Быццё 14 разьдзел

Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І сталася за дзён Амрафела, караля Шэнарскага, Арыёха, караля Еласарскага, Кедорлаомера, караля Еламскага, і Фідала, караля Ґоімскага,
 
І сталася ў дні Амрафэля, валадара Шынаару, і Арыёха, валадара Элясару, і Кедарляамэра, валадара Эляму, і Тыдаля, валадара Гаіму,

Учынілі вайну з Бэраю, каралём Содомскім, Біршаю, каралём Ґоморскім, Шынавам, каралём Адмы, Шэмеверам, каралём Сэвойскім, і з каралём Беламскім, значыцца Зоарскім.
 
пачалі яны вайну супраць Бэры, валадара Садому, і Біршы, валадара Гаморы, і Шынава, валадара Адмы, і Шэмэвэра, валадара Цэвоіму, і валадара Бэлі або Цаару.

Усі яны злучыліся ў даліне Сыдым — яна ж Мора Салонае.
 
Усе яны злучыліся ў даліне Сыддым, яна [цяпер] Мора Салёнае.

Двананцаць год яны служылі Кедорлаомеру, а трынанцатага году спрацівіліся.
 
Дванаццаць гадоў служылі яны Кедарляамэру, а ў трынаццатым годзе ўзбунтаваліся.

У чатырнанцатым годзе прышоў Кедорлаомер а каралі, каторыя зь ім, і пабілі Рэфаімаў ув Аштэроф-Карнаіме, і Зузымаў у Гаме, і Емімаў у Шаве-Ірафаіме,
 
А ў чатырнаццатым годзе прыйшоў Кедарляамэр і валадары, якія з ім, і пабілі Рэфаімаў у Аштэрот-Карнаіме, і Зузімаў у Гаме, і Эмімаў у Шавэ-Кірыятаіме,

І Горэеў на гары іхнай Сэіру, аж да Эл-Парана, каторы на пустыні.
 
і Харэяў на гары іхняй Сэір аж да Эль-Парану, што ў пустыні.

І зьвярнуліся, і прышлі да жарала Мішпат, каторы ёсьць Кадэс, і пабілі ўсе поле Амаліка, і таксама Аморэя, што жывець у Хаццон-Амары.
 
І вярнуліся яны, і прыйшлі да Эн-Мішпату, які [цяпер] Кадэш, і пабілі ўсю краіну Амалека, а таксама Амарэяў, што жылі ў Хацацон-Тамары.

І вышаў кароль Содомскі, кароль Ґоморскі, кароль Адмы, кароль Сэвоімскі і кароль Беламскі, значыцца Заорскі, і зладзіліся да вайны зь імі ў даліне Сыддым,
 
І выйшаў валадар Садому, і валадар Гаморы, і валадар Адмы, і валадар Цэвоіму, і валадар Бэлі або Цаару, і пашыхтаваліся ў даліне Сыддым да бою

Зь Кедорлаомерам, каралём Еламскім, і Фідалом, каралём Ґоімскім, і Амрафелам, каралём Шэнарскім, і Арыёхам, каралём Еласарскім; чатырох каралёў супроці пяцёх.
 
з Кедарляамэрам, валадаром Эляму, і Тыдалем, валадаром Гаіму, і Амрафэлем, валадаром Шынаару, і Арыёхам, валадаром Элясару, чатыры валадары супраць пяці.

У даліне ж Сыддым былі ямы, ямы смаляныя. І, пусьціўшыся ўцекі, кароль Содомскі а Ґоморскі ўваліліся ў іх, а засталыя ўцяклі на гару.
 
І былі ў даліне Сыддым ямы, ямы смалавыя. І ўцякалі валадары Садому і Гаморы, і ўпалі ў тыя [ямы], а астатнія ўцяклі на гару.

І забралі ўсю маемасьць Содомы а Ґоморы, і ўсю еміну іхную, і адышлі.
 
І ўзялі [пераможцы] ўсю маёмасьць Садому і Гаморы і ўсе запасы харчоў, і пайшлі.

І забралі Лота, братаніча Абрамовага, і маемасьць ягоную, і пайшлі, а ён жыў у Содоме.
 
