Быццё 34 разьдзел
Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І вышла Дына, дачка Лііна, каторую яна нарадзіла Якаву, паглядзець на дачкі зямлі.
І выйшла Дзіна, дачка Леі, якую яна нарадзіла Якубу, паглядзець на дочак зямлі той.
І абачыў яе Сыхем, сын Гамора Гэвейца, князя зямлі тае, і ўзяў яе, і ляжаў ізь ёю, і паніжыў яе.
І ўбачыў яе Сыхем, сын Гамора Хівея, князя зямлі той, і ўзяў яе, і ляжаў з ёю, і згвалціў яе.
І прыліпла душа ягоная да Дыны, дачкі Якававае, і ён пакахаў дзяўчыну, і мовіў да сэрца дзяўчыне.
І прыляпілася душа ягоная да Дзіны, дачкі Якуба, і ён пакахаў дзяўчыну, і гаварыў да сэрца дзяўчыны.
І сказаў Сыхем Гамору, айцу свайму, кажучы: «Вазьмі імне дзяцё гэтае за жонку».
І сказаў Сыхем Гамору, бацьку свайму, кажучы: «Вазьмі мне дзяўчыну гэтую за жонку».
І Якаў пачуў, што забрудзяніў Дыну, дачку ягоную; сынове ж ягоныя былі із стадаю на полю, дык маўчаў Якаў, пакуль ня прышлі яны.
І Якуб пачуў, што зганьбавана Дзіна, дачка ягоная, а сыны ягоныя былі пры статку на полі, і маўчаў Якуб, пакуль не прыйшлі яны.
І вышаў Гамор, ацец Сыхемаў, да Якава памужаваць ізь ім.
І выйшаў Гамор, бацька Сыхему, да Якуба паразмаўляць з ім.
І сынове Якававы прышлі з поля і, пачуўшы, зьнемарасьціліся мужы, і гневала іх вельмі, бо нягоднасьць зрабіў ён у Ізраелю, ляжаўшы з дачкою Якававай; а гэтак ня робіцца.
А сыны Якуба прыйшлі з поля, і, пачуўшы, засмуціліся мужы, і гневаліся вельмі, бо ганьбу зрабіў [Сыхем] Ізраілю, лёгшы з дачкою Якуба, бо гэтак ня робіцца.
І гукаў Гамор ізь імі, кажучы: «Сыхем, сын мой, узгаліўся душою да дачкі вашае: дайце, калі ласка, яе яму за жонку.
І гаварыў Гамор з імі, кажучы: «Сыхем, сын мой, прыляпіўся душою сваёю да дачкі вашае. Дайце, прашу, яе яму за жонку.
Пабірайцеся з намі: дачкі вашыя аддавайце нам, а нашыя дачкі бярыце сабе.
І пасваячцеся з намі, дочак вашых дайце нам, а дочак нашых бярыце сабе.
І з намі жывіце; і зямля гэтая будзе перад вамі, жывіце й таргуйце ў ёй, і дзяржыце яе».
І з намі жывіце, і зямля гэтая будзе перад абліччам вашым, жывіце і гандлюйце ў ёй, і бярыце яе [на ўласнасьць]».
І сказаў Сыхем айцу ейнаму а братом ейным: «Калі б імне знайсьці ласку ў вачох вашых, і што скажаце імне, я дам.
І сказаў Сыхем бацьку ейнаму і братам ейным: «Каб я знайшоў ласку ў вачах вашых, і што скажаце мне, я дам.
Павялічча зь мяне вельмі вена а дары; і я дам, як вы скажаце імне: толькі аддайце імне дзеўку за жонку».
Павялічце мне вельмі вена і дары, і я дам, што вы скажаце мне, толькі дайце мне дзяўчыну за жонку».
І адказалі сынове Якававы Сыхэму а Гамору, айцу ягонаму, зрадліва, і гукалі так, бо ён зганбіў Дыну, сястру іхную;
І адказалі сыны Якуба Сыхему і Гамору, бацьку ягонаму, падступна, і гаварылі так, бо ён зганьбіў Дзіну, сястру іхнюю.
І сказалі ім: «Ня можам зрабіць гэтага, выдаць сястру нашу чалавеку, у каторага неабрэзанасьць, бо сорам гэта нам.
І сказалі ім: «Ня можам зрабіць гэтага, выдаць сястру нашую чалавеку, які мае скуравінку, бо ганьба гэта для нас.
Толькі з тым мы згодзімся з вамі, калі вы будзеце, як мы, каб абрэзаўся ў вас кажны мужчына.
Толькі тады мы пагодзімся з вамі, калі вы будзеце, як мы, каб быў абрэзаны ў вас кожны мужчына.
І будзем даваць дачкі нашыя вам, а дачкі вашыя браць сабе, і будзем жыць із вамі, і будзем адзін люд.
І будзем даваць дочак нашых вам, а дочак вашых браць сабе, і будзем жыць з вамі, і будзем адзін народ.
А калі не паслухаеце нас, дык мы возьмем дачку нашу і адыйдзем».
А калі не паслухаеце нас, каб абрэзацца, мы возьмем дачку нашую і адыйдзем».
