Юда 1 разьдзел

Пасланьне Юды
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

Юда, раб Ісуса Хрыста, брат Якава, пакліканым, якія асьвечаныя Богам Айцом і ахаваныя Ісусам Хрыстом:
 
Іуда, раб Іісуса Хрыста́, брат Іа́кава, паклíканым, якія былí асвячо́ны Богам Айцом і захава́ны Іісусам Хрыстом:

міласьць вам і мір і любоў хай памножацца.
 
міласць вам, і мір, і любоў няха́й прымно́жацца.

Любасныя! маючы ўсю руплівасьць пісаць вам пра супольнае збавеньне, я палічыў за патрэбнае напісаць вам умаўленьне — паспрыяць веры, адзін раз перададзенай сьвятым.
 
Узлю́бленыя! прыклада́ючы усё стара́нне, каб піса́ць вам пра супо́льнае спасе́нне, я палічы́ў неабхо́дным напіса́ць вам, каб заахво́ціць змага́цца за веру, раз і назаўсёды перада́дзеную святы́м.

Бо пракраліся некаторыя людзі, спрадвеку прызначаныя на гэтае асуджэньне, бязбожнікі, што абарочваюць мілату Бога нашага ў нагоду да распусты і выракаюцца адзінага Валадара Бога і Госпада нашага Ісуса Хрыста.
 
Бо паўкрада́ліся некато́рыя людзі, здаўна́ прызна́чаныя на такое асуджэ́нне, бязбо́жныя, якія абаро́чваюць благада́ць Бога нашага ў наго́ду для распу́снасці і адрака́юцца ад адзíнага Уладара́ Бога і Госпада нашага Іісуса Хрыста́.

Я хачу нагадаць вам, хто ўжо ведае гэта, што Гасподзь, вызваліўшы народ зь зямлі Егіпецкай, потым пагубіў тых, што ня веравалі,
 
Я хачу нагада́ць вам, хоць вы раз і назаўсёды ве́даеце гэта, што Гасподзь, вы́зваліўшы народ з зямлí Егіпецкай, потым вы́губіў тых, якія не ве́равалі,

і анёлаў, якія не захавалі сваёй годнасьці, але пакінулі сваё жытло, трымае ў вечных кайданах, пад цемрывам, на суд вялікага дня.
 
і ангелаў, якія не захава́лі свайго пе́ршаснага стану, а пакінулі сваё жытло, захоўвае ў ако́вах ве́чных, у це́мры, на суд вялікага дня.

Як Садома і Гамора і навакольныя гарады, што падобна да іх блудадзеілі і ўганяліся за іншаю плоцьцю, дастаўшы кары вагнём вечным, пастаўлены ў прыклад, —
 
Як Садом і Гамора, і навако́льныя гарады, што падо́бна ім распу́снічалі і хадзілі за іншай пло́ццю, паста́ўлены ў пры́клад, адда́дзеныя на пакара́нне агнём вечным, —

гэтак сама будзе і з гэтымі лятуценьнікамі, якія апаганьваюць плоць, адмаўляюць начальствы і ліхасловяць высокія ўлады.
 
так будзе і з тымі, хто, аддаючы́ся мро́ям, апага́ньвае плоць, адвярга́е ўлада́рства і зневажа́е вышэ́йшыя сíлы.

Міхаіл Арханёл, калі гаварыў з д’яблам, спрачаючыся пра Майсеева цела, не адважыўся вымавіць зьняважлівага выраку, а сказаў: няхай забароніць табе Гасподзь.
 
Міхаіл Арха́нгел, калі спрача́ўся з дыявалам, гаво́рачы пра це́ла Маісея, не асме́ліўся прамо́віць знява́жлівага асуджэ́ння, а сказа́ў: «няха́й забаро́ніць табе Гасподзь».

А гэтыя ганьбуюць тое, чаго ня ведаюць; а што з прыроды, як бязмоўныя жывёлы ведаюць, тым і разбэшчваюць сябе.
 
Гэтыя ж зневажа́юць тое, чаго не ве́даюць; а што ад прыро́ды, як неразу́мныя жывёлы, зна́юць, тым сябе гу́бяць.

Гора ім, бо ідуць дарогай Каінавай, упадаюць у змусту зьдзірства, як Валаам, і ў зацятасьці гінуць, як Карэй.
 
Гора ім, бо шля́хам Ка́інавым яны пайшлі, і паддалíся спаку́се пла́ты, як Валаа́м, і загíнулі ў супраціўле́нні, як Карэ́й.

