Лукаша 21 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І глянуўшы, Ён убачыў багатых, што клалі дары свае ў скарбонку;
І глянуўшы, Ён абачыў багатых, што кідалі ў скарбонку падаркі свае;
убачыў таксама і бедную ўдаву, якая паклала туды дзьве лепты,
Але абачыў таксама бедную ўдаву, што ўкінула ў яе два медзякі.
і сказаў: праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава больш за ўсіх паклала;
І сказаў Ён: «Запраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула балей за ўсіх;
бо ўсе тыя ад лішку свайго паклалі Богу, а яна ад нястачы сваёй паклала ўвесь пражытак свой, які мела.
Бо ўсі тыя із бытку свайго ўкінулі на дар Богу, а яна зь нястачы свае ўкінула ўвесь пражытак, які мела».
І калі некаторыя гаварылі пра храм, што ён упрыгожаны дарагімі камянямі і дарамі, Ён сказаў:
І як некатрыя сказалі празь сьвятыню, што яна прыбрана харошым каменьням а дарамі, Ён сказаў:
прыйдуць дні, у якія з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені; усё будзе разбурана.
«Прыйдуць дні, калі з таго, што вы бачыце, не застанецца камень на каменю, каторы ня быў бы ськінены».
І спыталіся ў Яго: Настаўнік! калі ж гэта будзе? і якая прыкмета, калі адбыцца павінна?
І папыталіся ў Яго, кажучы: «Вучыцелю, калі гэта будзе? і якая пазнака, калі гэта мае стацца?»
Ён сказаў: сьцеражэцеся, каб вас не ўвялі ў аблуду; бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я; і гэты час блізкі. Не хадзеце сьледам за імі.
І сказаў Ён: «Уважайце, каб вас не зьвялі, бо шмат хто прыйдзе ў імя Мае, кажучы: "Гэта Я", і "час дабліжыўся". Не хадзіце за імі.
А як пачуеце пра войны і смуты, не жахайцеся: бо гэта павінна быць раней; але не адразу канец.
Як жа пачуеце праз войны а замятні, не палохайцеся, бо гэта мае стацца ўперад, але ня зараз канец».
Тады сказаў ім: паўстане народ на народ, і царства на царства;
Тады сказаў ім: «Народ паўстане на народ, і гаспадарства на гаспадарства;
будуць вялікія землятрусы месцамі, і голад і пошасьці, і вусьцішныя зьявішчы і вялікія азнакі зь неба.
Будуць вялікія трасеньні зямлі ў розных месцах а галадові а ліпучкі а страшныя зьявы а вялікія знакі зь неба.
Але раней за ўсё тое накладуць на вас рукі і будуць гнаць вас, выдаючы ў сынагогі і ў цямніцы, і паставяць перад царамі і правіцелямі за імя Маё,
Але наўперад накладуць на вас рукі свае і будуць перасьледаваць, выдаючы ў бажніцы й вязьніцы, прыводзячы да каралёў а дзяржаўцаў за імя Мае.
а будзе гэта вам на сьведчаньне.
Будзе ж гэта вам на сьветчаньне.
Дык вось, пакладзеце сабе на сэрца не абдумваць наперад, што адказваць;
«Затым пакладзіце ў сэрцы свае не абдумаваць загадзя абароны;
бо Я дам вам вусны і мудрасьць, якой ня здолеюць супярэчыць, ні супрацьстаяць усе, хто супрацівіцца вам.
Бо Я вам дам вусны а мудрасьць, каторым ня будуць магчы перачыць ані працівіцца ўсі праціўнікі вашыя.
Выдадзены таксама будзеце і бацькамі і братамі, і родзічамі і сябрамі, і некаторых з вас заб’юць;
І вы будзеце выданы нават бацькамі а братамі а сваякамі а прыяцельмі, і заб’юць нека торых із вас;
і будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё;
І будуць ненавідзіць вас усі за імя Мае.
але і волас з галавы вашай не прападзе.
Але й волас із галавы вашае не загіне.
Цярпеньнем вашым ратуйце душы вашыя.
Цярплівай трывалкосьцяй сваёй прыдбаеце душы свае.
Калі ж убачыце Ерусалім, абложаны войскам, тады ведайце, што наблізіўся заняпад яго:
«А як і абачыце Ерузалім абступлены войскам, тады ведайце, што спустошаньне яго дабліжылася.
