4 царстваў 22 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Восьмі год было Ёсю, як загаспадарстваваў, і трыццаць адзін год гаспадарстваваў у Ерузаліме, імя маці ягонае Едыда Адаішка, з Боцкофы.
 
Ёсія меў восем гадоў, калі пачаў валадарыць, і трыццаць адзін год ён быў валадаром у Ерусаліме. Імя маці ягонай — Едыда, дачка Адаі з Бацкату.

І рабіў ён пасьцівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ, і хадзіў у вусім дарогаю Давіда, айца свайго, і не адхінаўся ані направа, ані налева.
 
І рабіў ён слушнае ў вачах ГОСПАДА, і хадзіў усімі шляхамі Давіда, бацькі свайго, і не зварочваў ані ўправа, ані ўлева.

І было асьмінанцатага году караля Ёсі, што паслаў кароль Шафана, сына Ацалі Мешуламенка, пісара, да дому СПАДАРОВАГА, кажучы:
 
І сталася ў васямнаццатым годзе валадара Ёсіі, паслаў валадар пісара Шафана, сына Ацаліі, сына Мэшуляма, у Дом ГОСПАДА, кажучы:

«Узыйдзі да Гілкі, найвышшага сьвятара, хай ён здасьць супоўную лічбу срэбра, прынесенага да дому СПАДАРОВАГА, каторае зьберлі ад люду стаячыя на варце ля парогу,
 
«Ідзі да Хількіі, вялікага сьвятара. І няхай ён палічыць срэбра, якое ахвяравана ў Доме ГОСПАДА, што сабралі вартаўнікі парогаў ад народу.

І хай дадуць яго ў руку працаўнём, прызначаным да дому СПАДАРОВАГА; і хай дадуць яго работнікам, каторыя ў доме СПАДАРОВЫМ, правіць раськепіны дому,
 
І няхай дадуць яго ў рукі майстрам, якія нагладаюць за працамі ў Доме ГОСПАДА, а яны няхай дадуць яго работнікам, якія працуюць у Доме ГОСПАДА, дзеля направы пашкоджаньняў у Доме,

Цесьлям а будаўніком а муляром, і купляць дзерва а часаныя камяні, мацніць дом;
 
цесьлярам, будаўнікам, мулярам, і на куплю дрэва, чэсаных камянёў дзеля направы Дому [Божага].

Не вымагаць, адылі, у іх лічбы із срэбра, пераданага ў рукі іхныя, бо яны робяць верна».
 
Але ня трэба патрабаваць ад іх адказу за срэбра, якое дадзенае ў рукі іхнія, бо яны працуюць сумленна».

І сказаў Гілка, найвышшы сьвятар, Шафану пісару: «Кнігу Закону я знайшоў у доме СПАДАРОВЫМ». І падаў Гілка кнігу Шафану, і ён чытаў яе.
 
І сказаў Хількія, вялікі сьвятар, пісару Шафану: «Кнігу Закону я знайшоў у Доме ГОСПАДА». І даў Хількія кнігу Шафану, і ён чытаў яе.

І прышоў Шафан пісар да караля, і прынёс каралю слова, і сказаў: «Слугі твае высыпалі срэбра, што знайшлі ў доме, і перадалі яго ў руку працаўнём, прызначаным да дому СПАДАРОВАГА».
 
І пайшоў пісар Шафан да валадара, і прынёс яму слова гэтае, і сказаў: «Слугі твае ўзялі срэбра, якое знаходзіцца ў Доме [Божым], і перадалі яго ў рукі загадчыкам працаў у Доме ГОСПАДА».

І паведаміў Шафан пісар каралю, кажучы: «Кнігу даў імне Гілка сьвятар». І чытаў Шафан яе перад каралём.
 
І паведаміў пісар Шафан валадару, кажучы: «Сьвятар Хількія даў мне кнігу». І Шафан прачытаў яе перад абліччам валадара.

І сталася, як пачуў кароль словы кнігі Закону, то разьдзер адзецьці свае.
 