Такія бываюць спакусай на вашых вячэрах любові: банкетуючы з вамі, бяз страху напасваюцца; гэта — бязводныя хмары, што вецер носіць; восеньскія дрэвы, бясплодныя, двойчы памерлыя, выкарчаваныя;
 
Яны — спаку́са на вашых вячэ́рах любо́ві: се́дзячы з вамі за адным сталом, яны без стра́ху па́свяць саміх сябе; яны — бязво́дныя абло́кі, што но́сяцца ве́трам; во́сеньскія дрэ́вы, бяспло́дныя, дво́йчы паме́рлыя, вы́карчаваныя;

раз’юшаныя марскія хвалі, што з шумавіньнем выкідаюць сваю брыду, зоркі вандроўныя, якіх трымае морак цемрыва навекі.
 
раз’ю́шаныя марскíя хва́лі, якія пе́няцца брыдо́тамі сваімі; зо́ркі блука́ючыя, для якіх змрок це́мры наве́к наканава́ны.

Пра іх прарочыў і Энох, сёмы ад Адама, кажучы: вось, ідзе Гасподзь з процьмаю сьвятых анёлаў Сваіх —
 
Пра іх праро́чыў і Яно́х, сёмы ад Адама, ка́жучы: «вось, ідзе́ Гасподзь з дзеся́ткамі тысяч святых Ангелаў Сваіх,

чыніць суд над усімі і выкрыць усіх сярод іх бязбожных ва ўсіх справах, якія ад бязбожнасьці іхняй, і за ўсе жорсткія словы, якімі ганілі Яго бязбожныя грэшнікі.
 
каб учынíць суд над усімі і вы́крыць усіх бязбо́жнікаў сярод іх ва ўсіх бязбо́жных спра́вах іх, учы́неных у бязбо́жнасці, і ва ўсіх жо́рсткасцях, прамо́ўленых су́праць Яго бязбо́жнымі грэ́шнікамі».

Гэта — наракальнікі, нічым не задаволеныя, што ходзяць у сваіх пажадлівасьцях (бязбожна і беззаконна); вусны іхнія вымаўляюць пыхлівыя словы; і зважаюць на асобы з карысьлівасьці.
 
Яны нарака́юць і ска́рдзяцца, жывучы́ паво́дле сваіх пажа́днасцей; вусны іх прамаўля́юць пыхлíвае; яны ліслíвяць дзе́ля кары́сці.

Але вы, любасныя, памятайце прадказанае апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста;
 
Але вы, узлю́бленыя, па́мятайце прадка́занае Апосталамі Госпада нашага Іісуса Хрыста:

яны казалі вам, што апошнім часам зьявяцца агуднікі, якія будуць хадзіць у сваіх бязбожных пахацінствах.
 
яны каза́лі вам, што ў апошні час з’я́вяцца глумлíўцы, якія бу́дуць жыць паво́дле сваіх бязбо́жных пажа́днасцей.

Гэта — людзі, якія адлучаюць сябе (ад адзінства веры), душэўныя, але бяз духу.
 
Гэта тыя, што аддзяля́юць саміх сябе ад адзíнства веры, яны душэ́ўныя, а ду́ха не ма́юць.

А вы, любасныя, будуючыся на найсьвяцейшай веры нашай, молячыся Духам Сьвятым,
 
Вы ж, узлю́бленыя, грунту́ючыся на найсвяце́йшай ве́ры вашай, у Ду́ху Святы́м мо́лячыся,

захоўвайце сябе ў любові Божай, чакаючы міласьці ад Госпада нашага Ісуса Хрыста, на вечнае жыцьцё;
 
захо́ўвайце сябе ў любо́ві Божай, чака́ючы мíласці ад Госпада нашага Іісуса Хрыста́, для жыцця́ ве́чнага.

і да адных будзьце літасьцівыя, з разважлівасьцю;
 
І да адных будзьце мíласцівымі з разва́жлівасцю;

а другіх страхам ратуйце, вырываючы з вагню, выкрывайце са страхам, пагарджаючы нават вопраткаю, якая апаганена целам.
 
а іншых стра́хам рату́йце, выхо́пліваючы іх з агню́; да іншых жа будзьце мíласцівымі са стра́хам, пагарджа́ючы на́ват во́праткай, якая апага́нена пло́ццю.

А Таму, Хто можа захаваць вас ад падзеньня і паставіць перад славаю Сваёю беспахібнымі ў радасьці,
 
А Таму, Хто можа захава́ць вас ад падзе́ння і паста́віць перад сла́ваю Сваёю беззага́ннымі ў ра́дасці,

адзінаму, самаму мудраму Богу, Збаўцу нашаму празь Ісуса Хрыста Госпада нашага, слава: веліч, сіла і ўлада перад усімі вякамі, сёньня і ўсявечна. Амін.
 
адзíнаму праму́драму Богу, Спасíцелю нашаму праз Іісуса Хрыста́, Госпада нашага, слава, ве́ліч, сіла і ўла́да перад усімі вяка́мі, і цяпер, і на ўсе вякí. Амíнь.