Эздры 1 разьдзел
Першая кніга Эздры
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
А першага году Кіра, караля Пэрскага, каб скончыўся рок словам СПАДАРОВЫМ вуснамі Ярэмы, узрушыў СПАДАР дух Кіра, караля Пэрскага, і ён агаласіў па ўсім каралеўстве сваім, і таксама пісома, кажучы:
У першы год Кіра, валадара Пэрсаў, каб споўнілася слова ГОСПАДА з вуснаў Ярэміі, узрушыў ГОСПАД дух Кіра, валадара Пэрсаў, і ён абвясьціў у-ва ўсім валадарстве сваім, а таксама пісьмова, кажучы:
«Гэтак кажа Кір, кароль Пэрскі: "Усі каралеўствы зямлі даў імне СПАДАР, Бог нябёсны; і Ён расказаў імне пастанавіць Яму дом у Ерузаліме, каторы ў Юдэі.
«Гэтак кажа Кір, валадар Пэрсаў: “Усе валадарствы зямлі даў мне ГОСПАД, Бог нябесны. І Ён загадаў мне пабудаваць Дом Яму ў Ерусаліме, які ў Юдэі.
Хто ё з вас, з усёга люду Ягонага, — будзь Бог ягоны зь ім, — і хай ён узыйдзе да Ерузаліму, каторы ў Юдэі, і станове дом СПАДАРА, Бога Ізраелявага, таго Бога, што ў Ерузаліме.
Калі ёсьць хто з вас з усяго народу Ягонага, няхай Бог ягоны будзе з ім, і няхай узыйдзе ён у Ерусалім, які ў Юдэі, і няхай будуе Дом ГОСПАДА, Бога Ізраіля. Гэта той Бог, Які ў Ерусаліме.
І хто застаўся з усіх месцаў, ідзе ён жыў там, хай памогуць яму людзі таго месца срэбрам а золатам а маемасьцяй а статкам, самахотнымі аброкамі да дому Бога, каторы ў Ерузаліме"».
І ўсе, якія засталіся ў-ва ўсіх месцах, дзе яны жывуць, няхай дапамогуць ім людзі месца таго срэбрам, золатам, маёмасьцю і быдлам, а таксама дабраахвотнымі дарамі для Дому Бога, Які ў Ерусаліме”».
І падняліся галоўныя з айцоў Юдзіных а Веняміновых а сьвятарове а Левітаве, з усімі, чый дух Бог узрушыў узыйсьці станавіць дом СПАДАРОЎ, каторы ў Ерузаліме.
І паўсталі начальнікі родаў Юды і Бэн’яміна, і сьвятары, і лявіты, і кожны, у якога дух узрушыў Бог, каб ісьці будаваць Дом ГОСПАДА, які ў Ерусаліме.
І ўсі тыя, што навокал іх, мацавалі рукі ім судзьдзям срэбным, залатым, маемасьцяй а статкам а дарагімі рэчмі, побач усяго ахвотна абраканага.
І ўсе тыя, што жылі навокал, умацоўвалі рукі іхнія начыньнямі са срэбра, золатам, маёмасьцю, быдлам і каштоўнасьцямі, апрача дароў дабраахвотных.
І кароль Кір вынес судзьдзе дому СПАДАРОВАГА, каторае вынес Невухаднецар ізь Ерузаліму й палажыў у доме бога свайго, —
І валадар Кір вынес начыньне Дому ГОСПАДА, якое Навухаданосар вынес з Ерусаліму і палажыў у доме бога свайго.
І вынес іх Кір, кароль Пэрскі, рукою Міфрэдата, вартаўніка скарбу; а ён лічбаю здаў яго Шэшбацару, князю Юдзінаму.
І вынес яго Кір, валадар Пэрсаў, рукамі Мітрэдата, скарбніка, і тым лікам аддаў іх Шэшбацару, князю Юды.
І во лік іх: палуміскаў залатых трыццаць, палуміскаў срэбных тысяча, нажоў дваццаць дзевяць,
І вось лік іхні: місаў залатых — трыццаць, місаў срэбных — тысяча, нажоў — дваццаць дзевяць,
Чараў залатых трыццаць, срэбных другарадных чатырыста дзесяць, іншага судзьдзя тысяча.
келіхаў залатых — трыццаць, келіхаў срэбных другарадных — чатырыста дзесяць, іншага начыньня — тысяча.
Усяго судзьдзя залатога а срэбнага пяць тысячаў чатырыста. Усе Шэшбацар узьвёз із узыходам палоненікаў, што былі прыведзеныя з Бабілёну да Ерузаліму.
Усяго начыньня залатога і срэбнага — пяць тысячаў чатырыста. Усё гэта прынёс Шэшбацар, калі прыйшлі з выгнаньня з Бабілону ў Ерусалім.