Быццё 30 разьдзел
Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І ўбачыла Рахіль, што яна ня родзіць дзяцей Якаву, і пазайздросьціла Рахіль сястры сваёй, і сказала Якаву: дай мне дзяцей; а калі не, я паміраю.
І бачыла Рахіль, што яна ня родзе Якаву, і пазавідавала Рахіль сястры сваёй, і сказала Якаву: «Дай імне дзеці, а калі не, памру я».
Якаў угневаўся на Рахіль і сказаў ёй: хіба я Бог, Які ня даў табе плоду ў чэраве?
І ўзгарэўся гнеў Якава на Рахіль, і сказаў: «Ці замест Бога я, Каторы задзяржаў у цябе плод жывата?»
Яна сказала: вось служанка мая Вала: увайдзі да яе; хай яна родзіць на калені мае, каб і я мела дзяцей ад яе.
І яна сказала: «Во нявольніца мая Вала; увыйдзі да яе, і родзе яна на калені мае, і збудую таксама я ад яе».
І дала яна Валу, служанку сваю, за жонку яму; і ўвайшоў да яе Якаў.
І дала яна яму Валу, нявольніцу сваю, за жонку; і ўвыйшоў да яе Якаў.
Вала зачала і нарадзіла Якаву сына.
І зачала Вала, і нарадзіла Якаву сына.
І сказала Рахіль: наканаваў мне Бог, і пачуў голас мой, і даў мне сына. Таму дала яму імя: Дан.
І сказала Рахіль: «Рассудзіў мяне Бог, і таксама пачуў голас мой, і даў імне сына». Затым назвала імя ягонае: Дан.
І яшчэ зачала і нарадзіла Вала, служанка Рахіліна, другога сына Якаву.
І зачала яшчэ, і нарадзіла Вала, нявольніца Рахіліна, сына другога Якаву.
І сказала Рахіль: змаганьнем моцным змагалася я зь сястрою маёю і перамагла. І дала яму імя: Нэфталім.
І сказала Рахіль: «Долькамі Боскімі долялася я ізь сястрою сваёй і таксама здолела». І назвала імя ягонае: Неффалім.
Лія ўбачыла, што перастала радзіць, і ўзяла служанку сваю Зэлфу, і дала яе Якаву за жонку.
І абачыла Лія, што перастала радзіць, і ўзяла Зылпу, нявольніцу сваю, і дала яе Якаву за жонку.
І Зэлфа, служанка Лііна, нарадзіла Якаву сына.
І нарадзіла Зылпа, нявольніца Лііна, Якаву сына.
І сказала Лія: прыбавілася. І дала яму імя: Гад.
І сказала Лія: «Пашчасьціла!» І назвала імя ягонае: Ґад.
Зэлфа, служанка Лііна нарадзіла другога сына Якаву.
І нарадзіла Зылпа, нявольніца Лііна, сына другога Якаву.
І сказала Лія: на дабро мне, бо шчаснаю будуць называць мяне жанчыны. І дала яму імя: Асір.
І сказала Лія: «На шчасьце імне, бо шчасьлівай будуць зваць мяне дачкі». І назвала імя ягонае Ашэр.
Рувім пайшоў у час жніва пшаніцы, і знайшоў мандрагоравыя яблыкі ў полі, і прынёс іх Ліі, маці сваёй. І Рахіль сказала Ліі: дай мне мандрагораў сына твайго.
І пайшоў Рувін у дні жніва пшонкі, і знайшоў любоўныя яблыкі ў полю, і прынёс іх Ліі, маці сваёй. І сказала Рахіль Ліі: «Дай імне зь любоўных яблыкаў сына свайго».
Але Лія сказала ёй: няўжо мала табе — завалодаць мужам маім, што ты дамагаешся і мандрагораў сына майго? Рахіль сказала: дык няхай ён ляжа з табою гэтай ночы, за мандрагоры сына твайго.
І сказала ёй: «Нягож мала, што ты ўзяла мужа майго, і бярэш таксама любоўныя яблыкі сына майго?» І сказала Рахіль: «Дык ён ляжа з табою гэту ноч за любоўныя яблыкі сына твайго».
Якаў прыйшоў з поля ўвечары, і Лія выйшла яму насустрач і сказала: увайдзі да мяне, бо я купіла цябе за мандрагоры сына майго. І лёг ён зь ёю тае ночы.