І сталася, калі валадар пачуў словы кнігі Закону, ён разьдзёр шаты свае

І расказаў кароль Гілку сьвятару а Агікаму Шафанёнку а Ахбору Міхаёнку а Шафану пісару а Асаі, служцу каралеўскаму, кажучы:
 
і загадаў валадар сьвятару Хількіі, і Ахікаму, сыну Шафана, і Ахбору, сыну Міхея, і Шафану пісару, і Асаі, слузе валадара, кажучы:

«Пайдзіце, даведайцеся ў СПАДАРА празь мяне а празь люд а праз усю Юдэю ўзглядам слоў гэтае знойдзенае кнігі, бо вялікі гнеў СПАДАРОЎ, каторы запалаў на нас за тое, што ня слухалі бацькі нашыя слоў кнігі гэтае, каб рабіць подле ўсёга, што напісана нам».
 
«Ідзіце і спытайце ГОСПАДА адносна мяне, і адносна народу, і адносна ўсяго Юды паводле словаў кнігі, якая знойдзена, бо вялікі гнеў ГОСПАДА ўзгарэўся супраць нас, бо ня слухалі бацькі нашыя словаў кнігі гэтай, каб выканаць усё, што ў ёй напісана для нас».

І пайшоў Гілка сьвятар а Агікам а Ахбор а Шафан а Асая да Гулды прарокі, жонкі Шамула, сына Тыквы Гаргасёнка, вартаўніка адзецьцяў, — жыла яна ў Ерузаліме на другім баку, — і гутарылі зь ёю.
 
І пайшлі сьвятар Хількія, і Ахікам, і Ахбор, і Шафан, і Асая да Хульды прарочыцы, жонкі Шальлюма, сына Тыквы, сына Хархаса, вартаўніка адзеньня. Яна жыла ў Ерусаліме, у новым горадзе, і гаварылі з ёй.

І сказала яна ім: «Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Скажыце чалавеку, каторы паслаў вас да мяне:
 
І яна сказала ім: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Скажыце чалавеку, які паслаў вас да мяне:

Гэтак кажа СПАДАР: ’Вось, Я навяду ліха на месца гэтае а на жыхараў яго, — усі словы кнігі, каторую чытаў кароль Юдэйскі.
 
"Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я навяду ліха на месца гэтае і на жыхароў ягоных, усе словы кнігі, якую чытаў валадар Юды,

За тое, што пакінулі Мяне і кадзяць іншым багом, каб квяліць Мяне ўсімі ўчынкамі рук сваіх, запалаў гнеў Мой на месца гэтае і ня згасьне’".
 
за тое, што яны пакінулі Мяне і кадзілі багам чужым, і гнявілі Мяне ўсімі ўчынкамі рук сваіх. І ўзгарэўся гнеў Мой на месца гэтае, і не патухне".

А каралю Юдэйскаму, што паслаў вас даведацца ў СПАДАРА, гэтак скажыце яму: "Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў, праз словы, каторыя ты чуў:
 
Адносна валадара Юды, які паслаў вас, каб запытацца ГОСПАДА, скажыце яму так: "Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. За тое, што ты слухаў словы [кнігі],

’За тое, што зьмякла сэрца твае, і ты ўкарыўся перад СПАДАРОМ, пачуўшы тое, што Я казаў на месца гэтае й на жыхараў яго, каб яны былі на спустошаньне а на пракляцьце, і ты разьдзер адзецьці свае, і плакаў перад Імною, дык таксама Я пачуў цябе, — агалашае СПАДАР. —
 
і стрывожылася сэрца тваё і ты ўпакорыўся перад абліччам ГОСПАДА, пачуўшы тое, што прамоўлена супраць гораду гэтага і жыхароў ягоных, што яны будуць спусташэньнем і праклёнам, і разьдзёр ты шаты свае, і плакаў перад абліччам Маім, Я выслухаў цябе, кажа ГОСПАД.

За гэта, вось, Я прылажу цябе да айцоў тваіх, і цябе паложаць у гроб твой у супакою, і не абачаць вочы твае ўсяго таго ліха, каторае Я навяду на месца гэтае’"». І прынесьлі каралю слова.
 
Таму, вось, Я далучу цябе да бацькоў тваіх, і будзеш ты пахаваны ў магіле тваёй у супакоі, і вочы твае ня ўбачаць усяго ліха, якое Я спашлю на месца гэтае"”». І яны занесьлі валадару слова гэтае.