Лукаша 1 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Як ужо многія пачалі складаць аповесьці пра добра вядомыя сярод нас падзеі,
 
Як шмат хто ўзяўся напісаць нарыс праз сталыя здарэньні памеж нас,

як пераказалі нам тое ўсе, хто з самага пачатку быў сьведкамі і слугамі Слова, —
 
Як перадалі нам тыя, што спачатку вочнікамі а слугачымі Слова былі, —

дык надумаўся і я, рупліва дасьледаваўшы ўсё з пачатку, па парадку апісаць табе, глыбокашаноўны Феафіле,
 
Здалося й імне добрым, дасьледаваўшы ўсе з належнага жарала, акуратна а з парадку напісаць тэ праз гэта, найпачэсьліўшы Хахілю,

каб ты ўведаў цьвёрдую аснову таго вучэньня, у якім быў настаўлены.
 
Каб ты добра ведаў пэўнасьць таго, чаго ты быў навучаны.

У дні Ірада, цара Юдэйскага, быў сьвятар з Авіевай чаргі, імем Захар, і жонка ягоная з роду Ааронавага, імя ейнае Элізабэта.
 
За дзён Гірада, караля Юдэйскага, быў адзін сьвятар, імям Захара, зь дзянное радоўкі Авінае, і жонка ягоная была з дачок Ааронавых, і імя ейнае Альжбета.

Абое яны былі праведныя перад Богам, жывучы паводле ўсіх запаведзяў і ўстанаўленьняў Гасподніх беспахібна.
 
Яны абое былі справядлівыя перад Богам, ходзячы ў вусіх расказаньнях а пастановах Спадаровых без заганы.

У іх ня было дзяцей, бо Элізабэта была няплодная, і абое былі ўжо ў сталым веку.
 
Але ня мелі дзяцяці, бо Альжбета была бясплодная, і абое былі ацяжараныя гадамі.

Аднаго разу, калі ён у парадку сваёй чаргі служыў перад Богам,
 
І сталася, як ён правіў сьвятарскі ўрад перад Богам у парадку свае радоўкі,

па жэрабі, як заведзена было ў сьвятароў, прыпала яму ўвайсьці ў храм Гасподні кадзіць,
 
Подле звычаю сьвятарскага ўраду, было яму жэрабя кадзіць, як ён увыйшоў у Дом Спадароў;

а ўсё мноства людзей малілася звонку ў часе каджэньня, —
 
А ўся множасьць люду малілася вонках у часе кадзеньня, —

тады зьявіўся яму анёл Гасподні, стоячы па правы бок да ахвярніка кадзільнага,
 
І зьявіўся яму ангіл Спадароў, стоячы паправе аброчніка кадзеньня.

і Захар, убачыўшы яго, сумеўся, і страх агарнуў яго.
 
І стрывожыўся Захара, абачыўшы, і ляк абняў яго.

Анёл жа сказаў яму: ня бойся, Захар, бо пачута малітва твая, і жонка твая Элізабэта народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян;
 
Але ангіл Спадароў сказаў яму: «Не лякайся, Захара; бо просьба твая пачута, і Альжбета, жонка твая, зачнець табе сына, і назавеш імя яго: Яан.

і будзе табе радасьць і весялосьць, і многія нараджэньню ягонаму ўзрадуюцца;
 
І табе будзе радасьць а весялосьць, і шмат хто будзе цешыцца з нараджэньня яго.

бо ён вялікі будзе перад Госпадам; ня будзе піць віна і сікеру, і Духам Сьвятым прасякнецца яшчэ ад улоньня маці сваёй;
 
Бо ён будзе вялікі ў ваччу Спадаровым, і ня будзе піць віна ані хмельнага напітку, і напоўніцца Духам Сьвятым нават ад жывата маці свае.

і многіх з-паміж сыноў Ізраілевых наверне да Госпада Бога іхняга;
 
І шмат каго зь дзяцей Ізраелявых наверне да Спадара, Бога іхнага.

і пройдзе перад імі ў духу і ў сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непакорлівым лад думак праведнікаў, каб зьявіць Госпаду народ падрыхтаваны.
 
І ён пойдзе перад Ім у духу а магутнасьці Ільлінае, каб зьвярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей і няслухменых да мудрасьці справядлівых, каб выгадаваць Спадару люд прыгатаваны».

І сказаў Захар анёлу: па чым я пазнаю гэта? бо я стары, і жонка мая ў сталым веку.
 