І прышоў Якаў з поля ўвечары, і вышла Лія яму напярэймы, і сказала: «Да мяне ўвыйдзеш, бо я напэўна заплаціла за цябе любоўнымі яблыкамі сына свайго». І лёг ён ізь ёю ночы тэй.
І пачуў Бог Лію, і яна зачала і нарадзіла Якаву пятага сына.
І пачуў Бог Лію, і яна зачала, і радзіла Якаву сына пятага.
І сказала Лія: Бог даў мне адплату за тое, што я аддала служанку маю мужу майму. І дала яму імя: Ісахар (што азначае: адплата).
І сказала Лія: «Даў Бог заплату маю, што я дала нявольніцу сваю мужу свайму». І назвала яго Іссасхар.
І яшчэ зачала Лія і нарадзіла Якаву шостага сына.
І зачала ізноў Лія, і нарадзіла сына шостага Якаву.
І сказала Лія: Бог даў мне цудоўны дар: цяпер будзе жыць у мяне муж мой, бо я нарадзіла яму шэсьць сыноў. І дала яму імя: Завулон.
І сказала Лія: «Падараваў Бог мяне добрым дарам; гэтым разам будзе жыць із імною муж мой, бо я нарадзіла яму шасьцёх сыноў». І назвала імя яго: Завулон.
Потым нарадзіла дачку і дала ёй імя: Дзіна.
Потым нарадзіла дачку, і назвала імя яе: Дына.
І ўспомніў Бог пра Рахіль, і пачуў яе Бог, і адчыніў улоньне яе.
І ўспомнеў Бог Рахіль, і пачуў яе Бог, і адчыніў дзетніцу ейную;
Яна зачала і нарадзіла сына, і сказала: зьняў Бог ганьбу маю.
Яна зачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Аддаліў Бог ганьбу маю»,
І дала яму імя Язэп, сказаўшы: Гасподзь дасьць мне і другога сына.
І назвала імя ягонае: Язэп, сказаўшы: «Дадасьць імне СПАДАР сына другога».
Пасьля таго, як Рахіль нарадзіла Язэпа, Якаў сказаў Лавану: пусьці мяне, і пайду я ў сваё месца і ў сваю зямлю:
І было, як нарадзіла Рахіль Язэпа, сказаў Якаў Лавану: «Адашлі мяне, і пайду я на свае месца і да свае зямлі;
аддай жонак маіх і дзяцей маіх, за якіх я служыў табе, і я пайду: бо ты ведаеш службу маю, якую я служыў табе.
Дай жонкі мае й дзеці мае, што служыў табе за іх, і я пайду; бо ты знаеш службу маю, якую я служыў табе».
І сказаў яму Лаван: о, калі б я знайшоў упадабаньне перад вачыма тваімі! я заўважаю, што за цябе Гасподзь дабраславіў мяне.
І сказаў яму Лаван: «Калі б я знайшоў ласку перад ачыма тваімі! я даведаўся варажбою, што СПАДАР дабраславіў імне дзеля цябе».
І сказаў: назнач сабе ўзнагароду ад мяне, і я дам.
І сказаў: «Прызнач сабе плату сваю зь мяне, і я дам».
І сказаў яму Якаў: ты ведаеш, як я служыў табе, і якім стала быдла пры мне;
І сказаў яму: «Ты ведаеш, як я служыў табе, і які стаўся статак твой пры імне;
бо мала было ў цябе да мяне, а стала многа; Гасподзь дабраславіў цябе з прыходам маім; калі ж я буду працаваць на свой дом?
Бо мала было ў цябе да мяне, а разьвялося шмат; і дабраславіў СПАДАР цябе, як я прышоў; а цяпер, калі ж я буду рабіць таксама на свой дом?»
І сказаў Лаван: што даць табе? Якаў сказаў: не давай мне нічога. Калі толькі зробіш мне, што я скажу, дык я зноў буду пасьвіць і ахоўваць авечкі твае.
