4 царстваў 5 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
І Нааман, вайводца караля Арамскага, быў вялікі чалавек ў спадара свайго і паважаны, бо перазь яго даў СПАДАР спасеньне Араму. І муж гэты быў дужасіл, але пракажаны.
Нааман, начальнік войска валадара Сірыі, быў чалавек вялікі перад абліччам гаспадара свайго і быў вельмі паважаны, бо праз яго ГОСПАД даў перамогу Сірыі. І быў ён волат мужны, але [ён быў] пракажоны.
Арамляне пайшлі аддзеламі і ўзялі ў палон ізь зямлі Ізраельскае маленькую дзяўчынку, і яна паслугавала Нааманісе.
І вырушылі войскі Сірыйцаў, і ўзялі ў палон з зямлі Ізраіля малую дзяўчынку, і была яна перад абліччам жонкі Наамана.
І сказала яна спадарыні сваёй: «О, калі б спадар мой пабываў у прарокі, каторы ў Самары, то ён зьняў бы зь яго праказу ягоную!»
І сказала яна гаспадыні сваёй: «О, каб гаспадар мой [стаў] перад абліччам прарока, які ў Самарыі! Ён аздаравіў бы яго ад праказы ягонай!»
І пайшоў, і азнайміў гэта спадару свайму, кажучы: «Так а так кажа дзяўчынка, што ізь зямлі Ізраельскае».
І пайшоў Нааман, і паведаміў гаспадару свайму, кажучы: «Вось так і так сказала дзяўчынка з зямлі Ізраіля».
І сказаў кароль Арамскі: «Пайдзі, схадзі, і я пашлю ліст да караля Ізраельскага». Ён пайшоў і ўзяў із сабою дзесяць таланяў срэбра, і шэсьць тысячаў золата, і дзесяць зьменаў адзежы.
І валадар Сірыі сказаў: «Ідзі, а я пашлю ліст да валадара Ізраіля». І ён пайшоў, і ўзяў у руку сваю дзесяць талентаў срэбра, і шэсьць тысячаў [сыкляў] золата, і дзесяць зьменаў адзеньня.
І прынёс ліст каралю Ізраельскаму, у каторым казалася: «І цяпер, як прыйдзе да цябе ліст гэты, то вось, пасылаю да цябе Наамана, служца свайго, каб ты зьняў зь яго праказу ягоную».
І прынёс ён валадару Ізраіля ліст, які казаў: «Калі прыйшоў ліст гэты да цябе, вось, я пасылаю да цябе Наамана, слугу майго, каб ты аздаравіў яго ад праказы ягонай».
І было, як прачытаў кароль Ізраельскі ліст, то разьдзер адзежы свае й сказаў: «Ціж я Бог, каб забіваць і ажыўляць, што ён пасылае да мяне, каб я зьняў з чалавека праказу ягоную? Дык вось, ведайце ж а глядзіце, што ён шукае прычыну супроці мяне».
І сталася, калі валадар Ізраіля прачытаў ліст гэты, ён разьдзёр шаты свае і сказаў: «Ці ж я — Бог, каб забіваць і вяртаць жыцьцё, што ён прысылае да мяне, каб я аздаравіў чалавека ад праказы ягонай? Падумайце і паглядзіце, ці ён не зачэпкі шукае супраць мяне?»
Як пачуў Елісэй, чалавек Божы, што кароль Ізраельскі разьдзер адзежу сваю, то паслаў сказаць каралю: «Чаму ты разьдзер адзежу сваю? Няхай ён прыйдзе да мяне, і даведаецца, што ё прарока ў Ізраелю».
І сталася, калі пачуў Элісэй, чалавек Божы, што валадар Ізраіля разьдзёр шаты свае, ён паслаў да валадара, кажучы: «Навошта разьдзёр ты шаты свае? Няхай ён прыйдзе да мяне і даведаецца, што ёсьць прарок у Ізраілі».
І прыехаў Нааман на конях сваіх а на цялежках сваіх, і стаў ля дзьвярэй дому Елісэявага.
І прыйшоў Нааман з коньмі сваімі і калясьніцаю сваёй, і затрымаўся каля дзьвярэй дому Элісэя.
