Быццё 1 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
На пачатку стварыў Бог неба і зямлю.
На пачатку стварыў Бог нябёсы й зямлю.
А зямля была нябачная і пустая і цемра над безданьню, і Дух Божы лунаў над вадою.
А зямля была бяз хормы а пустая, і цемнь была над бяздоньням; і Дух Божы лунаў над відам водаў.
І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло.
І сказаў Бог: «Станься сьвятліня». І сталася сьвятліня.
І ўбачыў Бог сьвятло, што яно добра, і аддзяліў Бог сьвятло ад цемры.
І бачыў Бог тую сьвятліню, што добрая, і адлучыў Бог тую сьвятліню ад тае цемні.
І назваў Бог сьвятло днём, а цемру ноччу. І быў вечар, і была раніца: дзень адзін.
І назваў Бог сьвятліню днём, а цемнь назваў ночай. І быў вечар, і была раніца: дзень адзін.
І сказаў Бог: хай будзе цьвердзь пасярод вады, і хай аддзяляе яна ваду ад вады.
І сказаў Бог: «Станься прасьцяг сярод водаў і дзялі воды ад водаў».
І стварыў Бог цьвердзь, і аддзяліў ваду, якая пад цьвердзю, ад вады, якая над цьвердзю. І сталася так.
І ўчыніў Бог прасьцяг, і адлучыў воды, што пад прасьцягам, ад водаў, што над прасьцягам. І сталася так.
І назваў Бог цьвердзь небам. І быў вечар, і была раніца: дзень другі.
І назваў Бог прасьцяг нябёсамі. І быў вечар, і была раніца: дзень другі.
І сказаў Бог: хай зьбярэцца вада, якая пад небам, у адно месца, і хай явіцца суша. І сталася так.
І сказаў Бог: «Няхай зьбяруцца воды з пад нябёсаў у вадно месца, і няхай зьявіцца сухазем». І сталася так.
І назваў Бог сушу зямлёю, а збор вады назваў морамі. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
І назваў Бог сухазем зямлёю, а збор водаў назваў морамі. І бачыў Бог, што добра.
І сказаў Бог: хай уродзіць зямля зеляніну, траву, каб сеяла насеньне, дрэва плоднае, каб радзіла паводле роду свайго плод, у якім насеньне яго на зямлі. І сталася так.
І сказаў Бог: «Няхай выдасьць зямля траву, зяленіва сеючае семя, пладовае дзерва, што даець плод подле роду свайго, у каторым семя ягонае ў ім на зямлі». І сталася так.
І ўтварыла зямля зеляніну, траву, што сеяла насеньне паводле роду яе, і дрэва, што радзіла плод, у якім насеньне паводле роду ягонага. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
І выдала зямля траву, зяленіва, семя сеючае подле роду свайго, і дзерва, што даець плод, у каторым семя яго подле роду яго. І бачыў Бог, што добра.
І быў вечар, і была раніца: дзень трэці.
І быў вечар, і была раніца: дзень трэйці.
І сказаў Бог: хай будуць сьвяцілы на цьвердзі нябеснай дзеля аддзяленьня дня ад ночы, і на азнакі і поры, і дні і гады;
І сказаў Бог: «Станьцеся сьветлы на прасьцязе нябёс, дзеля адрозьненьня дня ад ночы, і будуць на знакі а на поры а на дні а на гады.
і хай будуць яны сьвяцільнямі на цьвердзі нябеснай, каб сьвяціць на зямлю. І сталася так.
І будуць яны сьветламі на прасьцязе нябёс сьвяціць на зямлі». І сталася так.
І стварыў Бог два сьвяцілы вялікія: сьвяціла большае, каб кіраваць днём, і сьвяціла меншае, каб кіраваць ноччу, і зоркі;
І ўчыніў Бог тыя два сьветлы вялікія: сьветла вялікае, радзіць дзень, і сьветла малое, радзіць ноч, і гвезды.
і паставіў іх Бог на цьвердзі нябеснай, каб сьвяціць на зямлю,
І пастанавіў іх Бог на прасьцязе нябёс, сьвяціць на зямлю,
і кіраваць днём і ноччу, і аддзяляць сьвятло ад цемры. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
І радзіць дзень і ноч, і адлучаць сьвятліню ад цемні. І бачыў Бог, што добра.
