Быццё 48 разьдзел
Быццё
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І было просьле стацьцяў гэтых: і наказалі Язэпу: «Вось, айцец твой хворы». І ён узяў двух сыноў сваіх із сабою: Манаса а Яхрэма.
І сталася пасьля падзеяў гэтых, і сказалі Язэпу: «Вось, бацька твой хворы». І ён узяў двух сыноў сваіх з сабою, Манасу і Эфраіма.
І азнаймілі Якаву, і сказалі: «Вось, сын твой Язэп прышоў да цябе». І натужыўся Ізраель, і сеў на пасьцелі.
І паведамілі Якубу, і сказалі: «Вось, сын твой Язэп прыйшоў да цябе». І сабраў сілы Ізраіль, і сеў на ложку.
І сказаў Якаў Язэпу: «БОГ Усемагучы зьявіўся імне ў Лузе, у зямлі Канаанскай, і дабраславіў мяне,
І сказаў Якуб Язэпу: «Бог Усемагутны зьявіўся мне ў Люзе, у зямлі Ханаан, і дабраславіў мяне,
І сказаў імне: "Вось, я ўчыню цябе плодным, і размнажу цябе, і ўчыню зь цябе збор людаў, і дам зямлю гэтую насеньню твайму просьле цябе на дзяржаньне вечнае".
і сказаў мне: “Вось, Я зраблю цябе плодным, і памножу цябе, і дам табе [быць] супольнасьцю народаў, і дам зямлю гэтую насеньню твайму пасьля цябе на ўласнасьць вечную”.
І цяпер два сыны твае, што нарадзіліся табе ў зямлі Ягіпецкай, да прыходу майго да цябе да Ягіпту, мае яны; Яхрэм а Манас, як Рувін а Сымон, будуць мае.
І цяпер два сыны твае, што нарадзіліся табе ў зямлі Эгіпецкай, да прыходу майго да цябе ў Эгіпет, яны — мае; Эфраім і Манаса, як Рубэн і Сымон, будуць мае.
Дзеці ж твае, што народзяцца ад цябе просьле іх, будуць твае. Іменям братоў іхных іх будуць менаваць у спадках іхных.
А нашчадкі твае, якіх ты нарадзіў пасьля іх, будуць твае. Паводле імёнаў братоў сваіх будуць яны называцца ў спадчыне сваёй.
І я, як я прышоў з Падану, памерла ў мяне Рахіль у зямлі Канаанскай, у дарозе, як яшчэ заставалася кіўра зямлі, прысьці да Ефрафы, і я пахаваў яе там, у дарозе да Ефрафы, каторая Бэтлеем».
А ў мяне, калі я прыйшоў з Падану, памерла ў мяне Рахель у зямлі Ханаан, у дарозе, калі яшчэ заставаўся кавалак зямлі, каб дайсьці да Эфраты, і я пахаваў яе там, пры дарозе ў Эфрату, гэта значыць у Бэтлеем».
І абачыў Ізраель сыноў Язэпавых, і сказаў: «Хто гэтыя?»
І ўбачыў Ізраіль сыноў Язэпа, і сказаў: «Хто яны?»
І сказаў Язэп айцу свайму: «Сыны мае яны, каторых Бог даў імне тут». І сказаў: «Вазьмі ж іх да мяне, і я дабраслаўлю іх».
І сказаў Язэп бацьку свайму: «Яны — сыны мае, якіх Бог даў мне тут». І сказаў [Якуб]: «Вазьмі, прашу, іх да мяне, і я дабраслаўлю іх».
Вочы ж Ізраелявы сталі цяжкія ад старасьці: ня мог ён бачыць. І дабліжыў іх да яго, і ён пацалаў іх, і абняў іх.
А вочы Ізраіля сталі цяжкія ад старасьці, ня мог ён бачыць. І наблізіў іх да яго, і ён пацалаваў іх, і абняў іх.
І сказаў Ізраель Язэпу: «Бачыць від твой я не спадзяваўся: і вось, паказаў імне Бог і насеньне твае».
І сказаў Ізраіль Язэпу: «Я не спадзяваўся ўбачыць аблічча тваё, і вось, Бог даў мне ўбачыць насеньне тваё».
І вывеў іх Язэп із каленяў ягоных, і пакланіўся яму відам сваім да зямлі.
І адвёў іх Язэп ад каленяў ягоных, і пакланіўся яму абліччам сваім да зямлі.