І сказаў Захара ангілу: «З чаго я пазнаю гэта? бо я ўжо стары, і жонка мая вельма ацяжараная днямі».

Анёл сказаў яму ў адказ: я Гаўрыіл, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і паведаміць табе гэта;
 
І, адказуючы, ангіл сказаў яму: «Я Гаўрэль, каторы стаю ў прытомнасьці Божай, і я быў пасланы казаць табе, і прынесьці табе дабравесьць.

і вось ты будзеш маўчаць і ня зможаш гаварыць да таго дня, калі гэта збудзецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія спраўдзяцца ў свой час.
 
І вось, ты будзеш бязмоўны, і ня будзеш магчы гукаць аж да дня, калі гэта станецца, бо ты не паверыў словам маім, каторыя споўняцца ўпару».

Тым часам люд чакаў Захара і зьдзіўляўся, што ён марудзіў у храме.
 
Люд жа чакаў Захары й дзіваваўся, што ён так длякаецца ў Доме Божым.

А ён, выйшаўшы, ня мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў уяву ў храме; і ён рабіў ім знакі і заставаўся нямы.
 
І, як ён вышаў, ня мог гукаць да іх; і яны пазналі, што ён відзеў відзень у Доме Божым, бо ён ківаў ім; і застаўся немы.

А як скончыліся дні службы ягонай, вярнуўся ў дом свой.
 
І сталася, што, як скончыліся дні адправы ягонае, ён адышоў да дому свайго.

Пасьля гэтых дзён зачала Элізабэта, жонка ягоная, і таілася пяць месяцаў, і казала:
 
А па тых днёх зачала Альжбета, жонка ягоная, і таілася пяць месяцаў, кажучы:

так учыніў мне Гасподзь у дні тыя, калі паглядзеў на мяне, каб зьняць зь мяне ганьбу сярод людзей.
 
«Гэтак імне ўчыніў Спадар за дзён, калі глянуў, каб зьняць ганьбу маю памеж людзёў».

А на шостым месяцы пасланы быў анёл Гаўрыіл ад Бога ў горад Галілейскі, які называўся Назарэт,
 
А шостага месяца пасланы быў ад Бога ангіл Гаўрэль да места Ґалілейскага, званага Назарэт,

да Дзевы, заручанай з мужам, імем Язэп, з дому Давідавага; а імя ў Дзевы: Марыя.
 
Да дзявушчае, заручанае з чалавекам, каторага імя было Язэп, з дому Давідавага, а дзявушчае імя: Марыя.

Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою; дабраславёная Ты сярод жанчын.
 
І, увыйшоўшы да яе, ангіл сказаў: «Здарова, ласкаю абдараваная! Спадар із табою; дабраславёная ты памеж жанок».

А Яна, угледзеўшы яго, сумелася ад словаў ягоных і разважала, што б гэта было за вітаньне.
 
Яна ж, абачыўшы яго, парушылася на слова ягонае й разважала, што гэта было б за здарованьне.

І сказаў Ёй анёл: ня бойся, Марыя, бо Ты здабыла мілату ў Бога;
 
І сказаў ёй ангіл: «Ня бойся, Марыя, бо ты прыдбала ласку ў Бога.

і вось, зачнеш ва ўлоньні, і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус;
 
І вось, зачнеш у жываце, і народзіш Сына, і назавеш імя Ягонае: Ісус.

Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Усявышняга; і дасьць Яму Гасподзь Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага;
 
Ён будзе вялікі і назавецца Сынам Навышняга, і Спадар Бог дасьць Яму пасад Давідаў, айца Ягонага;

і будзе валадарыць над домам Якава вечна, і Царству Ягонаму ня будзе канца.
 
І будзе гаспадарстваваць у доме Якававым навекі, і гаспадарству Ягонаму ня будзе канца».

А Марыя сказала анёлу: як будзе гэта, калі Я мужа ня знаю?
 
І сказала Марыя ангілу: «Як гэта будзе, калі я мужа ня знаю?»

Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Сьвяты сыйдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе; таму і народжанае Сьвятое назавецца Сынам Божым;
 
І, адказуючы, ангіл сказаў ёй: «Дух Сьвяты зыйдзе на Цябе, і моц Навышняга засьціць табе; затым і народжанае сьвятое назавецца Сынам Божым.

вось, і Элізабэта, сваячка Твая, называная няплоднаю, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і ёй ужо шосты месяц;
 
І вось, сваячка твая Альжбета, званая бясплоднай, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і гэты ё шосты месяц ёй, званай бясплоднай.

