4 царстваў 20 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Тых дзён захварэў Гэзэка сьмяротна; і прышоў да яго Ісая Амосёнак, прарока, і сказаў яму: «Гэтак кажа СПАДАР: "Дай расказаньне дому свайму, бо ты памрэш, а ня будзеш жыць"».
 
У тыя дні Эзэкія захварэў сьмяротна. І прыйшоў да яго прарок Ісая, сын Амоса, і сказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД: “Дай загад пра дом свой, бо ты памрэш і ня будзеш жыць”».

І абярнуўся відам сваім да сьцяны, і маліўся СПАДАРУ, кажучы:
 
І Эзэкія адвярнуў аблічча сваё да сьцяны, і маліўся да ГОСПАДА, кажучы:

«Малю Цябе, СПАДАРУ! успомні ж, што я хадзіў перад відам Тваім у праўдзе і з супоўным сэрцам, і рабіў добрае ў ваччу Тваім». І заплакаў Гэзэка плачам вялікім.
 
«О, ГОСПАДЗЕ! Узгадай, што я хадзіў перад абліччам Тваім у праўдзе і са шчырым сэрцам, і рабіў тое, што добрае ў вачах Тваіх». І плакаў Эзэкія плачам вялікім.

І сталася, як Ісая яшчэ ня вышаў ізь сярэдзіны панадворку, што слова СПАДАРОВА было да яго, кажучы:
 
І яшчэ ня выйшаў Ісая з унутранага панадворку, як было да яго слова ГОСПАДА, кажучы:

«Зьвярніся й скажы Гэзэку, правадыру люду Майго: "Гэтак кажа СПАДАР, Бог Давіда, айца твайго: ’Я чуў малітву тваю і бачыў сьлізу тваю. Вось, Я ўздараўлю цябе; пазаўтра ўзыйдзеш да дому СПАДАРОВАГА;
 
«Вярніся і скажы Эзэкіі, правадыру народу Майго: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Давіда, бацькі твайго. Я пачуў малітву тваю і ўбачыў сьлёзы твае. Вось, Я аздараўлю цябе, і на трэці дзень ты ўвойдзеш у Дом ГОСПАДА.

І дадам да дзён тваіх пятнанцаць год, і ад рукі караля Асырскага выбаўлю цябе й места гэтае, і абараню места гэтае дзеля Сябе і дзеля Давіда, слугі Свайго’"».
 
І Я дадам да дзён тваіх пятнаццаць гадоў, і выратую з рукі валадара Асірыі цябе і горад гэты, і Я абараню горад гэты дзеля Сябе і дзеля Давіда, слугі Майго”».

І сказаў Ісая: «Вазьмі ком фігаў». І ўзялі, і прылажылі да скулы; і загаілася.
 
І сказаў Ісая: «Вазьміце аладку з фігаў». І ўзялі яе, і палажылі на скулу, і [Эзэкія] ачуняў.

І сказаў Гэзэка Ісаі: «Які знак, што СПАДАР уздарове мяне, і што ўзыйду пазаўтра да дому СПАДАРОВАГА?»
 
І сказаў Эзэкія Ісаі: «Які знак [будзе], што ГОСПАД аздаровіць мяне і што на трэці дзень я ўвайду ў Дом ГОСПАДА?»

І сказаў Ісая: «Гэта табе знак ад СПАДАРА, што споўне СПАДАР слова, каторае Ён праказаў: ці пайсьці сьценю дзесяць уступцоў альбо зьвярнуцца на дзесяць уступцоў»
 
І сказаў Ісая: «Гэта будзе табе знак ад ГОСПАДА, што ГОСПАД выканае слова, якое Ён прамовіў. Ці цень [сонечны на гадзіньніку Ахаза] мае прайсьці наперад на дзесяць прыступак, ці перайсьці назад на дзесяць прыступак?»

І сказаў Гэзэка: «Лёгка сьцеяю пасунуцца не дзесяць уступцоў; не, хай зьвернецца сьцень назад на дзесяць уступцоў».
 
І сказаў Эзэкія: «Лёгка для ценю прайсьці наперад на дзесяць прыступак. Не, але няхай цень вернецца назад на дзесяць прыступак».

І загукаў Ісая прарока да СПАДАРА, і Ён зьвярнуў сьцень па ўступцох, каторы зышоў уступцамі Агазавымі назад дзесяць уступцоў.
 
