Ёны 4 разьдзел

Кніга прарока Ёны
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Пятроўскага

 
 

Ёна моцна засмуціўся з гэтага і быў раздражнёны.
 
Ёна моцна засумаваў праз гэта і запалаў гневам.

І маліўся ён Госпаду і сказаў: «о, Госпадзе! ці ж ня раз гэта казаў я, калі быў яшчэ ў краіне маёй? Таму я і пабег у Тарсіс, бо ведаў, што Ты — Бог добры і міласэрны, шматцярплівы і шматлітасьцівы, і шкадуеш за бедства.
 
І маліўся ён да Госпада і сказаў: О, Госпадзе, ці-ж не казаў я гэта, калі яшчэ быў у маім краі? Таму я і пабег у Таршыш, бо ведаў, што Ты — Бог добры і міласэрдны, доўгацерпялівы і ласкавы і каішся ў злыбядзе.

І сёньня, Госпадзе, вазьмі душу маю ад мяне, бо лепей мне памерці, чым жыць».
 
І цяпер Госпадзе, вазьмі душу маю ад мяне, бо ляпей мне памерці, чымся жыць.

І сказаў Гасподзь: «няўжо гэта засмуціла цябе так моцна?»
 
І сказаў Госпад: ці гэта добра ты робіш, што аж гэтак гневаешся?

І выйшаў Ёна з горада і сеў з усходняга боку каля горада, і зрабіў сабе там намёт і сеў пад ім у цяні, каб убачыць, што будзе з горадам,
 
І выйшаў Ёна зь места, і сеў у-ва ўсходняй частцы яго, і зрабіў тамака сабе будку і сеў пад ёю ў цяньку, каб бачыць, што будзе зь местам.

І вырасьціў Гасподзь Бог расьліну, і яна паднялася над Ёнам, каб над галавою ягонай быў цень і каб выбавіць яго ад засмучэньня ягонага; Ёна вельмі ўзрадаваўся расьліне гэтай.
 
І вырасьціў Госпад Бог расьліну, і яна паднялася над Ёнаю, каб над ягонаю галавою быў цень і каб супакоіць сваю дасаду; і Ёна вельмі рад быў з прычыны гэтае расьліны.

І зрабіў Бог так, што на другі дзень з зарою чарвяк падтачыў расьліну, і яна засохла.
 
І ўчыніў Бог гэтак, што назаўтрае на золаку чарвяк падтачыў расьліну, і яна высахла.

А калі ўзышло сонца, навёў Бог сьпякотны ўсходні вецер, і сонца пачало пячы галаву Ёны, так што ён зьнямог і прасіў сабе сьмерці і сказаў: «лепей мне памерці, чым жыць».
 
Калі-ж узыйшло сонца, паслаў Бог гарачы ўсходні вецер, і сонца пачало паліць галаву Ёны, так што ён зусім зьнямог і прасіў сабе сьмерці і сказаў: ляпей мне памерці, чымся жыць.

І сказаў Бог Ёну: «няўжо так моцна засмуціўся ты за расьліну?» Ён сказаў: «вельмі засмуціўся, нават да сьмерці».
 
І прамовіў Бог да Ёны: няўжо-ж ты гэтак вельмі засумаваў з прычыны расьліны? Ён адказаў: вельмі засумаваў, аж да сьмерці.

Тады сказаў Гасподзь: «ты шкадуеш за расьліну, над якою ты не працаваў і якое не гадаваў, якая за адну ноч вырасла і за адну ж ноч і прапала:
 
Тады сказаў Госпад: ты шкадуеш расьліну, над якой ты не працаваў, і якую ты не гадаваў, якая ў вадну ноч вырасла і ў вадну ноч прапала:

Мне ці ж не пашкадаваць Нінэвіі, горада вялікага, у якім больш за сто дваццаць тысяч чалавек, якія ня ўмеюць адрозьніць правай рукі ад левай, і мноства быдла?»
 
Ці-ж не шкада Мне Нянівы, вялікага места, у якім болей, як сто дваццаць тысяч чалавек, што ня ўмеюць адрозьніць правае рукі ад левае, і мноства жывёлы?