3 царстваў 9 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І сталася, як Салямон скончыў станавіць дом СПАДАРОЎ і дом каралеўскі і ўсе зычанае Салямонам, што ён хацеў зрабіць,
І сталася, калі Салямон скончыў будаваць дом ГОСПАДА і дом валадара, і ўсё, што Салямон задумаў і хацеў зрабіць,
Што зьявіўся Салямону СПАДАР другім наваратам, як зьявіўся яму ў Ґівеоне.
зьявіўся Салямону ГОСПАД другі раз, як быў аб’явіўшыся яму ў Гібэоне.
І сказаў яму СПАДАР: «Я пачуў маленьне твае, каторым ты маліў Мяне; Я пасьвяціў гэты дом, каторы ты пастанавіў, каб палажыць імя Мае там на векі; і будуць вочы Мае а сэрца Мае там усі дні.
І сказаў ГОСПАД яму: «Я пачуў малітву тваю і маленьне тваё, якія ты прыносіў да Мяне, і Я асьвяціў Дом гэты, які ты пабудаваў, каб было там імя Маё на вякі. І будуць там вочы Мае і сэрца Маё ў-ва ўсе дні.
І калі ты будзеш хадзіць перад відам Маім, як хадзіў ацец твой Давід, у дасканальнасьці сэрца і шчыра, каб рабіць подле ўсёга, што Я расказаў табе, і калі будзеш дзяржаць уставы Мае а суды Мае,
Таксама ты, калі будзеш хадзіць перад абліччам Маім, як хадзіў Давід, бацька твой, у чысьціні сэрца і ў справядлівасьці, і будзеш выконваць усё, што Я загадаў табе, калі захаваеш прысуды Мае і пастановы Мае,
То Я пастанаўлю каралеўскі пасад твой над Ізраелям на век, як Я казаў айцу твайму Давіду, кажучы: "Ня будзе адцяты ў цябе муж ад пасаду Ізраелявага".
Я пастаўлю пасад валадараньня твайго над Ізраілем на вякі, як Я прамовіў Давіду, бацьку твайму, кажучы: “Ня будзе адкінуты ў цябе чалавек ад пасаду Ізраіля”.
Калі ж чыста адступіце вы а сынове вашыя ад Мяне, і ня будзеце дзяржаць расказаньні Мае а ўставы Мае, каторыя Я даў вам, і пойдзеце, і будзеце служыць іншым багом і кланяцца ім;
А калі адвернецеся ад Мяне вы і сыны вашыя, і ня будзеце захоўваць прыказаньні Мае і пастановы Мае, якія Я даў вам, і пойдзеце, і будзеце служыць багам чужым, і пакланяцца ім,
То Я адатну Ізраеля зь віду зямлі, каторую Я даў ім, і дом, каторы Я пасьвяціў імені Свайму, адхіну ад віду Свайго, і будзе Ізраель прыказьзю а прымаўкаю памеж усіх людаў.
Я зьмяту Ізраіля з аблічча зямлі, якую Я даў ім, і Дом, які Я асьвяціў для імя Майго, адкіну ад аблічча Майго. І станецца Ізраіль у прыказку і насьмешку ўсім народам,
І з дому гэтага, дарма што ён высокі, кажны, што будзе праходзіць ля яго, зумеецца а сьвісьне, ды скажуць: "За што СПАДАР учыніў так із гэтаю зямлёю і з гэтым домам?"
а Дом гэты будзе купай друзу. Кожны, хто пройдзе каля яе, зьдзівіцца, і засьвішча, і скажа: “Чаму ГОСПАД зрабіў гэта зямлі гэтай і Дому гэтаму?”
І скажуць: "За тое, што яны пакінулі СПАДАРА, Бога свайго, каторы вывеў айцоў іхных ізь зямлі Ягіпецкае, і ўхапіліся за іншых, і кланяліся ім, і служылі ім, — за гэта навёў на іх СПАДАР усе гэтае ліха"».
І скажуць: “За тое, што яны пакінулі ГОСПАДА, Бога свайго, Які вывеў бацькоў іхніх з зямлі Эгіпецкай, а яны прытуліліся да багоў чужых, і пакланяліся ім, і служылі ім. Дзеля гэтага ГОСПАД спаслаў на іх усё гэтае зло”».
У канцы дваццацёх год, у каторыя Салямон пастанавіў два дамы, — дом СПАДАРОЎ і дом каралеўскі, —
І сталася праз дваццаць гадоў, у якія Салямон будаваў два дамы, Дом ГОСПАДА і дом валадара,
А Гірам, кароль Тырскі, дастаўляў Салямону дзервы кедравыя а дзервы кіпрысавыя й золата, усе на хаценьне ягонае; тады кароль Салямон даў Гіраму дваццаць местаў у зямлі Ґалілейскай.
а Хірам, валадар Тыру, даваў Салямону дрэва кедровае і кіпарысавае, і золата, усё, што [Салямон] патрабаваў, валадар Салямон даў Хіраму дваццаць гарадоў у зямлі Галілейскай.
І вышаў Гірам із Тыру паглядзець месты, што даў яму Салямон; і ён не ўпадабаў іх.
І выйшаў Хірам з Тыру паглядзець гарады, якія даў яму Салямон, і не спадабаліся яны вачам ягоным.
І сказаў: «Што гэта за месты, каторыя ты, браце мой, даў імне?» І назваў іх зямлёю Кавул, дагэтуль.
