі воіны.
 
тады сказалі яны адзін аднаму: не будзем разрыва́ць яго, а кíнем на яго жэ́рабя, чый будзе. Так ме́ла спо́ўніцца Піса́нне, у якім ска́зана: «раздзялíлі адзе́нне Маё між сабою і пра во́пратку Маю́ кíдалі жэ́рабя». Воіны так і зрабíлі.

Каля крыжа Ісуса стаялі Маці Ягоная, і сястра Маці Ягонай Марыя Клеопава, і Марыя Магдаліна.
 
Стаялі ж каля крыжа́ Іісусавага Маці Яго і сястра Маці Яго, Марыя Клео́пава, і Марыя Магдалíна.

Ісус, убачыўшы Маці і вучня, які тут стаяў, якога любіў, кажа Маці Сваёй: Жанчына! вось, сын Твой.
 
Іісус жа, уба́чыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любíў, кажа Маці Сваёй: Жанчына, вось сын твой.

Потым кажа вучню: вось, Маці твая! І з гэтага часу вучань гэты ўзяў Яе да сябе.
 
Потым кажа вучню: вось Маці твая. І з таго часу вучань ўзяў Яе да сябе.

Пасьля таго Ісус, ведаючы, што ўжо ўсё сталася, каб збылося Пісаньне, кажа: піць.
 
Пасля гэтага Іісус, ве́даючы, што ўсё ўжо здзе́йснілася, каб збыло́ся Пісанне, кажа: сма́гну.

Тут стаяў посуд, поўны воцату. Воіны, намачыўшы воцатам губку і накалоўшы на ісоп, паднесьлі да вуснаў Ягоных.
 
Тут стаяла пасу́дзіна, по́ўная во́цату. І воіны, напо́ўніўшы гу́бку во́цатам і насадзíўшы яе на сцяблíну ісо́пу, падне́слі да Яго ву́снаў;

І калі Ісус скаштаваў воцату, сказаў: збылося! І нахіліўшы галаву, аддаў дух.
 
і калі паспыта́ў Іісус во́цату, Ён сказаў: здзе́йснілася! І, схілíўшы галаву́, аддаў дух.

Але як што тады была пятніца, дык Юдэі, каб не пакінуць целаў на крыжы ў суботу, бо тая субота была дзень вялікі, прасілі Пілата, каб перабіць у іх галені і зьняць іх.
 
А пако́лькі была́ пятніца, то Іудзеі, каб не засталíся це́лы на крыжы́ ў суботу, — бо вялікі дзень была́ та́я субота, — прасíлі Пілата, каб перабíць у іх го́лені і зняць;

І вось, прыйшлі воіны, і ў першага перабілі галені, і ў другога, укрыжаванага зь Ім;
 
і вось прыйшлі воіны і ў першага перабíлі го́лені, і ў другога, распя́тага з Ім;

а, падышоўшы да Ісуса, як убачылі Яго ўжо мёртвага, не перабілі ў Яго галені,
 
прыйшо́ўшы ж да Іісуса, як уба́чылі, што Ён ужо памёр, то не перабіва́лі ў Яго голеняў;

а адзін воін кап’ём працяў Яму рэбры, і адразу выцекла кроў і вада.
 
але адзін з воінаў кап’ём праця́ў Яму бок, і адразу вы́цекла кроў і вада;

І хто бачыў, засьведчыў, і праўдзівае сьведчаньне ягонае; ён ведае, што кажа ў ісьціне, каб вы паверылі;
 
і той, хто бачыў, засве́дчыў, і све́дчанне яго праўдзíвае; і ён ведае, што ісціну гаворыць, каб вы паверылі;

бо гэта сталася, хай збудзецца Пісаньне: «косьць Ягоная хай ня будзе зламана».
 
бо гэта ста́лася, каб спо́ўнілася Пісанне: «косць Яго не будзе палама́на»;

Гэтак сама і ў іншым месцы Пісаньне кажа: «паглядзяць на Таго, Каго працялі».
 
яшчэ і ў другім ме́сцы Пісанне гаворыць: «будуць глядзець на Таго, Каго праця́лі».

Пасьля гэтага Язэп з Арыматэі, вучань Ісуса, але тайны — ад страху перад Юдэямі, прасіў у Пілата, каб зьняць Цела Ісусава; і Пілат дазволіў. Той пайшоў і зьняў Цела Ісусава.
 
Пасля гэтага Іосіф з Арымафе́і, які быў вучнем Іісуса, але та́йным з-за стра́ху перад Іудзеямі, папрасíў Пілата, каб узяць це́ла Іісусава; і Пілат дазво́ліў; тады прыйшоў ён і ўзяў це́ла Іісусава.

Прыйшоў таксама і Мікадым, які прыходзіў раней да Ісуса ўначы, і прынёс сумесь з альясу і сьмірны, літраў каля ста.
 
Прыйшоў і Нікадзім, які прыхо́дзіў ране́й да Іісуса ўначы́, і прынёс су́месь са смíрны і ало́ю фу́нтаў каля ста.

І вось, узялі яны Цела Ісусавае і ўгарнулі яго ў палатно з пахошчамі, як звычайна хаваюць Юдэі.
 
Узялí яны це́ла Іісусава і абвілí Яго пало́тнамі з духмя́насцямі, як паво́дле звы́чаю хава́юць Іудзеі.

На тым месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, і ў садзе была магіла новая, у якую яшчэ ніхто ня быў пакладзены:
 
Быў жа на тым ме́сцы, дзе Ён быў распя́ты, сад, і ў са́дзе магіла новая, у якой ніколі яшчэ ніхто не быў пакла́дзены;

там паклалі Ісуса дзеля пятніцы Юдэйскай, бо магіла была блізка.
 
і там, з-за пятніцы Іудзейскай, пако́лькі блізка была́ магіла, пакла́лі Іісуса.