І клікаў прарок Ісая да ГОСПАДА, і Ён перасунуў цень на прыступках [гадзіньніка] Ахаза на дзесяць прыступак назад.

Таго часу паслаў Меродах-Баладан Баладанёнак, кароль Бабілёнскі, лісты а падарак Гэзэку, бо ён чуў, што Гэзэка быў хворы.
 
У той час Бэрадах-Баладан, сын Баладана, валадара Бабілону, паслаў лісты і падарункі Эзэкіі, бо ён пачуў, што Эзэкія быў хворы.

І выслухаў іх Гэзэка, і паказаў ім скарбніцу срэбра а золата а пахнючых рэчаў а добрае масьці, і збройню сваю, і ўсе, што знайшлося ў ягоных скарбніцах: не засталося ні воднае рэчы, каторае не паказаў бы ім Гэзэка ў доме сваім і ў вусім каралеўстве сваім.
 
І ўсьцешыўся з іх Эзэкія, і паказаў ім увесь дом скарбаў сваіх, срэбра і золата, пахошчы каштоўны алей, збраёўню сваю і ўсё, што знаходзілася ў сховішчах ягоных. Не засталося рэчы, якой бы не паказаў ім Эзэкія ў доме сваім і ў-ва ўсёй дзяржаве сваёй.

І прышоў Ісая прарока да караля Гэзэкі, і сказаў яму: «Што гукалі гэтыя людзі і скуль яны прыходзілі да цябе?» І сказаў Гэзэка: «Ізь зямлі далёкае яны прыходзілі, з Бабілёну».
 
І прыйшоў да валадара Эзэкіі прарок Ісая, і сказаў яму: «Што сказалі тыя людзі і адкуль яны прыйшлі да цябе?» Эзэкія сказаў яму: «З зямлі далёкай яны прыйшлі, з Бабілону».

І сказаў: «Што яны бачылі ў доме тваім?» І сказаў Гэзэка: «Усе, што ў доме маім, яны бачылі: не засталося ні воднае рэчы, каторае я не паказаў бы ім у скарбніцах сваіх».
 
І сказаў [Ісая]: «Што бачылі яны ў доме тваім?» І сказаў Эзэкія: «Усё, што ёсьць у доме маім, яны бачылі. Не было рэчы, якой я не паказаў бы ім у сховішчах маіх».

І сказаў Ісая Гэзэку: «Выслухай слова СПАДАРОВА:
 
І сказаў Ісая Эзэкіі: «Паслухай слова ГОСПАДА.

"Вось, прыйдуць дні, і панясуць усе, што ў доме тваім, і што зьберлі айцове твае дагэтуль, да Бабілёну; нічога не застанецца, кажа СПАДАР.
 
Вось, прыйдуць дні, і ўсё, што ў доме тваім і што назьбіралі бацькі твае аж да гэтага дня, будзе забранае ў Бабілон, і не застанецца нічога, кажа ГОСПАД.

Із сыноў тваіх, што выйдуць ізь цябе, каторых ты народзіш, возьмуць, і будуць яны легчанцамі ў палацу караля Бабілёнскага».
 
І сыноў тваіх, якія выйдуць з цябе, якіх ты народзіш, забяруць, і будуць яны эўнухамі ў палацы валадара Бабілону».

І сказаў Гэзэка Ісаю: «Добрае слова СПАДАРОВА, каторае ты праказаў». І сказаў: «Ціж ня так, абы мір а праўда былі за дзён маіх?»
 
І сказаў Эзэкія Ісаі: «Добрае слова ГОСПАДА, якое ты прамовіў». І сказаў: «Будзе супакой і праўда ў дні мае».

Засталыя справы Гэзэкавы, і ўся дужасьць ягоная, і тое, што ён выкапаў копань вадавод і правёў ваду да места, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх?
 
А іншыя дзеяньні Эзэкіі, і мужнасьць ягоная, і як ён зрабіў сажалку і канал і ўвёў ваду ў горад, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.

І супачыў Гэзэка з айцамі сваімі, і заспадарстваваў Манас, сын ягоны, замест яго.
 
І супачыў Эзэкія з бацькамі сваімі, і пасьля яго заваладарыў Манаса, сын ягоны.