бо ў Бога не застанецца бясьсілым ніякае слова.
 
Бо ў Бога нічога няма немагчымага».

Тады Марыя сказала: вось, раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго. І адыйшоў ад Яе анёл.
 
І Марыя сказала: «Вось, служэбка Спадарова; хай будзе імне подле слова Твайго». І ангіл адышоў ад яе.

І ўстаўшы, Марыя ў дні тыя, пасьпяшалася ў нагорную краіну, у горад Юдаў,
 
І ўстаўшы Марыя тых дзён, з пасьпехам пайшла да гаравое краіны, да места Юдзінага.

і ўвайшла ў дом Захара, і прывітала Элізабэту.
 
І ўвыйшла ў дом Захарын, і паздаровала Альжбету.

Калі Элізабэта пачула вітаньне Марыіна, варухнулася дзіцятка ў чэраве ў яе; і Элізабэта напоўнілася Духам Сьвятым,
 
І сталася, як пачула Альжбета здарованьне Марыіна, што скранулася дзяцянё ў жываце ейным, і Альжбета напоўнілася Духам Сьвятым,

і ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Дабраславёная Ты сярод жанчын, і дабраславёны плод улоньня Твайго!
 
І загукала вялікім голасам, і сказала: «Дабраславёная ты памеж жанок, і дабраславёны плод жывата твайго.

І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне?
 
І скуль гэта імне, што прышла маці Спадара майго да мяне?

Бо калі голас вітаньня Твайго дайшоў да слыху майго, варухнулася дзіцятка радасна ў чэраве маім.
 
Бо, гля, як толькі гук здарованьня твайго загучэў у вушшу маім, скранулася з радасьці дзецянётка ў жываце маім.

і дабрашчасная Тая, Якая паверыла, бо збудзецца сказанае Ёй ад Госпада.
 
І дабраславёная тая, што паверыла, бо зьдзеецца сказанае ёй ад Спадара».

І сказала Марыя: праслаўляе душа Мая Госпада,
 
І сказала Марыя: «Узьвялічае душа мая Спадара;

і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцу Маім,
 
І ўсьцешыі’ся дух мой у Вогу, Спасу маім;

што дагледзеў Ён пакорлівасьць рабы Сваёй; бо ад сёньня будуць шчасьціць Мяне ўсе роды,
 
Бо глянуў Ён на паніжэньне служэбкі Свае; вось, адгэтуль за шчасьлівую мяне будуць мець усі роды;

бо ўчыніў Мне веліч Магутны і сьвятое імя Ягонае,
 
Бо ўчыніў імне вялічча Дужы; і сьвятое імя Ягонае;

і ласка Ягоная ў роды родаў да тых, што баяцца Яго;
 
І міласэрдзе Ягонае ад роду да роду да тых, што баяцца Яго.

зьявіў сілу рукі Сваёй; расьсеяў тых, што заносяцца думкамі сэрца свайго;
 
Зьдзеяў моц цаўём Сваім; расьцярушыў пыхатых падумкамі сэрца іхнага;

скінуў моцных з тронаў, і ўзвысіў пакорлівых;
 
Ськінуў дужых із пасадаў і павышыў паніжаных.

галодных напоўніў дабром, а багатых пусьціў ані з чым;
 
Напоўніў прагнучых дабром, а багатых адаслаў пустых.

прыгарнуў Ізраіля, слугу Свайго, памятаючы пра міласэрнасьць;
 
Памог Ізраелю, слузе Свайму, памятуючы на міласэрдзе,

як казаў бацькам нашым, Абрагаму і семені ягонаму давеку.
 
Як казаў айцом нашым, Абрагаму а насеньню ягонаму навекі».

А Марыя прабыла зь ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом Свой.
 
І заставалася Марыя зь ёй каля трох месяцаў, і зьвярнулася да дому свайго.

А Элізабэце прысьпеў час радзіць, і яна нарадзіла сына.
 
Альжбеце ж выпаўніўся час радзіць, і яна нарадзіла сына.

І пачулі суседзі і родзічы ейныя, што прасьцёр Гасподзь ласку Сваю над ёю, і радаваліся зь ёю.
 
І пачулі суседзі а сваякі ейныя, як Спадар узьвялічыў міласэрдзе над ёй, і цешыліся зь ёю.

На восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіця, і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарам.
 
І сталася, што на восьмы дзень прышлі абразаць дзецянё і звалі яго, подле імені айца ягонага, Захара.

На гэта маці ягоная сказала: не; а назваць яго Янам.
 