І быў вечар, і была раніца: дзень чацьвёрты.
І быў вечар, і была раніца: дзень чацьверты.
І сказаў Бог: хай утворыць вада паўзуноў, душу жывую; і птушкі хай паляцяць над зямлёю, па цьвердзі нябеснай.
І сказаў Бог: «Няхай выдадуць воды паўзуны, істу дыхаючую; і птуства няхай лётае над зямлёю скрозь прасьцяг нябёс».
І стварыў Бог рыб вялікіх і ўсякую душу жывёл паўзуноў, якіх утварыла вада, паводле роду іх, і ўсякую птушку крылатую паводле роду яе. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
І стварыў Бог дзіўствы вялікія і ўсялякую поўзаючую істу дыхаючую, каторыя выдалі воды, подле роду іх, і ўсялякае птуства крылатае подле роду ягонага. І бачыў Бог, што добра.
І дабраславіў іх Бог, кажучы: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце воды ў морах, і птушкі хай множацца на зямлі.
І дабраславіў іх Бог, кажучы: «Пладзіцеся а множчася а напаўняйце воды ў морах, і птуства няхай множыцца на зямлі».
І быў вечар, і была раніца: дзень пяты.
І быў вечар, і была раніца: дзень пяты.
І сказаў Бог: хай утворыць зямля душу жывую паводле роду яе, быдла, і гадаў, і зьвяроў зямных паводле роду іх. І сталася так.
І сказаў Бог: «Няхай выдасьць зямля дыхаючую істу подле роду ейнага, статак а паўзуны а жывёлу земную подле роду ейнага». І сталася так.
І стварыў Бог жывёл зямных паводле роду іх, і быдла паводле роду яго, і ўсіх гадаў зямных паводле роду іх. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
І ўчыніў Бог жывёлу земную подле роду ейнага, і статак подле роду ягонага, і ўсякага паўзуна зямлі подле роду ягонага. І бачыў Бог, што добра.
І сказаў Бог: створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага; і хай валадараць яны над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над быдлам, і над усёю зямлёю, і над усімі гадамі, што поўзаюць па зямлі.
І сказаў Бог: «Учыніма чалавека на абраз наш, подле падобнасьці нашае; і няхай пануе над рыбаю морскай, і птушкаю нябёснай, і статкам, і ўсёй зямлёю, і ўсякім паўзуном, што поўзае па зямлі».
І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх.
І стварыў Бог чалавека на абраз Свой, на абраз Божы стварыў яго; мужчыну й жонку стварыў іх.
І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце зямлю і валодайце ёю, і валадарце над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над усякай жывёлаю, што поўзае па зямлі.
І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім: «Пладзіцеся а множчася а напаўняйце зямлю, і паддайце яе сабе, і пануйце над рыбаю морскай, і птушкаю нябёснай, і ўсялякім жывучым, што поўзае па зямлі».
І сказаў Бог: вось, Я даў вам усякую траву, што сее насеньне, якая ёсьць на ўсёй зямлі, і ўсякае дрэва, у якога плод дрэўны, што сее насеньне, — вам гэта будзе ежаю:
І сказаў Бог: «Вось, Я даў вам усялякую траву, што выдаець ізь сябе насеньне, якая ё на відзе ўсяе зямлі, і ўсялякае дзерва, у каторым ё плод дзерва, што сее насеньне; гэта будзе вам на емя.
а ўсім зьвярам зямным, і ўсім птушкам нябесным, і ўсякаму, што поўзае па зямлі, у якім душа жывая, даў Я ўсю зеляніну травяную на ежу. І сталася так.
А ўсёй жывёле земнай, і ўсёй птушцы нябёснай, і ўсяму, што поўзае па зямлі, у каторым дыханьне жывое, даў Я ўсе зяленіва траўнае на жыр». І сталася так.
І ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў, і вось, добра вельмі. І быў вечар, і была раніца: дзень шосты.
І бачыў Бог усе, што ўчыніў, і вось, добра вельмі ё. І быў вечар, і была раніца: дзень шосты.