1 да Карынфянаў 1 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Павал, воляй Божаю пакліканы апостал Ісуса Хрыста, і Сасфэн брат,
 
Паўла, воляю Божаю пагуканы апостал Ісуса Хрыста, а Сосьфен брат,

Царкве Божай, якая ў Карынфе, асьвечаным у Хрысьце Ісусе, пакліканым сьвятым, з усімі, хто заклікае імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, у кожным месцы, у іх і ў нас:
 
Царкве Божай, што ў Карынце, пасьвячаным у Хрысту Ісусу, пагуканым сьвятым, з усімі, што гукаюць імя Спадара нашага Ісуса Хрыста на кажным месцу, у іх і ў нас:

мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
 
Ласка вам а супакой ад Бога, Айца нашага, а Спадара Ісуса Хрыста.

Не перастаю дзякаваць Богу майму за вас, дзеля мілаты Божай, дадзенай вам у Хрысьце Ісусе.
 
Дзякую Богу свайму заўсёды за вас узглядам ласкі Божае, данае вам у Ісусу Хрысту,

Бо ў Ім вы ўзбагаціліся ўсім, усякім словам і ўсякім разуменьнем,
 
Што ўсім вы забагацелі ў Ім, усялякім словам і ўсялякім веданьням, —

бо сьведчаньне Хрыстовае сьцьвердзілася ў вас,
 
Бо сьветчаньне Хрыстова ўмацавалася ў вас, —

так што вы ня маеце нястачы ні ў якім дараваньні, чакаючы зьяўленьня Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 
Так што вы ня маеце нястачы ні ў якім дару, чакаючы зьяўленьня Спадара нашага Ісуса Хрыста,

Які і ўмацуе вас да канца, каб вам быць бязьвіннымі ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста.
 
Каторы і ўмацуе вас аж да канца быць бязьвіннымі на дзень Спадара нашага Ісуса Хрыста.

Верны Бог, Якім вы пакліканыя да супольнасьці з Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым.
 
Верны Бог, Каторым вы пагуканыя да ўзаем’я Сына Ягонага Ісуса Хрыста, Спадара нашага.

Малю вас, браты, імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно, і ня было паміж вамі падзелаў, а каб вы спалучаны былі ў адным духу і ў адных помыслах.
 
Вось жа малю вас, браты, імям Спадара нашага Ісуса Хрыста, каб усі вы гукалі адно, і ня было меж вас падзелаў, але каб вы супоўна задзіночыліся ў тэй самай думцы і ў тым самым паглядзе.

Бо ад дамашніх Хлоіных сталася мне вядома пра вас, браты мае, што паміж вамі ёсьць незлагадзь.
 
Бо ад Хлоіных стала імне ведама, браты мае, праз вас, што сьпярэчкі ё памеж вас.

Я разумею тое, што ў вас кажуць: «я Паўлаў»; «я Апалосаў»; «я Кіфаў»; «а я Хрыстоў».
 
Я гукаю праз тое, што кажны з вас кажа: «Я запраўды Паўлаў», а «Я Аполосаў», а «Я Кіфін», а «Я Хрыстоў».

Хіба падзяліўся Хрыстос? хіба Павал крыжаваўся за вас? альбо ў імя Паўлава вы ахрысьціліся?
 
Нягож Хрыстос падзяліўся? альбо Паўла быў укрыжаваны за вас? альбо ў імя Паўлы вы хрысьціліся?

Дзякую Богу, што я нікога з вас ня хрысьціў, акрамя Крыспа і Гаія,
 
Дзякую Богу, што нікога з вас ня хрысьціў, апрача Крыспа а Ґая,

каб не сказаў хто, што я хрысьціў у імя маё.
 
Што ніхто ня можа сказаць, што я хрысьціў у імя свае собскае.

Хрысьціў я таксама Сьцяпанаў дом; а ці хрысьціў я яшчэ каго, ня ведаю.
 
Але, я хрысьціў і дом Сьцепаноў; але балей ня ведаю, ці хрысьціў каго іншага.

