Эклезіяста 7 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Імя добрае лепш за масьць дарагую, а дзень сьмерці — за дзень нараджэньня.
 

Лепей хадзіць у дом жалобы па мёртвым, чым у харомы банкету; бо такі ёсьць канец усякаму чалавеку, і жывы бярэ гэта да сэрца свайго.
 

Смутак лепшы за сьмех; таму што пры смутку асобы сэрца робіцца лепш.
 

Сэрца мудрых — у доме плачу, а сэрца бязглуздых — у доме вясёлым.
 

Лепей слухаць дакоры ад мудрага, чым слухаць пахвалы ад неразумных;
 

бо сьмех неразумных ёсьць тое, што й трэск сухога ядлоўцу пад горшчыкам. І гэта — марнасьць!
 

Уціскаючы іншых, разумны дурнее, і хабар сэрца псуе.
 

Канец працы лепшы за пачатак яе; цярплівы лепшы за пыхлівага.
 

Не сьпяшайся да гневу духам тваім, бо гняздуецца гнеў у сэрцы бязглуздых.
 

Не кажы: «чаму гэта колісь было лепей, чым сёньня?» — не зь вялікага розуму ты папытаўся пра гэта.
 

Добрая мудрасьць — як і добрая спадчына, асабліва ж бо тым, што сонца бачаць:
 

бо пад шатамі мудрасьці, як пад шатамі срэбра; а перавага пазнаньня ў тым, што мудрасьць жыцьцё зьберагае таму, хто яе мае.
 

Прыгледзься да дзеяў Божых: хто можа выправіць тое, што Ён зрабіў крывым.
 

У добрыя дні карыстайся з дабротаў, а ў ліхія дні разважай: і тое і іншае стварыў Бог, каб ня мог чалавек нічога сказаць пасьля сябе.
 

Нагледзеўся я ў дні марноты сваёй усялякага ўдосыць: справядлівы гіне ў сваёй справядлівасьці; бязбожны доўга жыве ў бязбожнасьці сваёй.
 

Ня будзь лішне строгі, і не выстаўляйся залішне мудрым; навошта табе нішчыць сябе?
 

Не ўпадай у грахі і ня будзь шалёны; навошта табе паміраць заўчасна?
 

Добра, калі трымацьмешся толькі аднога і не адымеш рукі ад другога; бо хто богабаязны, той пазьбегне ўсяго благога.
 

Мудрасьць робіць мудрага мацнейшым за дзесяць уладароў, якія ў горадзе.
 

Няма чалавека справядлівага на зямлі, які рабіў бы дабро і не грашыў;
 

таму не на ўсякае сказанае слова зважай, каб не пачуць табе, як твой раб цябе ганіць.
 

Бо многа выпадкаў ведае сэрца тваё, калі сам ты ганіў іншых.
 

Я ўсё гэта мудрасьцю выпрабаваў; я сказаў: «буду я мудры»; але мудрасьць далёка ад мяне.
 

Далёка тое, што ёсьць, і глыбока-глыбока: хто дастане яго?
 

І паклаў я на сэрца помысел мой, каб дазнацца, дасьледаваць, і знайсьці мудрасьць і розум, і каб ведаць бязбожнасьць дурноты, невуцтва і шаленства.
 

І знайшоў я, што горш за сьмерць жанчына, таму што яна — сетка, і сэрца ў яе — пастка, рукі ў яе — кайданы; любасны Богу ўратуецца ад яе, а грэшніка схопіць яна.
 

Вось гэта знайшоў я, сказаў Эклезіяст, выпрабоўваючы адно за адным.
 

Чаго яшчэ шукала душа мая, і я не знайшоў? Мужчыну аднаго з тысячы я знайшоў, а жанчыны сярод іх усіх не знайшоў.
 

Толькі гэта знайшоў я, што Бог стварыў чалавека праведнага, а людзі кінуліся ў вымудры ўсякія.