І ўзялі яны Лота, сына брата Абрама, і маёмасьць ягоную, і пайшлі. А ён жыў у Садоме.

І прышоў уцеклы, і наказаў Абраму Гэбрэю, а ён жыў у дуброве Мамрэ, Аморэяніна, брата Эшколы а брата Анера, каторыя былі хаўрусьнікі Абрамовы.
 
І прыйшоў адзін з тых, што ўцяклі, і паведаміў Абраму Гебраю, які жыў каля дубровы Мамрэ Амарэя, брата Эшколя і брата Анэра, якія заключылі запавет з Абрамам.

І Абрам, пачуўшы, што ўзяты ў палон брат ягоны, узброіў гадунцоў сваіх, народжаных у дамове ягонай, трыста асьмінанцацёх, і пагнаўся аж да Дана;
 
І пачуў Абрам, што ўзяты ў палон брат ягоны, і ўзброіў трыста васямнаццаць спраўных [слугаў] сваіх, народжаных у доме яго, і рушыў у пагоню аж пад Дан.

І падзяліўшыся супроці іх ночы, сам і слугі ягоныя, і пабіў іх, і гнаў іх аж да Говы, каторая налева ад Дамашку.
 
І, падзяліўшыся, напаў на іх ноччу, ён і слугі ягоныя, і разьбіў іх, і гнаў іх аж да Ховы, што зьлева ад Дамаску.

І зьвярнуў усю маемасьць, і Лота, брата свайго, і маемасьць ягоную зьвярнуў, таксама й жанкі, і люд.
 
І вярнуў ён усю маёмасьць, а таксама Лота, брата свайго, і маёмасьць ягоную, і жанчынаў, і народ.

І вышаў кароль Содомскі яму на пярэймы, як ён зьвярнуўся просьле пабіцьця Кедорлаомера а каралёў, што былі зь ім, у даліну Шаве — яна даліна каралёва.
 
І выйшаў валадар Садому насустрач яму, калі ён вяртаўся пасьля пабіцьця Кедарляамэра і валадароў, што з ім былі, у даліну Шавэ, яна [цяпер] даліна Валадарская.

І Мельхісэдэк, кароль Салімскі, вынес хлеб а віно. І ён сьвятар у Бога Навышшага.
 
І Мэльхісэдэк, валадар Салему, вынес хлеб і віно, а ён быў сьвятаром Бога Найвышэйшага,

І дабраславіў яго, і сказаў: «Дабраславёны Абрам ад Бога Навышшага, Валадара неба й зямлі;
 
і дабраславіў яго, і сказаў: «Дабраслаўлёны Абрам праз Бога Найвышэйшага, Пана неба і зямлі.

І дабраславёны Бог Навышшы, Каторы перадаў непрыяцеляў тваіх у рукі твае». І даў яму дзясяціну з усёга.
 
І дабраслаўлёны Бог Найвышэйшы, Які аддаў ворагаў тваіх у рукі твае». І даў яму [Абрам] дзесяціну з усяго.

І сказаў кароль Содомскі Абраму: «Дай імне душы, а маемасьць вазьмі сабе».
 
І сказаў валадар Садому Абраму: «Аддай мне людзей, а маёмасьць вазьмі сабе».

І сказаў Абрам каралю: «Я падыймаў руку сваю да СПАДАРА Магучага, Навышшага, Валадара неба й зямлі,
 
І сказаў Абрам валадару Садому: «Узьнімаю руку маю да ГОСПАДА, Бога Найвышэйшага, Пана неба і зямлі,

што ад ніткі аж да рэменчыка з вобую не вазьму з усёга твайго, і каб ты не сказаў: "Я забагаціў Абрама",
 
што ані ніткі, ані раменьчыка ад сандалаў, нічога не вазьму з усяго таго, што тваё, каб ты не сказаў: “Я ўзбагаціў Абрама”,

Апрача тога толькі, што зьелі маладзёны, і дзелі людзёў, што хадзілі з імною, Анера, Эшколы а Мамра; гэтыя возьмуць дзель сваю».
 
акрамя таго, што зьелі юнакі, і акрамя часткі для людзей, якія хадзілі са мною. Анэр, Эшколь і Мамрэ няхай возьмуць частку сваю».