2 да Цімафея 2 разьдзел

Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Дык мацуйся, сыне мой, у мілаце Хрыстом Ісусам.
 

І што чуў ад мяне пры многіх сьведках, тое накажы верным людзям, якія былі б здольныя іншых вучыць.
 

Дык цярпі пакуты, як добры воін Ісуса Хрыста.
 

Ніякі воін ня зьвязвае сябе справамі буднымі, каб дагадзіць ваеначальніку.
 

Калі ж хто і змагаецца, вянка не здабудзе, калі будзе змагацца не паводле правіла.
 

Працоўны ратай першы павінен скаштаваць пладоў.
 

Разумей, што я кажу. Хай дасьць табе Гасподзь разуменьне ва ўсім.
 

Памятай (Госпада) Ісуса Хрыста ад семені Давідавага, Які ўваскрэс зь мёртвых, паводле зьвеставаньня майго.
 

за якое я пакутую аж да кайданаў, як злодзей; але на слова Божае няма кайданаў.
 

Таму я ўсё цярплю дзеля выбраных, каб і яны атрымалі збавеньне ў Ісусе Хрысьце зь вечнаю славаю.
 

Слушнае слова: калі мы зь Ім памерлі, дык зь Ім і ажывём;
 

калі церпім, дык зь Ім уладарыць будзем; калі зрачэмся, і Ён зрачэцца нас;
 

калі мы няверныя, Ён застаецца верны, бо Сябе зрачыся ня можа.
 

Гэта нагадвай, заклінаючы перад Госпадам ня ўступаць у спрэчкі, што зусім ня служыць на карысьць, а на разлад слухачам.
 

Старайся паставіць сябе прад Богам годным, працаўніком бездакорным, які правільна выкладае слова праўды.
 

А непатрэбнага пустаслоўя пазьбягай; бо яны яшчэ больш будуць памнажаць бязбожнасьць,
 

і слова іхняе, як пухліна, будзе пашырацца. Такія Іменей і Філіт,
 

якія адступіліся ад ісьціны, кажучы, што ўваскрэсеньне ўжо было, і разбураюць у некаторых веру.
 

Але цьвёрдая аснова Божая стаіць, маючы пячатку гэтую: «ведае Гасподзь Сваіх»; і: «хай адступіць ад няпраўды кожны, хто вызнае імя Госпада».
 

А ў вялікім доме ёсьць посуд ня толькі залаты і срэбны, але і драўняны і гліняны; і адзін у ганаровым, а другі ў нізкім ужытку.
 

Дык вось, хто будзе чысты ад гэтага, той будзе пасудзінай у гонары, асьвечанай і карыснай Уладыку, прыдатнай на ўсякую добрую патрэбу.
 

Юнацкіх пажадлівасьцяў пазьбягай, а трымайся праўды, веры, любові, згоды з усімі, хто заклікае Госпада ад чыстага сэрца.
 

Ад дурных і невуцкіх спрэчак ухіляйся, ведаючы, што яны спараджаюць незлагадзь;
 

а рабу Госпада нельга сварыцца, а трэба быць прыязным да ўсіх, навучальным, нязлосным,
 

здольным лагодна настаўляць праціўнікаў, — можа, дасьць ім Бог пакаяньне для спазнаньня праўды,
 

каб яны вызваліліся зь цянётаў д’ябла, які залучыў іх у сваю волю.