І зьлюб былі словы іхныя ў ваччу Гамора а ўваччу Сыхема, сына Гаморавага.
І былі добрымі словы іхнія ў вачах Гамора і ў вачах Сыхема, сына Гамора.
І не адвалакаў тый маладзён зрабіць гэта, бо ён жадаў дачкі Якававае. А яго паважалі над усіх у доме айца ягонага.
І не затрымаўся юнак той зрабіць гэтую справу, бо ён жадаў дачку Якуба. А ён быў найбольш шанаваны ў-ва ўсім доме бацькі свайго.
І прышоў Гамор а Сыхем, сын ягоны, да брамы места свайго, і гукалі жыхарам места свайго, кажучы:
І прыйшоў Гамор і Сыхем, сын ягоны, да брамы гораду свайго, і гаварылі жыхарам гораду свайго, кажучы:
«Гэтыя людзі — міравыя яны з намі; і няхай яны жывуць у зямлі й таргуюць у ёй; зямля ж вось даволі прасторвая перад імі. Дачкі іхныя возьмем сабе за жонкі, а нашыя дачкі дамо ім.
«Гэтыя людзі прыязныя да нас. Няхай яны жывуць у зямлі гэтай і гандлююць у ёй. І зямля гэтая прасторная перад абліччам іхнім. Дочак іхніх возьмем сабе за жонак, а дочак нашых дамо ім.
Толькі пры тым згаджаюцца гэтыя людзі жыць із намі, быць адным людам, каб у вас абрэзаны быў кажны мужчынскага стану, як яны абрэзаны.
Толькі пры адной [умове] пагодзяцца з намі людзі гэтыя, каб жыць з намі і быць адным народам, калі ў нас будуць абрэзаныя ўсе мужчынскага [роду], як яны абрэзаныя.
Іхныя чароды, і іхная маемасьць, і ўся жывёла іхная, ці ня нашы яны? Адно згодзімся зь імі, і будуць жыць із намі».
Статкі іхнія, і маёмасьць іхняя, і ўся скаціна іхняя, ці ж ня нашая [будзе]? Толькі пагодзімся з імі, і яны будуць жыць з намі».
І паслухалі Гамора а Сыхема, сына ягонага, усі выходзячыя з брамы места ягонага; і абрэзаны былі кажны мужчынскага стану, кажны выходзячы з брамы места ягонага.
І паслухалі Гамора і Сыхема, сына ягонага, усе, што выходзілі з брамы гораду свайго; і былі абрэзаныя ўсе мужчынскага [роду], усе, што выходзілі з брамы гораду свайго.
І было на трэйці дзень, як яны былі хворыя, і ўзялі два сыны Якававы, Сымон а Леў, браты Дыніны, кажны свой меч, і напалі на места з пэўнасьцяй, і забілі кажнага мужчыну;
І сталася на трэці дзень, калі яны былі ў вялікім болю, узялі два сыны Якуба, Сымон і Левій, браты Дзіны, кожны меч свой, і ўвайшлі ў горад, [які пачуваўся] бясьпечна, і забілі ўсіх мужчынаў.
І Гамора а Сыхема, сына ягонага, забілі мячом, і ўзялі Дыну з дому Сыхемавага й вышлі.
І Гамора, і Сыхема, сына ягонага, забілі вострывам мяча, і ўзялі Дзіну з дому Сыхема, і выйшлі.
Сынове Якававы прышлі да забітых і разглабалі места за тое, што паганбіў сястру іхнаю.
Сыны Якуба прыйшлі да забітых і зрабавалі горад за тое, што зганьбілі сястру іхнюю.
І драбны статак, і буйны статак іхныя, і што ў месьце, і што ў полю яны ўзялі.
І авечак іхніх, і валоў іхніх, і аслоў іхніх, і тое, што было ў горадзе і што было ў полі, яны ўзялі.
І ўсе багацьце іхнае, і ўсе малыя дзеці іхныя, і жанкі іхныя ўзялі ў палон, і разглабалі ўсе, што было ў доме.
І ўсё багацьце іхняе, і ўсіх дзяцей іхніх, і жанчынаў іхніх узялі ў палон, і зрабавалі ўсё, што было ў дамах.
І сказаў Якаў да Сымона а да Лева: «Вы зьнемарасьцілі мяне, зрабіўшы мяне непахнючым жыхарам гэтае зямлі, Канаанянам а Ферэзэям; а ў мяне людзі нячысьленыя; і зьбяруцца на мяне, і паб’юць мяне, і буду зьнішчаны я й мой дом».
І сказаў Якуб Сымону і Левію: «Вы зрабілі зьнішчэньне мне, зрабіўшы мяне агідным для жыхароў зямлі гэтае, Хананейцаў і Пэрэзэяў, а ў мяне людзей няшмат, і зьбяруцца на мяне, і паб’юць мяне, і будуць зьнішчаны я і дом мой».
І яны сказалі: «А ціж як із блудніцаю можна рабіць ізь сястрою нашаю?».
А яны сказалі: «Ці ж можна рабіць з сястрою нашаю як з блудніцаю?»