Але маці ягоная, адказуючы, сказала: «Не, але названы будзе Яанам».

І сказалі ёй: нікога няма ў радзіне тваёй, хто б называўся гэтым імем.
 
І сказалі ёй: «Нікога няма ў родзе тваім, каб быў названы гэтым імям».

І пыталіся знакамі ў бацькі ягонага, як бы ён хацеў назваць яго.
 
І паказавалі знакамі айцу ягонаму, як бы яго хацеў назваць.

Ён папрасіў дошчачку і напісаў: Ян імя яму. І ўсе зьдзівіліся.
 
А ён, папрасіўшы дошчачкі, напісаў, кажучы: «Яан імя ягонае». І дзіваваліся ўсі.

І адразу разамкнуліся вусны ягоныя і язык ягоны, і ён загаварыў, славячы Бога.
 
І якга адчыніліся вусны ягоныя а язык ягоны, і ён гукаў, хвалячы Бога.

І быў страх на ўсіх, што жылі вакол іх; і расказвалі пра ўсё гэта па ўсёй нагорнай краіне Юдэйскай.
 
І напаў страх на ўеіх, што жылі навокал іх, і па ўсёй гаравой краіне Юдэі гукалі ўсі гэтыя словы.

Усе, хто чуў, паклалі гэта ў сэрца сваё і казалі: што будзе зь дзіцятка гэтага? І рука Гасподняя была зь ім.
 
І ўсі, што чулі, складалі ў сэрцах сваіх, кажучы: «Што за дзецянё гэта будзе!» І запраўды рука Спадарова была зь ім.

І Захар, бацька Ягоны, напоўніўся Духам Сьвятым і прарочыў, кажучы:
 
І Захара, айцец ягоны, напоўніўся Духам Сьвятым і праракаў, кажучы:

Дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, што наведаў народ Свой і даў ратунак яму,
 
«Дабраславёны Спадар, Бог Ізраеляў, што даведаўся й зьдзеяў адкупленьне люду Свайму;

і паслаў моцнага выратавальніка нам, нашчадка Давіда, слугі Свайго,
 
І ўзьняў рог спасеньня нам у доме Давіда, слугі Свайго;

як узьвясьціў вуснамі былых ад веку сьвятых прарокаў Сваіх,
 
Як казаў вуснамі сьвятых прарокаў Сваіх, што былі ад веку,

што ўратуе нас ад ворагаў нашых; і ад рукі ўсіх ненавісьнікаў нашых;
 
Праз спасеньне нас ад варагоў нашых і ад рукі ўсіх ненавідзячых нас;

учыніць міласэрнасьць бацькам нашым і ўспомніць сьвятую дамову Сваю,
 
Што зьдзее міласэрдзе айцом нашым і ўспомне сьвятую ўмову Сваю,

прысягу, якою прысягаў Ён Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам,
 
Прысягу, што Ён прысягнуў Абрагаму, айцу нашаму, даць нам,

каб бяз страху, пасьля збавеньня ад рук ворагаў нашых,
 
Каб бяз страху, з рукі непрыяцеляў сваіх вывальненыя, служылі Яму

мы служылі Яму ў сьвятасьці і праўдзе перад Ім ва ўсе дні жыцьця нашага.
 
Ў сьвятасьці а справядлівасьці перад Ім усі дні жыцьця свайго.

А ты, дзіця, назавешся прарокам Усявышняга, бо ідзеш перад абліччам Госпада — падрыхтаваць шляхі Яму,
 
І ты, дзецянё, назавешся прарокам Навышняга, бо пойдзеш перад відам Спадаровым, гатаваць дарогі Ягоныя,

каб разумеў народ Ягоны ратунак у дараваньні грахоў іхніх,
 
Даць пазнаньне спасеньня люду Ягонаму ў дараваньню грахоў іхных,

праз шчырую міласэрнасьць Бога нашага, якой наведаў нас Усход з вышыні,
 
Пераз чульлівае міласэрдзе Бога нашага, як із вышыні Золак даведаўся да нас,

прасьвятліць тых, што сядзяць у цемры і цяні сьмяротным, скіраваць ногі нашыя на шлях міру.
 
Даць сьвятло седзячым у цямноце а ў сьценю сьмерці, кіраваць ногі нашыя на дарогу супакою».

А дзіця расло і мацавалася духам, і заставалася ў пустынях да дня зьяўленьня свайго Ізраілю.
 
А дзяцё расло а дужэла духам, і было на пустынях аж да дня паказаньня свайго Ізраелю.