Быццё 1 разьдзел

Быццё
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

На пачатку стварыў Бог неба і зямлю.
 
На пачатку1 стварыў Бог неба і зямлю.

А зямля была нябачная і пустая і цемра над безданьню, і Дух Божы лунаў над вадою.
 
Зямля ж была бязвідная і неўладкаваная2, і цемра над безданню, і Дух Божы нёсся над вадою.

І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло.
 
І сказаў3 Бог: “Няхай будзе святло”. І з’явілася святло.

І ўбачыў Бог сьвятло, што яно добра, і аддзяліў Бог сьвятло ад цемры.
 
І ўбачыў Бог, што святло добрае.4 Тады аддзяліў Бог святло ад цемры.

І назваў Бог сьвятло днём, а цемру ноччу. І быў вечар, і была раніца: дзень адзін.
 
І назваў Бог святло днём, а цемру ноччу. І быў вечар, і была раніца — дзень першы5.

І сказаў Бог: хай будзе цьвердзь пасярод вады, і хай аддзяляе яна ваду ад вады.
 
І сказаў Бог: “Няхай будзе цвярдыня пасярэдзіне вады і няхай аддзеліць ваду ад вады”. І было так.

І стварыў Бог цьвердзь, і аддзяліў ваду, якая пад цьвердзю, ад вады, якая над цьвердзю. І сталася так.
 
І стварыў Бог цвярдыню, і аддзяліў Бог ваду, што была ніжэй, пад цвярдыняй, і ваду паверх цвярдыні.

І назваў Бог цьвердзь небам. І быў вечар, і была раніца: дзень другі.
 
І назваў Бог цвярдыню небам. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І быў вечар, і была раніца — дзень другі.

І сказаў Бог: хай зьбярэцца вада, якая пад небам, у адно месца, і хай явіцца суша. І сталася так.
 
І сказаў Бог: “Няхай злучыцца вада, што пад небам, у адзін збор6 і стане бачнаю суша”. І было так. І сабралася вада пад небам у зборы яе, і стала бачнаю суша.

І назваў Бог сушу зямлёю, а збор вады назваў морамі. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
 
І назваў Бог сушу зямлёю, а сутокі7 водаў назваў морамі. І ўбачыў Бог, што гэта добра.

І сказаў Бог: хай уродзіць зямля зеляніну, траву, каб сеяла насеньне, дрэва плоднае, каб радзіла паводле роду свайго плод, у якім насеньне яго на зямлі. І сталася так.
 
І сказаў Бог: “Няхай узгадуе зямля парасці травы, што сее семя паводле роду і паводле падабенства, і дрэва ўрадлівае, што родзіць плады з насеннем паводле роду свайго на зямлі”. І было так.

І ўтварыла зямля зеляніну, траву, што сеяла насеньне паводле роду яе, і дрэва, што радзіла плод, у якім насеньне паводле роду ягонага. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
 
І ўрадзіла зямля парасці травы, што сее насенне паводле роду і паводле падабенства, і дрэва ўрадлівае, што родзіць плады з насеннем паводле роду свайго на зямлі. І ўбачыў Бог, што гэта добра.

І быў вечар, і была раніца: дзень трэці.
 
І быў вечар, і была раніца — дзень трэці.

І сказаў Бог: хай будуць сьвяцілы на цьвердзі нябеснай дзеля аддзяленьня дня ад ночы, і на азнакі і поры, і дні і гады;
 
І сказаў Бог: “Няхай узнікнуць свяцілы на цвярдыні неба дзеля асвятлення зямлі, аддзяляючы дзень ад ночы. І няхай стануць на пазнакі часінаў, і дзён, і гадоў.

і хай будуць яны сьвяцільнямі на цьвердзі нябеснай, каб сьвяціць на зямлю. І сталася так.
 
І няхай будуць дзеля асвятлення ў цвярдыні неба, каб свяціць на зямлю”. І было так.

І стварыў Бог два сьвяцілы вялікія: сьвяціла большае, каб кіраваць днём, і сьвяціла меншае, каб кіраваць ноччу, і зоркі;
 
І стварыў Бог два свяцілы вялікія: вялікае свяціла дзеля ачольвання дня і малое свяціла дзеля ачольвання ночы ды зоркі.