Бо Хрыстос паслаў мяне ня хрысьціць, а зьвеставаць, ня ў мудрасьці слова, а каб не зьнясіліць крыж Хрыстовы.
 
Бо Хрыстос не паслаў мяне хрысьціць, але абяшчаць дабравесьць, ня ў мудрасьці слова, каб ня быў змарнаваны крыж Хрыстоў.

Бо слова пра крыж для пагібельных — юродзтва ёсьць, а нам, што ратуемся, — сіла Божая!
 
Бо слова праз крыж гінучым ё дурніна, але нам спасаным — сіла Божая.

Бо напісана: «Я зьнішчу мудрасьць мудрацоў, і розум разумных адкіну».
 
Бо напісана: «Загублю мудрасьць мудрыцоў, а розум разумных адхіну».

Дзе мудрэц? дзе кніжнік? дзе суразмоўца веку гэтага? Ці не абярнуў Бог мудрасьць сьвету гэтага ў неразумнасьць?
 
Ідзе мудрэц? ідзе кніжнік? ідзе сьпярэчнік гэтага веку? Ці не абярнуў Бог мудрасьць гэтага сьвету ў дурноту?

Бо калі сьвет сваёй мудрасьцю не спазнаў Бога ў мудрасьці Божай, дык заўгодна было Богу юродзтвам пропаведзі выратаваць веруючых.
 
Бо як сьвет мудрасьцяй не пазнаў Бога ў мудрасьці Божай, зьлюб Богу было дурнотаю абяшчаньня спасьці вернікаў.

Бо і Юдэі патрабуюць цудаў, і Эліны шукаюць мудрасьці;
 
Бо Жыды вымагаюць знакоў, а Грэкі шукаюць мудрасьці;

а мы прапаведуем Хрыста ўкрыжаванага, для Юдэяў камень спатыкненьня, а для Элінаў неразумнасьць,
 
Мы ж абяшчаем укрыжаванага Хрыста, Жыдом спадмана, а народам дурнота,

а для саміх пакліканых, Юдэяў і Элінаў, Хрыста, Божую сілу і Божую мудрасьць;
 
Але пагуканым, Жыдом і Грэкам, Хрыста, моц Божую а мудрасьць Божую;

бо і буянае Божае мудрэйшае за людзей, і нямоцнае Божае мацнейшае за людзей.
 
Бо дурнота Божая мудрэйшая за людзёў, а млявае ў Бога дужшае за людзёў.

Паглядзеце, браты, хто вы, закліканыя: няшмат сярод вас мудрых па плоці, няшмат моцных, няшмат высакародных;
 
Разважча, браты, хто вы пагуканыя, што ня шмат мудрых подле цела, ня шмат дужых, ня шмат дабрародных;

але Бог выбраў буянае сьвету, каб пасароміць мудрых, і нямоглае сьвету выбраў Бог, каб пасароміць моцнае;
 
Бо Бог абраў дурноту гэтага сьвету, каб засароміць мудрых, і Бог абраў млявае гэтага сьвету, каб засароміць дужасьць;

і бязроднае сьвету і пагарджанае і нічога ня значнае выбраў Бог, каб зьнясіліць значнае;
 
І нізкое сьвету, і пагрэбаваных абраў Бог, і няіснуючае, каб існуючае зьнішчыць, —

на тое, каб ніякая плоць не пахвалялася перад Богам.
 
Так, каб не хвалілася перад Богам ніякае цела.

Ад Яго і вы ў Хрысьце Ісусе, Які зрабіўся нам мудрасьцю ад Бога, праведнасьцю і асьвячэньнем і адкупленьнем,
 
Ад Яго й вы ў Хрысту Ісусу, Каторы стаў нам мудрасьцю ад Бога, як і справядлівасьцю а пасьвячэньням а адкупленьням,

каб было, як напісана: «хто хваліцца, хваліся Госпадам».
 
Як напісана: «Хто хваліцца, Спадаром хваліся».