І сказаў ён: «Што гэта за гарады, якія ты мне даў, браце мой?» І назваў ён іх зямлёй Кабуль аж да гэтага дня.
І паслаў Гірам каралю сто дваццаць таланяў золата.
І паслаў Хірам валадару сто дваццаць талентаў золата.
І гэта прычына падачкаў, каторыя налажыў кароль Салямон, каб пастанавіць дом СПАДАРОЎ а дом свой а Міло а сьцяну Ерузалімскую а Гацор а Меґідо а Ґезэр.
Гэта велічыня падатку для працы, які вызначыў валадар Салямон, каб пабудаваць Дом ГОСПАДА і дом свой, і Мілло, і мур Ерусаліму, і Хацор, і Мэгіддо, і Гэзэр.
Фараон, кароль Ягіпецкі, узышоў, і перамог Ґезэр, і спаліў яго цяплом, і Канаанян, што жылі ў месьце, пабіў, і аддаў яго як пасагу дачцэ сваёй, жонцы Салямонавай.
Фараон, валадар Эгіпту, калісьці напаў, і здабыў Гэзэр, і спаліў яго агнём, а Хананейцаў, жыхароў гораду, забіў. І аддаў гэты горад у пасагу дачцэ сваёй, жонцы Салямона.
І пастанавіў Салямон Ґезэр а дольні Бефорон
І Салямон адбудаваў Гэзэр і Ніжні Бэт-Харон,
А Ваалаф а Фадмор на пустыні ў зямлі
і Баалат, і Тамар у пустыні,
А ўсі месты на запасы, што былі ў Салямона, а месты на цялежкі а месты коньнікам а ўсе зычанае, што Салямон зычыў пастанавіць у Ерузаліме й на Лібане і ў вусёй зямлі дзяржаньня свайго.
і ўсе гарады сьвірнаў, якія належалі Салямону, і гарады для калясьніцаў, і гарады для коньнікаў, і ўсё, што надумаў Салямон, каб пабудаваць у Ерусаліме, у Лібане і ў-ва ўсёй зямлі панаваньня ягонага.
На ўвесь люд, засталы ад Аморэяў, Гэцічаў, Ферэзэяў, Гэвеяў а Евусэяў, каторыя былі ня із сыноў Ізраелявых,
Увесь народ, які застаўся з Амарэйцаў, Хетаў, Пэрэзэяў, Хівеяў і Евусэяў, якія не былі з сыноў Ізраіля,
На дзеці іхныя, засталыя просьле іх на зямлі, каторыя сынове Ізраелявы не маглі выгубіць, Салямон узлажыў на іх падачкі прымуснаю работаю дагэтуль.
сыноў іхніх, якія засталіся ў зямлі і якіх сыны Ізраіля ня зьнішчылі, Салямон прызначыў для працаў нявольнічых да гэтага дня.
А сыноў Ізраелявых Салямон не зрабіў нявольнікамі, але яны былі ваюнамі ягонымі а слугамі ягонымі а галоўнымі ягонымі а вайводцамі ягонымі а галоўнымі над цялежкамі а коньнікамі ягонымі.
А з сыноў Ізраіля Салямон не зрабіў нікога нявольнікам, але былі яны ваярамі ягонымі, слугамі ягонымі, князямі ягонымі, вартай ягонай, возьнікамі калясьніцаў ягоных і коньнікамі ягонымі.
Вось, галоўных ураднікаў, што былі над работаю Салямонаваю, каторыя радзілі людзёў, работу робячых, было пяцьсот пяцьдзясят.
Тых князёў, якія [былі] наглядчыкамі над працамі Салямона, [было] пяцьсот пяцьдзясят. Яны наглядалі над людзьмі, якія выконвалі працу.
Дачка ж фараонава зышла зь места Давідавага да свайго дому, каторы пастанавіў ёй Салямон; пасьлей пастанавіў ён Міло.
Калі дачка фараона перайшла з гораду Давіда ў дом свой, які пабудаваў ёй Салямон, тады ён пабудаваў Мілло.
І абракаў Салямон трэйчы ў год ўсепаленьні а супакойныя аброкі на аброчніку, каторы ён пастанавіў СПАДАРУ, і кадзіў на ім перад СПАДАРОМ. І скончыў ён дом.
Тры разы ў год Салямон складаў ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя на ахвярніку, які ён пабудаваў для ГОСПАДА, і кадзіў там перад абліччам ГОСПАДА, калі скончыў Дом [Божы].
Кароль Салямон таксама зрабіў караб у Ёцыён-Ґеверу, каторы ля Елофу, на беразе Чырвонага мора, у зямлі Едомскай.
І пабудаваў валадар Салямон караблі ў Эцыён-Гэбэры каля Эляту на беразе Мора Чырвонага ў зямлі Эдом.
І паслаў Гірам на караблю сваіх слугаў карабельнікаў, зналых мора, із слугамі Салямонавымі;
І паслаў Хірам на караблі тыя слугаў сваіх, маракоў, абазнаных у моры, разам са слугамі Салямона.
І прыбылі яны да Офіру, і ўзялі стуль золата чатырыста дваццаць таланяў, і прывезьлі каралю Салямону.
І яны прыйшлі ў Афір, і ўзялі адтуль золата чатырыста дваццаць талентаў, і прывезьлі яго валадару Салямону.