І паслаў да яго Елісэй пасланца, кажучы: «Пайдзі, амыйся сем разоў у Ёрдане, і зьверніцца да цябе цела твае, і будзеш чысты».
І Элісэй паслаў да яго пасланца, кажучы: «Ідзі і памыйся сем разоў у Ярдане, і цела тваё станецца [здаровым], і ты будзеш ачышчаны [ад праказы]».
І загневаўся Нааман, і пайшоў, і сказаў: «Вось, я гукаў сабе: выйдзе ён, выйдзе, і стане, і прыгукае імя СПАДАРА, Бога свайго, і будзе нахінаць руку сваю над гэтым месцам, і зьніме праказу.
І загневаўся Нааман, і адыйшоў, і сказаў: «Вось, я казаў сабе, што ён выйдзе [да мяне], і стане, і будзе клікаць імя ГОСПАДА, Бога свайго, і дакранецца рукой сваёй месца [праказы], і аздаровіць ад праказы.
Ціж Авана а Фарпар, рэкі Дамаскія, ня лешпыя за ўсі воды Ізраельскія? Ціж я ня мог бы амыцца ў іх і ачысьціцца?» І абярнуўся, і адышоў у злосьці.
Ці ня лепшыя Абана і Фарпар, рэкі Дамаску, за ўсе рэкі Ізраіля? Ці ж ня мог я памыцца ў іх і быць ачышчаным?» І павярнуўся, і пайшоў у гневе.
І дабліжыліся слугі ягоныя, і гукалі яму, і сказалі: «Войча мой, калі б што вялікае расказаў табе прарока, то ці не зрабіў бы ты? і пагатове, як ён сказаў табе толькі: "Амыйся і будзь чыстым"».
І наблізіліся слугі ягоныя, і прамовілі да яго: «Бацька мой, калі б пра рэчы вялікія прамовіў да цябе прарок, ці ты не зрабіў бы? А тым больш, калі ён сказаў табе: “Памыйся і будзеш ачышчаны”».
І зышоў ён, і занурыўся ў Ёрдане сем разоў, подле слова чалавека Божага, і зьвярнулася цела ягонае, як цела хлапчука, і ачысьціўся.
І зыйшоў Нааман, і сем разоў занурыўся ў Ярдан паводле слова чалавека Божага. І аднавілася цела ягонае, як цела малога хлопца, і быў ён ачышчаны.
І зьвярнуўся да чалавека Божага — ён а ўсі прыданыя ягоныя, і прышоў, і стаў перад ім, і сказаў: «Вось жа, я даведаўся, што на ўсёй зямлі няма Бога, адно ў Ізраелю; дык прыймі дабраславенства ад слугі свайго».
І вярнуўся да чалавека Божага ён і ўся дружына ягоная, і стаў перад абліччам ягоным, і сказаў: «Вось, я даведаўся, што на ўсёй зямлі няма Бога, але толькі ў Ізраілі! І цяпер, калі ласка, прымі дар ад слугі твайго».
І сказаў ён: «Жыў СПАДАР, перад Каторага відам стаю! ня прыйму». І тый сіліў яго ўзяць, але ён адмовіўся.
І сказаў [Элісэй]: «Як жывы ГОСПАД, перад абліччам Якога я стаю, не вазьму». А той моцна прасіў яго ўзяць, але ён не згадзіўся.
І сказаў Нааман: «Калі не, то дай, калі ласка, слузе твайму зямлі як цяжар на два аслы; бо адгэтуль ня будзе слуга твой абракаць усепаленьні а аброк іншым багом, апрача СПАДАРА.
І сказаў Нааман: «Калі не, няхай слузе твайму дадуць зямлі, колькі пара мулаў можа несьці, бо слуга твой ужо ня будзе складаць цэласпаленьні і ахвяры крывавыя іншым багам, але толькі ГОСПАДУ!
Адно во ў чым хай даруе СПАДАР слузе твайму: як пойдзе спадар мой да дому Рымона на кланяньне там, і апрэцца на руку маю, і пакланюся я ў доме Рымона, хай даруе СПАДАР слузе твайму ў гэтым прылучаю».