і паставіў іх Бог на цьвердзі нябеснай, каб сьвяціць на зямлю,
 
І змясціў іх Бог у цвярдыні неба, каб свяцілі на зямлю,

і кіраваць днём і ноччу, і аддзяляць сьвятло ад цемры. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
 
каб ачольвалі дзень і ноч і адмяжоўвалі святло ад цемры. І ўбачыў Бог, што гэта добра.

І быў вечар, і была раніца: дзень чацьвёрты.
 
І быў вечар, і была раніца — дзень чацвёрты.

І сказаў Бог: хай утворыць вада паўзуноў, душу жывую; і птушкі хай паляцяць над зямлёю, па цьвердзі нябеснай.
 
І сказаў Бог: “Няхай утвораць воды душы жывыя гадаў ды птушак, што лётаюць над зямлёю пад цвярдыняй нябёснай”. І было так.

І стварыў Бог рыб вялікіх і ўсякую душу жывёл паўзуноў, якіх утварыла вада, паводле роду іх, і ўсякую птушку крылатую паводле роду яе. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
 
І стварыў Бог кітоў8 вялікіх і ўсялякія душы жывыя гадаў, што далі воды паводле іх роду, таксама ўсялякае птаства крыластае паводле роду. І ўбачыў Бог, што гэта добра.

І дабраславіў іх Бог, кажучы: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце воды ў морах, і птушкі хай множацца на зямлі.
 
І дабрасловіў9 іх Бог, кажучы: “Плодзьцеся, і множцеся, і напоўніце воды ў морах. І птушкі няхай памножацца на зямлі”.

І быў вечар, і была раніца: дзень пяты.
 
І быў вечар, і была раніца — дзень пяты.

І сказаў Бог: хай утворыць зямля душу жывую паводле роду яе, быдла, і гадаў, і зьвяроў зямных паводле роду іх. І сталася так.
 
І сказаў Бог: “Няхай утворыць зямля душу жывую паводле роду: чацвераногіх, гадаў і дзікіх звяроў паводле роду”. І было так.

І стварыў Бог жывёл зямных паводле роду іх, і быдла паводле роду яго, і ўсіх гадаў зямных паводле роду іх. І ўбачыў Бог, што гэта добра.
 
І стварыў Бог звяроў дзікіх паводле роду, і свойскіх паводле роду, і ўсіх гадаў зямных паводле іх роду. І ўбачыў Бог, што гэта добра.

І сказаў Бог: створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага; і хай валадараць яны над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над быдлам, і над усёю зямлёю, і над усімі гадамі, што поўзаюць па зямлі.
 
І сказаў Бог: “Створым10 чалавека паводле вобразу і падабенства Нашага. Няхай кіруе рыбамі марскімі, птушкамі нябёснымі, свойскаю жывёлай, усёй зямлёю і га́дамі ўсімі, што поўзаюць па зямлі”.

І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх.
 
І стварыў Бог чалавека. Паводле вобразу Бога стварыў яго, мужчынам і жанчынай стварыў іх.

І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце зямлю і валодайце ёю, і валадарце над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над усякай жывёлаю, што поўзае па зямлі.
 
І дабрасловіў іх Бог, кажучы: “Плодзьцеся і множцеся і напаўняйце зямлю ды апякуйцеся ёю. Кіруйце рыбамі марскімі, і птушкамі нябёснымі, і ўсёй свойскай жывёлаю, і цэлай зямлёю, і га́дамі ўсімі, што поўзаюць па зямлі”.

І сказаў Бог: вось, Я даў вам усякую траву, што сее насеньне, якая ёсьць на ўсёй зямлі, і ўсякае дрэва, у якога плод дрэўны, што сее насеньне, — вам гэта будзе ежаю:
 
І сказаў Бог: “Вось Я даў вам усялякую траву сейную, што сее насенне, што па ўсёй зямлі, і дрэва ўсялякае, што мае ў сабе плод насення сейны, вам будзе на спажыву,

а ўсім зьвярам зямным, і ўсім птушкам нябесным, і ўсякаму, што поўзае па зямлі, у якім душа жывая, даў Я ўсю зеляніну травяную на ежу. І сталася так.
 
як і ўсім звярам дзікім зямным, і кожнай птушцы нябёснай, і кожнаму гаду, што поўзае па зямлі, што мае ў сабе душу жывую, усялякую траву зялёную на спажыву”. І было так.

І ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў, і вось, добра вельмі. І быў вечар, і была раніца: дзень шосты.
 
І глянуў Бог на ўсё, што стварыў, і вось тое вельмі добрае. І быў вечар, і была раніца — дзень шосты.