І узяў Язэп абодвых, Яхрэма ў правую сваю руку, супроці левае Ізраеля, а Манаса ў левую, супроці правае Ізраеля, і дабліжыўся да яго.
І ўзяў Язэп іх абодвух, Эфраіма правіцай сваёю, леваруч Ізраіля, а Манасу — лявіцай сваёю, праваруч Ізраіля, і наблізіўся да яго.
І выцягнуў Ізраель правіцу сваю, і палажыў на галаву Яхрэму, а ён быў малодшы, а левую на галаву Манасу. Умысьля палажыў гэтак ён рукі свае, бо Манас пяршак.
І выцягнуў Ізраіль правіцу сваю, і палажыў на галаву Эфраіма, а ён быў малодшы, а лявіцу сваю — на галаву Манасы, і скрыжаваў рукі свае, бо Манаса быў першародны.
І дабраславіў Язэпа, і сказаў: «Бог, перад Каторым хадзілі айцове мае, Абрагам а Ісак, Бог, Каторы пасьціў мяне адгэнуль, як я існую, аж дагэтуль,
І дабраславіў Язэпа, і сказаў: «Бог, перад абліччам Якога хадзілі бацькі мае, Абрагам і Ісаак, Бог, Які пасьвіў мяне ад [моманту], як я існую, аж да гэтага дня,
Тый Ангіл, што выбавіў мяне з усякага ліха, няхай дабраславе хлапцоў гэтых; і назавецца ў іх імя мае і імя айцоў маіх, Абрагама а Ісака, і няхай разрастуцца яны ў множасьць сярод зямлі».
анёл, што выбаўляе мяне ад усякага ліха, няхай дабраславіць юнакоў гэтых; і няхай яны будуць названыя імем маім і імем бацькоў маіх, Абрагама і Ісаака, і няхай разрастуцца яны ў мноства сярод зямлі».
І абачыў Язэп, што айцец ягоны палажыў правую руку сваю на галаву Яхрэмаву; і было ліхім гэта ў ваччу ягоным. І падпер ён руку айца свайго, каб зьняць яе з галавы Яхрэмавае на галаву Манасаву;
І ўбачыў Язэп, што бацька ягоны палажыў правую руку сваю на галаву Эфраіма, і было гэта ліхім у вачах ягоных. І падхапіў ён руку бацькі свайго, каб пералажыць яе з галавы Эфраіма на галаву Манасы.
І сказаў Язэп айцу свайму: «Ня гэтак, войча мой, бо гэта пяршак; палажы правіцу сваю на ягоную галаву».
І сказаў Язэп бацьку свайму: «Ня гэтак, ойча мой, бо гэта першародны. Палажы правіцу тваю на галаву ягоную».
І адмовіўся айцец ягоны, і сказаў: «Ведаю, сыну мой, ведаю, таксама ён будзе людам, і таксама ён будзе вялікі, але брат ягоны малы ўзьвялічыцца над ім, і насеньне ягонае будзе паўнінёю народаў».
І запярэчыў бацька ягоны, і сказаў: «Ведаю, сыне мой, ведаю, таксама ён будзе народам, і таксама ён будзе вялікі, але брат ягоны малодшы будзе большы за яго, і насеньне ягонае будзе поўняю народаў».
І падабраславіў іх таго дня, кажучы: «Табою будзе дабраславіць Ізраель, кажучы: "Няхай учыне цябе Бог, як Яхрэма а Манаса"». І пастанавіў Яхрэма перад Манасам.
І дабраславіў іх у той дзень, кажучы: «Табою будзе дабраслаўляць Ізраіль, кажучы: “Няхай зробіць табе Бог, як Эфраіму і Манасе”». І паставіў Эфраіма перад Манасам.
І сказаў Ізраель Язэпу: «Вось, я паміраю. І будзе Бог із вамі, і зьверне вас да зямлі айцоў вашых.
І сказаў Ізраіль Язэпу: «Вось, я паміраю. І Бог будзе з вамі, і верне вас у зямлю бацькоў вашых.
І я даў табе адну дзель звыш братоў тваіх, тую, каторую я ўзяў з рук Аморэя мячом сваім а лукам сваім».
І я даў табе на адну частку больш за братоў тваіх, тую, якую я ўзяў з рукі Амарэя мячом маім і лукам маім».