1 да Фесаланікійцаў 1 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Павал і Сілуан і Цімафей Царкве Фесаланіцкай у Богу Айцы і Госпадзе Ісусе Хрысьце: мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Паўла а Сілан а Цімох царкве Салунскай у Богу Айцу а Спадару Ісусу Хрысту: ласка вам а супакой.
Увесь час дзякуем Богу за ўсіх вас, спамінаючы вас у малітвах нашых,
Мы заўсёды дзякуем Богу за вас усіх, мянуючы вас у малітвах сваіх,
няспынна памятаючы вашу дзею веры і працу любові і цярплівасьць спадзяваньня на Госпада нашага Ісуса Хрыста прад Богам і Айцом нашым,
Бязупынку памятуючы ваш учынак веры і працу міласьці і цярплівосьць надзеі на Спадара нашага Ісуса Хрыста перад Богам а Айцом нашым,
ведаючы выбраньне ваша, любасныя браты;
Ведаючы, любыя Богу браты, праз абраньне ваша;
бо наша зьвеставаньне ў вас было ня ў слове толькі, а і ў сіле, і ў Сьвятым Духу і з многімі сьведчаньнямі, як вы самі ведаеце, якія мы былі для вас паміж вамі.
Бо Дабравесьць наша была ў вас ня ў слове толькі, але і ў магутнасьці, і ў Духу Сьвятым, і ў шмат якім перакананьню.
І вы пачалі пераймаць нас і Госпада, прыняўшы слова ў вялікіх смутках з радасьцю Духа Сьвятога,
І вы сталі перайманьнікамі нашымі й Божымі, прыняўшы слова ў шмат атугах із радасьцяй Духа Сьвятога;
так што вы зрабіліся ўзорам усім веруючым у Македоніі і Ахаі.
Так што вы сталі зразаю ўсім вернікам у Макядоні а ўв Ахаі.
Бо ад вас пранеслася слова Гасподняе ня толькі ў Македоніі і Ахаі, але і па ўсіх усюдах прайшла слава пра веру вашую ў Бога, так што нам ні пра што ня трэба распавядаць.
Бо ад вас прагучэла слова Спадарова ня толькі ў Макядоні а Ахаі, але ў кажным месцу вера ваша ўзглядам Бога разьнеслася, так што мы не патрабуем нічога казаць.
Бо самі яны распавядаюць пра нас, які прыход мы мелі ў вас і як вы навярнуліся ад ідалаў да Бога, каб служыць Богу жывому і сапраўднаму
Бо яны самы павядаюць праз нас, які ўход мелі мы да вас, і як вы навярнуліся да Бога ад балваноў, каб служыць Богу жывому й праўдзіваму
і чакаць зь нябёсаў Сына Ягонага, Якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых, Ісуса, Які ратуе нас ад будучага гневу.
І чакаць ізь нябёс Сына Ягонага, Каторага Ён ускрысіў ізь мертвых, Ісуса, што збаўляе нас ад прыйдучага гневу.