Адно толькі няхай прабачыць ГОСПАД слузе твайму: калі гаспадар мой уваходзіць у дом Рымона, каб пакланіцца там, ён абапіраецца на руку маю, і тады я мушу пакланіцца ў доме Рымона. Калі я буду пакланяцца ў доме Рымона, няхай даруе ГОСПАД слузе твайму гэта».
І сказаў яму: «Ідзі ў супакою». І ён ад’ехаўся ад яго на дзесяціну.
І [Элісэй] сказаў яму: «Ідзі ў супакоі». І ён адыйшоў ад яго кавалак дарогі.
І сказаў Ґігаз, дзяцюк Елісэяў, чалавека Божага: «Вось, спадар мой пажалеў Наамана, гэтага Арамляніна, каб узяць із рукі ягонае, што ён прывёз. Жыў СПАДАР! давай я пабягу за ім, і вазьму ў яго што-колечы».
І сказаў Гехазі, слуга чалавека Божага: «Вось, гаспадар мой пашкадаваў Наамана Сірыйца, не прыняў ад яго таго, што ён прынёс. Як жывы ГОСПАД, пабягу за ім і нешта атрымаю ад яго».
І пагнаўся Ґігаз за Нааманом. І абачыў Нааман бягучага за сабою, і ісьсеў зь цялежкаў наўпярэймы яму, і сказаў: «Ці із супакоям?»
І пабег Гехазі за Нааманам. І ўбачыў Нааман, што нехта бяжыць за ім, і зыйшоў з калясьніцы насустрач яму, і сказаў: «Ці з мірам?»
Ён адказаў: «Із супакоям; спадар мой паслаў мяне сказаць: "Вось, цяпер прышлі да мяне з гары Яхрэмавае два маладзёны із сыноў прароцкіх; дай ім талань срэбра й дзьве зьмены адзежы"».
Ён сказаў: «З мірам. Гаспадар мой паслаў мяне, кажучы: “Вось, цяпер прыйшлі да мяне з гары Эфраіма два юнакі з сыноў прарокаў. Дай ім талент срэбра і дзьве зьмены адзеньня”».
І сказаў Нааман: «Валей вазьмі два талані». І прысіліў яго, і завязаў два талані срэбра ў два хатулі й дзьве зьмены адзежы, і палажыў на двух сваіх служцоў; і яны панесьлі перад ім.
І сказаў Нааман: «Лепш вазьмі два таленты». І ўпрошваў яго, і завязаў два таленты срэбра ў дзьве кайстры, і дзьве зьмены адзеньня, і даў двум слугам сваім, і яны панесьлі іх перад абліччам ягоным.
І, як ён прышоў да вежы, ён узяў із рукі іхнае, і палажыў у доме, і адпусьціў іх, і яны адышлі.
І прыйшоў ён у Афэль, і забраў [рэчы гэтыя] з рук іхніх, і палажыў у доме, а людзей тых выправіў, і яны пайшлі.
Як ён прышоў і стаў перад спадаром сваім, Елісэй сказаў яму: «Скуль, Ґігажа?» І сказаў ён: «Не хадзіў слуга твой ні туды, ні сюды».
І ён пайшоў, і стаў перад гаспадаром сваім. І сказаў яму Элісэй: «Адкуль ты [прыйшоў], Гехазі?» Ён сказаў: «Слуга твой не хадзіў нікуды».
І сказаў ён яму: «Ціж сэрца мае не хадзіла з табою, як абярнуўся наўпярэймы табе чалавек тый зь цялежкаў сваіх? Ціж пара браць грошы і браць адзежу, аліўныя сады а вінішчы, авечкі а валы, слугі а нявольніцы?
А ён сказаў яму: «Ці ж сэрца маё не ішло [з табою], калі насустрач табе зыйшоў чалавек той з калясьніцы сваёй? Ці [цяпер]час браць срэбра і адзеньне, або аліўкавыя дрэвы, вінаграднікі, авечак і валоў, нявольнікаў і нявольніцаў?
Дык праказа Нааманова прыліпне да цябе а да насеньня твайго навекі». — І вышаў ён ад яго, як сьнег, ад праказы.
Няхай праказа Наамана прылепіцца да цябе і да насеньня твайго на вякі». І выйшаў [Гехазі] ад яго [белы], як сьнег, ад праказы.