Ёны 3 разьдзел
Кніга прарока Ёны
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І было слова Гасподняе Ёну другі раз:
І было слова СПАДАРОВА да Ёны ўдругава, кажучы:
«устань, ідзі ў Нінэвію — горад вялікі і прапаведуй у ёй, што Я загадаў табе».
«Устань, ідзі да Ніневы, гэнага вялікага места, і кажы казань, каторую Я казаў тэ».
І ўстаў Ёна і пайшоў у Нінэвію па слове Гасподнім; а Нінэвія была горад вялікі ў Бога, на тры дні хады.
Дык устаў Ёна і пайшоў да Ніневы подле слова СПАДАРОВАГА; Нінева ж была вялікае места ў Бога, трох дзён дарогі.
І пачаў Ёна хадзіць па горадзе, колькі можна прайсьці за адзін дзень, і прапаведаваў, кажучы: «яшчэ сорак дзён, — і Нінэвія будзе разбурана!»
І пачаў ён хадзіць па месьце, колькі льга прайсьці за адзін дзень, і гукаў, і казаў: «Яшчэ сорак дзён, і Нінева будзе абурана».
І паверылі Нінэвіцяне Богу: і абвясьцілі пост і апрануліся ў вярэты, ад вялікага зь іх да малога.
І паверылі Нінявяне Богу, і агаласілі пост, і адзеліся ў зрэбніну, ад вырослага зь іх аж да малога зь іх.
Гэтае слова дайшло да цара Нінэвіі, — і ён устаў з трона свайго і зьняў зь сябе царскае адзеньне сваё, і апрануўся ў вярэту і сеў на попеле,
Бо слова дасьпела да караля Ніневы, і ён устаў з пасаду свайго, і ськінуў ізь сябе адзецьце сваё, і пакрыўся зрэбнінаю, і сядзеў у попеле.
і загадаў абвясьціць і сказаць у Нінэвіі ад імя цара і вяльможаў ягоных, «каб ні людзі, ні быдла, ні валы, ні авечкі нічога ня елі, ні хадзілі на пашу, і вады ня пілі,
І агалошана, і сказана ў Ніневе з расказаньня каралёвага а вялікіх ягоных, кажучы: «Няхай ані людзіна, ані жывёла, ані буйны статак, ані драбны статак нічога не паспытаюцца, няхай ня пасьвяцца ані п’юць вады,
і каб пакрытыя былі вярэтай людзі і быдла і моцна галасілі да Бога, і каб кожны адвярнуўся ад ліхога шляху свайго ад гвалту рук сваіх.
Але няхай пакрыюцца зрэб’ям чалавек і жывёла і гукаюць да Бога голасна, і няхай кажная людзіна адвернецца ад благое дарогі свае і ад ўсілства, што ў руках іхных.
Хто ведае, можа, яшчэ Бог умілажаліцца і ўхіліць ад нас полымны гнеў Свой, і мы не загінем».
Хто ведае, ці не абернецца Бог і не пажалее, і не адвернецца ад палкага гневу свайго, каб мы не загінулі?»
І ўбачыў Бог дзеі іхнія, што яны зьвярнулі ад ліхога шляху свайго, і пашкадаваў Бог за бедства, пра якое сказаў, што навядзе на іх, і не навёў.
І Бог бачыў учынкі іхныя, што яны адвярнуліся ад благое дарогі свае, і Бог пажалеў ліха, каторае казаў, што маніўся ўчыніць ім, і ня ўчыніў.