Да Ціта 1 разьдзел

Пасланьне да Ціта
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Павал, раб Божы, і апостал Ісуса Хрыста, па веры выбраных Божых і спазнаньня ісьціны, што вядзе да пабожнасьці,
 
Павал, раб Бога і Апостал Ісуса Хрыста, па веры і пазнаньню праўды і адносна багабойнасьці — належу да выбраных Богам,

у надзеі на вечнае жыцьцё, якое абяцаў нязьменны ў слове Бог за часу спрадвечнага,
 
дзеля надзеі на жыцьцё вечнае, якое паабяцаў праўдзівы Бог спрадвеку;

а ў Свой час зьявіў Сваё слова ў казані, даверанай мне загадам Збаўцы нашага, Бога, —
 
а ў Свой час зьявіў Слова Сваё ў пропаведзі, якая была даверана мне па загаду Збавіцеля нашага Бога, —

Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: мілата, міласэрнасьць і мір ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага.
 
Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: Багадаць, міласэрнасьць, Мір ад Бога Бацькі і Госпада Ісуса Хрыста, Збавіцеля нашага.

На тое я пакінуў цябе ў Крыце, каб ты давяршыў незакончанае і паставіў ва ўсіх гарадах прасьвітэраў, як я табе наказваў:
 
Дзеля таго я пакінуў цябе на Крыце, каб ты ўпара́дкаваў тое, што яшчэ няўпара́дкаванае, і паставіў па (усіх) местах ста́ршых, як я табе загадаў:

калі хто беспахібны, адзін раз жанаты, дзяцей мае верных, не дакараных за распусту або непакорлівасьць.
 
калі хто бяззаганны, адзінай жонкі муж, які дзяцей мае веручых, якія ня абвінавачваюцца ў распусьце альбо няпаслухмянасьці.

Бо япіскап мусіць быць беззаганны, як Божы домабудаўнік, ня дзёрзкі, не гняўлівы, ня п’яніца, не звадыяш, не карысьлівец,
 
Бо япіскап павінен быць бяззаганным, як Божы домакіраўнік: ня хванабэрыстым, ня гняўлівым, ня п’яніцай, ня задзірлівым, ня сквапным да нажывы,

а гасьцінны да вандроўнікаў, дабралюбны, цнатлівы, справядлівы, пабожны, устрымлівы,
 
але гасьцінным, які любіць дабро, разважным, справядлівым, багабойным, устрымлівым,

павінен трымацца праўдзівага слова, згоднага з вучэньнем, каб ён быў моцны і настаўляў у здаровым вучэньні і супраціўцаў выкрываў.
 
які прытрымліваецца вучэньня вернага слова, каб ён быў дуж і настаўляць у здаровым вучэньні і супраціўцаў дакараць.

Бо ёсьць шмат і непакорлівых, пустасловаў і ашуканцаў, асабліва з абрэзаных,
 
Бо ёсьць шмат і няпакорлівых, пустасловаў і ашуканцаў, асабліва з абрэзаных,

якім трэба замыкаць вусны: яны разбэшчваюць цэлыя дамы, вучаць, чаго ня сьлед, з ганебнай карысьлівасьці.
 
якім трэба закрываць рот: яны цэлыя дамы разбураюць, навучаючы, чаму ня сьлед дзеля ганебнай карысьлівасьці.

Зь іх самых адзін, вершатворца, сказаў: «Крыцяне заўсёды хлусы, злыя зьвяры, вантробы ляныя».
 
Сказаў жа нехта зь іх самых, іхны прарок: «крыцяне — заўсёды ілгуны, лютыя зьвяры, лянівыя вантробы».

Сьведчаньне гэта справядлівае. З гэтай прычыны выкрывай іх строга, каб яны былі здаровыя ў веры,
 
Сьведчаньне гэтае праўдзівае. Дзеля гэтага дакарай іх строга, каб яны былí здаровымі ў веры,

ня слухаючы Юдэйскіх баек і пастановаў людзей, якія цураюцца ісьціны.
 
ня зважаючы на жыдоўскія байкі і прыказаньні чалавекаў, што адварочваюцца ад праўды.

У чыстых усё чыстае: а ў апаганеных і няверных няма нічога чыстага, а спаганены і розум іхні ды сумленьне.
 
Для чыстых усё чыстае, а для няверучых нішто ня чыстае, але апаганены іхны розум і сумленьне.

Яны кажуць, што ведаюць Бога; а справамі выракаюцца, бо гнюсныя, непакорлівыя і няздольныя ні на якія добрыя ўчынкі.
 
Яны кажуць, што ведаюць Бога, а ўчынкамі выракаюцца, будучы абрыднымі і няпакорлівымі і ня здатныя ні на які добры ўчынак.