2 да Цімафея 1 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Павал, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста, па абяцаньні жыцьця ў Хрысьце Ісусе,
Павел, воляю Божаю Апостал Іісуса Хрыста, паводле абяца́ння жыцця ў Хрысце Іісусе,
Цімафею, любаснаму сыну: мілата, міласэрнасьць, мір ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
Цімафею, узлю́бленаму сыну: благадаць, міласць, мір ад Бога Айца і Хрыста Іісуса, Госпада нашага.
Дзякую Богу, Якому служу ад продкаў у чыстым сумленьні, што не перастаю ўспамінаць пра цябе ў малітвах маіх, удзень і ўначы,
Дзякую Богу, Якому служу ад продкаў у чыстым сумленні, што не перастаю́ паміна́ць цябе ў малітвах маіх уночы і ўдзень;
і хачу бачыць цябе, памятаючы сьлёзы твае, каб мне напоўніцца радасьцю,
па́мятаючы слёзы твае, я пра́гну ўбачыць цябе, каб мне напоўніцца радасцю;
трымаючы ў памяці шчырую веру тваю, якая раней жыла ў бабулі тваёй Лаідзе і ў маці тваёй Яўніцы; упэўнены, што яна і ў табе.
прыга́дваю сабе тваю некрываду́шную веру, якую раней ме́ла бабуля твая Лаíда і маці твая Яўнíкія; упэўнены, што і ты маеш яе.
З гэтай прычыны нагадваю табе падаграваць дар Божы, які ў табе праз ускладаньне маіх рук;
З гэтай прычыны напаміна́ю, каб ты падтры́мліваў у сабе агонь да́ру Божага, які ў табе праз усклада́нне рук маіх;
бо даў нам Бог Духа ня боязі, а сілы і любові і цноты.
бо даў нам Бог не дух баязлíвасці, а дух сілы, і любові, і разва́жнасці.
Дык не саромейся сьведчаньня Госпада нашага Ісуса Хрыста, ні мяне, вязьня Ягонага; а пакутуй з Дабравесьцем (Хрыстовым) сілаю Бога,
Таму не саромейся ні све́дчання пра Госпада нашага Іісуса Хрыста, ні мяне, вязня Яго; а пакутуй разам са мною за дабравесце Хрыстова сілаю Бога,
Які выратаваў нас і паклікаў званьнем сьвятым, не за дзеі нашыя, а паводле Свайго волевыяўленьня і мілаты, дадзенай нам у Хрысьце Ісусе раней адвечных часоў,
Які спас нас і паклікаў паклíканнем святым не паводле спраў нашых, а паводле Свайго прадустанаўле́ння і благадаці, да́дзенай нам у Хрысце Іісусе раней часоў адвечных,
якая адкрылася цяпер зьяўленьнем Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які разбурыў сьмерць і явіў жыцьцё нятленнае праз Дабравесьце,
а цяпер адкрытай яўле́ннем Спасіцеля нашага Іісуса Хрыста, Які знішчыў смерць і асвятлíў жыццё і нятле́ннасць дабравесцем,
прапаведаваць якое я пастаўлены і апосталам і настаўнікам язычнікаў.
для якога я пастаўлены прапаведнікам, і Апосталам, і настаўнікам язычнікаў.
З гэтай прычыны я і пакутую так; але не саромеюся. Бо я ведаю, у Каго ўвераваў, і ўпэўнены, што Ён мае сілу захаваць заруку маю на той дзень.
З гэтай прычыны я і пакутую так; але не саромеюся. Бо ведаю, у Каго я ўвераваў, і ўпэ́ўнены, што Ён ма́е сілу залог мой захаваць на той дзень.
Трымайся ўзору здаровага вучэньня, якое ты чуў ад мяне, зь вераю і любоўю ў Хрысьце Ісусе.
Узору здаровага вучэ́ння, якое ты чуў ад мяне, трымайся з вераю і любоўю ў Хрысце Іісусе.
Захоўвай добрую заруку Духам Сьвятым, Які жыве ў нас.
Захоўвай добры залог сілаю Духа Святога, Які жыве ў нас.
Ты ведаеш, што ўсе Асійцы пакінулі мяне; сярод іх і Фігел і Ермаген.
Ты ведаеш, што ўсе Асійцы адвярнуліся ад мяне; сярод іх Фíгел і Ермаген.
Няхай дасьць Гасподзь міласьць дому Анісіфора за тое, што ён колькі разоў прымаў мяне і не саромеўся кайданоў маіх,
Няхай дасць Гасподзь міласць дому Анісíфара за тое, што ён шмат разоў падтры́мліваў мяне і не пасаромеўся аковаў маіх,
а, як быў у Рыме, зь вялікім стараньнем шукаў мяне і знайшоў.
а калі быў у Рыме, з вялікім стараннем шукаў мяне і знайшоў.
Няхай дасьць яму Гасподзь здабыць міласьць у Госпада ў той дзень; а колькі ён служыў (мне) ў Эфэсе, ты лепей ведаеш.
Няхай дасць яму Гасподзь знайсці міласць у Госпада ў той дзень; а колькі ён паслужыў мне ў Эфэсе, ты лепш ведаеш.