тады ўсе, хто ў Юдэі, хай уцякаюць у горы; і хто ў горадзе, выходзь зь яго; і хто ў навакольлі, не ўваходзь у яго,
Тады тыя, што ў Юдэі, уцякайце ў горы; і хто ў ім, выходзь ізь яго; і хто ў ваколіцы, ня ўходзь у яго;
бо гэта дні помсты, хай збудзецца ўсё напісанае.
Бо гэта дні помсты, каб усе напісанае выпаўнілася.
Ды гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні; бо вялікая будзе нягода на зямлі і гнеў на народ гэты:
І бяда цяжарным а соячым тых дзён, бо будзе вялікая нястача на зямлі і гнеў на люд гэты.
і палягуць ад вострага меча, і павядуцца ў палон ва ўсе народы; і Ерусалім будзе таптаны язычнікамі, дакуль ня скончацца часы язычнікаў.
І падуць ад ляза мяча, і будуць заведзены ў палон да ўсіх народаў; і Ерузалім будзе таптаны народамі, пакуль ня скончацца часы народаў.
І будуць азнакі ў сонцы і ў месяцы і ў зорках, а на зямлі заняпад духу народаў і недаўмёнасьць; і мора зашуміць і забушуе;
«І будуць знакі на сонцу а месяцу а гвездах, і на зямлі трывога народаў у замятні, равеньне а хваляваньне мора.
людзі будуць здыхаць ад страху і чаканьня нягодаў, што пойдуць на сьвет, бо сілы нябесныя пахіснуцца.
Людзі будуць паміраць із страху а спадзяваньня прыходзячага на ўвесь сьвет, бо сілы нябёсныя захістаюцца.
І тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках у сіле і славе вялікай.
«І тады абачаць Сына Людзкога, у булакох ізь сілаю а славаю вялікай ідучага.
А калі пачне гэта збывацца, тады схілецеся і падымеце галовы вашыя, бо набліжацьмецца збавеньне вашае.
Як жа пачнець гэта дзеяцца, глядзіце і ўзьнімайце галавы свае, бо бліжыцца адкупленьне вашае».
І сказаў ім прытчу: паглядзеце на смакоўніцу і на ўсе дрэвы:
І сказаў ім прыпавесьць: «Глядзіце на фіґу а на ўсі дзервы.
калі яны ўжо распускаюцца, дык, бачачы гэта, ведаеце самі, што ўжо блізка лета.
Як яны ўжо пукаюцца, то ведаеце самы, гледзячы на гэта, што лета блізка.
Так, і калі вы ўбачыце, што тое збываецца, ведайце, што блізка Царства Божае.
Дык таксама, як абачыце, што гэта дзеецца, ведайце, што гаспадарства Божае блізка.
Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як ўсё тое будзе:
Запраўды кажу вам, што ня мінець род гэты, як усе станецца.
неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць.
Неба й зямля мінуць, але словы мае а ніяк ня мінуць.
Глядзеце ж за сабою, каб сэрцы вашыя не абцяжарваліся абжорствам і п’янствам і клопатам будным, і каб дзень той не застаў вас зьнянацку:
Шануйцеся, каб сэрцы вашыя наагул не цяжарыліся пярэсыцьцю а п’янствам а жыцьцявымі рупатамі, і каб дзень тый не засьпеў вас якга, неўспадзеўкі;
бо ён, як сетка, накрые ўсіх, хто жыве па ўсім улоньні зямным;
Бо, як пасадка, ён прыйдзе на ўсіх тых, што жывуць на відзе ўсяе зямлі.
дык вось, чувайце ва ўсякі час і малецеся, і хай спадобіцеся ўнікнуць усіх гэтых будучых нягодаў і паўстаць перад Сынам Чалавечым.
Дык будзьце чукавыя кажнае пары, молячыся, каб вы маглі ўсьцерагчыся ад усяго таго, што мае стацца, і стаць перад Сынам Людзкім».
Удзень Ён вучыў у храме; а ночы, выходзячы, праводзіў на гары, называнай Аліўнай.
І ўдзень Ён навучаў у сьвятыні, а ночы, выходзячы, заставаўся вонках на гары, званай Аліўнай.
І ўвесь люд з раніцы прыходзіў да Яго ў храм слухаць Яго.
І ўвесь люд прыходзіў рана нараніцы да Яго, слухаць Яго.