І сказаў: «Што імне даць табе?» І сказаў Якаў: «Не дасі імне нічога. Калі толькі ўчыніш імне гэта, я зьвярнуся і буду пасьціць чароды твае, сьцерагчы:
І прайду сёньня па ўсім статку авечак тваіх; аддзялі зь яго ўсё быдла з плямкамі і зь пярэсьцінамі, усё быдла чорнае з авечак, таксама з плямкамі і зь пярэсьцінамі з коз. Такое быдла будзе мне ўзнагародаю.
Я прайду меж усіх чародаў тваіх сядні; адлучы зь іх кажнае зь ягнят із бодкамі а з плямамі, і кажную рудую з авец, і з плямамі а з бодкамі з козаў; і будзе гэта мая плата.
І гаварыцьме перад табою справядлівасьць мая ў наступны час, калі прыйдзеш паглядзець узнагароду маю. Кожная каза ня з плямкамі, і авечка ня чорная, гэта крадзенае ў мяне.
І будзе сьветчыць за мяне справядлівасьць мая на заўтрашні дзень, як прыйдзеш даведацца платы мае зь цябе. Кажная, што ня з бодкамі а ня з плямамі меж козаў, а ня рудая з авец, крадзеная гэта ў мяне».
Лаван сказаў: добра, няхай будзе паводле твайго слова.
І сказаў Лаван: «Добра, гэтак няхай будзе подле слова твайго».
І аддзяліў у той дзень казлоў пярэстых і з плямамі, і ўсіх коз з плямкамі і пярэсьцінамі, усіх, на якіх было белае, і ўсіх чорных авечак, і аддаў іх на рукі сынам сваім;
І адлучыў таго дня казлы ў чарэслы і з плямамі, і ўсі козы з бодкамі а з плямамі, усі, на каторых ё белае, і ўсі рудыя з авец, і аддаў на рукі сыном сваім;
і назначыў адлегласьць паміж сабою і Якавам на тры дні дарогі. А Якаў пасьвіў астатняе дробнае быдла Лаванавае.
І азначыў дарогу трох дзён меж сабою і Якавам. І Якаў пасьціў чароды Лабановы, каторыя засталіся.
І ўзяў Якаў сьвежых дубцоў таполевых, міндальных і яваравых, і выразаў на іх белыя палосы, акарыўшы да белага, якое на дубцах;
І ўзяў Якаў пруцьце тапалёвае сырое а міндалёвае а яваравае, і аблупіў на ім чарэслы белыя, зьняўшы кару да бялосьці, каторая на прутох;
і паклаў дубцы з нарэзкаю перад быдлам у вадапойных кадаўбах, зь якіх быдла прыходзіла паіцца, зачынала перад дубцамі.
І ўткнуў перад статкам пруты, каторыя аблупіў, у раўкі ля вадапойных карыгаў, куды прыходзіў статак піць, і цекаваў, прыходзячы піць.
І зачынала быдла перад дубцамі, і нараджалася быдла пярэстае, і з плямкамі, і зь пярэсьцінамі.
І цекаваў статак перад прутамі, і радзіўся статак у чарэслы, з бодкамі, з плямамі.
І аддзяляў Якаў ягнят і ставіў быдла перадам да пярэстага і ўсяго чорнага быдла Лаванавага; і трымаў свае статкі асобна і ня ставіў іх разам з быдлам Лаванавым.
І ягняты вылучаў Якаў, і ськіроваваў статак пыскамі да пярэстага і ўсяго рудога статку Лавановага; і станавіў свае стады асобна, і не станавіў іх разам із статкам Лавановым.
Кожнага разу, калі зачынаць быдла моцнае, Якаў клаў дубцы ў кадаўбах перад вачыма ў быдла, каб яно зачынала перад дубцамі.
І было, як цекаваў статак крэпшы, Якаў клаў пруты перад ачамі статку ў карытах, каб ён цекаваў перад прутамі;
А калі зачынала быдла слабое, тады ён ня клаў. І даставалася слабое быдла Лавану, а моцнае Якаву.
А калі слабшы з авец, тады ён ня клаў. І былі слабшыя Лавановы, а крэпшыя Якававы.
І зрабіўся гэты чалавек вельмі, вельмі багаты, і было ў яго мноства дробнага быдла, і рабынь і рабоў, і вярблюдаў і аслоў.
І расшырыўся гэты чалавек вельмі, вельмі, і было ў яго драбнога статку множасьць, і нявольніцаў і слугаў, і вярблюдоў, і аслоў.