Лявіт 24 разьдзел

Лявіт
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
 
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:

загадай сынам Ізраілевым, каб яны прынесьлі табе алею чыстага, выціснутага з алівы, дзеля асьвячэньня, каб няспынна гарэла сьвяцільня;
 
«Раскажы сыном Ізраелявым, і хай возьмуць табе алівы аліўкавае, чыстае, вытаўчанае, на сьвяценьне, каб паліць штачасны сьветач.

за заслонай каўчэга адкрыцьця ў скініі сходу Аарон і сыны ягоныя павінны ставіць яе прад Госпадам ад вечара да раніцы заўсёды: гэта вечная пастанова ў роды вашыя;
 
Вонках запінахі скрыні сьветчаньня ў будане збору наснудзе гэта Аарон зь вечара да раньня перад відам СПАДАРА штачасна. Гэта — вечная ўстава ў родах вашых.

на сьвечніку чыстым павінны яны ставіць сьвяцільню перад Госпадам заўсёды.
 
На сьветачу чыстым наснудзе лянпы перад СПАДАРОМ штачасна.

І вазьмі пшанічнай мукі і сьпячы зь яе дванаццаць хлябоў; у кожным хлебе павінны быць дзьве дзясятых эфы;
 
І вазьмі ценькае мукі й сьпячы зь яе двананцаць закрашаных букаткаў; дзьве дзясятыя ефы хай будуць у кажнай букатцы.

і пакладзі іх у два рады, па шэсьць у рад, на чыстым стале прад Госпадам:
 
І палажы іх у два рады, па шэсьць у рад, на чыстым стале перад СПАДАРОМ.

і пакладзі на кожны рад чыстага лівану, і будзе гэта пры хлебе, у памяць, у ахвяру Госпаду;
 
І палажы на рад чыстага кадзіла, і будзе гэта ля хлеба, на памятку, на аброк СПАДАРУ.

у кожны суботні дзень заўсёды трэба класьці іх перад Госпадам ад сыноў Ізраілевых: гэта наказ вечны;
 
Дня сыботняга, дня сыботняга прыгатуйце гэта перад СПАДАРОМ штачасна ад сыноў Ізраелявых: гэта змова вечная.

Яны будуць належаць Аарону і сынам ягоным, якія будуць есьці іх на сьвятым месцы, бо гэта вялікая сьвятыня ім з ахвяраў Гасподніх: гэта пастанова вечная.
 
І будзе Аарону а сыном ягоным, і будуць есьці яго на сьвятым месцу; бо сьвятое сьвятых гэта яму з агняных аброкаў СПАДАРОВЫХ: устава вечная».

І выйшаў сын адной Ізраільцянкі, які нарадзіўся ад Егіпцяніна, да сыноў Ізраілевых, і пасварыўся ў табары сын Ізраільцянкі зь Ізраільцянінам;
 
І вышаў сын аднае Ізраелкі, ён сын Егіпцяніна, меж сыноў Ізраелявых, і павадзіліся ў табару сын Ізраелчын і Ізраелец;

ганіў сын Ізраільцянкі імя Госпада і ліхасловіў. І прывялі яго да Майсея;
 
І ганіў сын Ізраелчын Імя Спадарова і клёў. І прывялі яго да Масея. А імя маці ягонае было Саломіф Дыўранка, з пакаленьня Дановага;

і пасадзілі яго пад варту, пакуль ня будзе абвешчана ім воля Гасподняя.
 
І памясьцілі яго пад старожу, каб было наказана ім із вуснаў СПАДАРОВЫХ.

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
 
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:

выведзі ганьбоўца прэч з табару, і ўсе, хто чуў яго, няхай пакладуць рукі свае на галаву ягоную, і ўсё супольства паб’е яго камянямі;
 
«Вывядзі ўлегцы маючага вонкі з табару, і ўсі, што чулі, няхай паложаць рукі свае на галаву ягоную, і ўкамянуе яго ўся грамада.

і сынам Ізраілевым скажы: хто будзе ліхасловіць Бога свайго, той панясе грэх свой;
 
І сыном Ізраелявым гукай, кажучы: кажная людзіна, каторая будзе ўлегцы мець Бога свайго, тая панясець грэх свой.

і ганьбовец імя Гасподняга павінен памерці, камянямі паб’е яго ўсё супольства: хай тое прыхадзень, хай тубылец пачне ганіць імя, аддадзены будзе сьмерці.
 
І хто будзе ганіць імя СПАДАРОВА, сьмерцю памрэць, каменьням укамянуюць яго ўся грамада. Як асяленец, таж тубылец, калі будзе ганіць імя СПАДАРОВА, памрэць.

Хто заб’е якога-небудзь чалавека, той аддадзены будзе сьмерці.
 
І людзіна, што заб’ець чалавека, сьмерцю памрэць.

Хто заб’е быдла, павінен заплаціць за яго, быдла за быдла.
 
Хто заб’ець статчыну, мае заплаціць за яе, дых за дых.

Хто зробіць шкодзіну на целе блізкага свайго, таму трэба зрабіць тое самае, што ён зрабіў:
 
І людзіна, што прычыне ган субрату свайму, то, як ён зрабіў, так мае быць зроблена яму.

пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб; як ён зрабіў шкодзіну на целе чалавека, так і яму трэба зрабіць.
 
Зламеньне за зламеньне, вока за вока, зуб за зуб: як ён прычыніў ган чалавеку, прычыняць так яму.

Хто заб’е быдла, павінен заплаціць за яго; а хто заб’е чалавека, таго трэба аддаць сьмерці.
 
І хто заб’ець статчыну, мае заплаціць за яе; а хто заб’ець чалавека, тый хай памрэць.

Адзін суд павінен быць у вас, як прыхадню, так і тубыльцу, бо Я Гасподзь, Бог ваш.
 
Адна ўстава хай будзе вам, як асяленцу, чужаземцу, так і тубыльцу хай будзе; бо Я СПАДАР, Бог ваш».

І сказаў Майсей сынам Ізраілевым; і вывелі ліхаслоўца прэч з табара, і пабілі яго камянямі, і зрабілі сыны Ізраілевыя, як загадаў Гасподзь Майсею.
 
І гукаў Масей сыном Ізраелявым; і вывялі ўлегцы маючага вонкі з табару, і ўкаменавалі яго, і зрабілі сынове Ізраелявы, як расказаў СПАДАР Масею.