Эздры 6 разьдзел
Першая кніга Эздры
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Тады кароль Дар даў расказаньне, і шукалі ў Бабілёне, у кнігасхове, куды клалі скарбы.
Тады валадар Дарый даў загад, і шукалі ў Бабілоне, у доме кнігаў, дзе складаюць скарбы.
І знойдзены ў Екбатане, у палацу, каторы ў краіне Міды, адзін зьвітак, і ў ім запіс гэтак напісаны:
І знойдзены ў замку Ахмэце, у палацы, які ў краіне Мідзянаў, адзін сувой, і ў ім напісана так: «Каб памятаць.
«Першага году караля Кіра, кароль Кір даў расказаньне праз дом Божы ў Ерузаліме: "Хай становяць дом на тым месцу, ідзе абракаюць аброкі, і хай будзе паложаны трывалкі под пад яго; увышкі ён шасьцьдзясят локцяў, ушыркі ён шасьцьдзясят локцяў.
У першы год валадара Кіра, валадар Кір даў загад пра Дом Божы ў Ерусаліме: “Няхай будзе адбудаваны Дом на тым месцы, дзе ахвяроўваюць ахвяры, і няхай падмуркі ягоныя будуць захаваныя. Вышыня ягоная — шэсьцьдзясят локцяў, шырыня ягоная — шэсьцьдзясят локцяў.
Тры рады зь вялікіх камянёў, і рад із новага дзерва; выдаткі ж хай даюць із каралеўскага дому.
Шэрагаў з камянёў вялікіх — тры, і шэраг з дрэва — адзін. На выдаткі няхай даюць з дому валадара.
Дый судзьдзе дому Божага, залатое а срэбнае, каторае Невухаднецар вывез із дому Ерузалімскага й завёз да Бабілёну, хай зьвернецца а пойдзе да дому Ерузалімскага, на месца свае, і месца ім у доме Божым".
І начыньне Дому Божага, залатое і срэбнае, якое Навухаданосар вынес са сьвятыні ў Ерусаліме і перанёс у Бабілон, няхай будзе вернута і пойдзе ў сьвятыню ў Ерусаліме, на месца сваё, і паложыш [яго] ў Доме Божым”.
Дык, Фафнаю, зарэчны вайвода, а Шэфар-Бознаю, ізь сябрамі нашымі Афарсахеямі, што за ракою, — аддальцеся стуль.
І цяпер, Татэнай, ваявода Зарэчча, і Шэтар-Базэнай, і таварышы вашыя Афарсатхейцы, якія ў Зарэччы, — аддаліцеся адтуль.
Не запыняйце работы пры гэтым доме Божым: няхай вайвода Юдэйскі а старцы Юдэйскія становяць гэны дом Божы на месцу яго.
Пакіньце [ў супакоі] працу пры гэтым Доме Божым. Няхай ваявода Юдэйскі і старшыні Юдэйскія будуюць гэты Дом Божы на месцы ягоным.
І я даю расказаньне праз тое, чым вы маеце памагаць старцом тым Юдэйскім у будоўлі таго дому Божага: з маемасьці каралеўскае — зарэчнае дані — без адвалокі бярыце й давайце тым людзём, каб работа не запынялася;
І я даю загад пра тое, што вы маеце рабіць для гэтых старшыняў Юдэйскіх у будаўніцтве гэтага Дому Божага: з маёмасьці валадара, з падаткаў Зарэчча, старанна вяртайце выдаткі тых людзей, каб работа не спынялася.
І колькі надабе — ці цялят-бычкоў, ці бараноў а баранчыкаў, на ўсепаленьні Богу нябёснаму, таксама пшонкі, солі, віна а алівы, як скажуць сьвятарове Ерузалімскія, хай выдаюць ім дзень у дзень, без запыну,
І што будзе патрэбна, і бычкоў, і бараноў, і ягнятаў, на цэласпаленьне для Бога нябеснага, пшаніцы, солі, віна і алею, як скажуць сьвятары ў Ерусаліме, няхай выдаюць ім дзень у дзень, без занядбаньня,
Каб яны абракалі аброк прыемны Богу нябёснаму й маліліся за жыцьцё караля а сыноў ягоных.
каб яны ахвяроўвалі ахвяры, прыемныя Богу нябеснаму, і маліліся за жыцьцё валадара і сыноў ягоных.
Я ж даю расказаньне, што які чалавек зьмене гэтае слова, будзе вынята бярно з дому ягонага, і будзе падняты ён і прыбіты да яго, а дом ягоны за тое будзе абернены ў кучу гною.
І я даю загад, што кожнаму чалавеку, які зьменіць гэтае слова, будзе вынята бервяно з дому ягонага, і ён будзе падняты і прыбіты да яго, а дом ягоны за гэта будзе ператвораны ў руіну.
І Бог, каторага імя там вітае, няхай ськіне кажнага караля а люд, што выцягнуў бы руку сваю, каб зьмяніць на шкоду гэтага дому Божага ў Ерузаліме. Я, Дар, даў гэтае расказаньне; хай будзе яно борзда поўнена».
І Бог, Які зьмясьціў там імя Сваё, няхай зьнішчыць кожнага валадара і народ, які выцягнуў бы руку сваю, каб зьмяніць гэта на шкоду гэтаму Дому Божаму ў Ерусаліме. Я, Дарый, даў гэты загад. Няхай ён будзе дакладна выкананы».
Тады Фафнай, зарэчны вайвода, Шэфар-Бознай а сяброве іхныя, — як расказаў кароль Дар, так борзда й рабілі.
Тады Татэнай, ваявода Зарэчча, Шэтар-Базэнай і таварышы іхнія, як загадаў Дарый валадар, так дакладна і зрабілі.
І старцы Юдэйскія станавілі, і шчасьціла ім, подле прароцтва Гаґея прарокі а Захары Ідзянка. І пастанавілі, і скончылі, подле расказаньня Бога Ізраелявага, і подле расказаньня Кіра а Дара а Артаксэркса, каралёў Пэрскіх.
І старшыні Юдэйскія будавалі, і мелі посьпех паводле прароцтва Агея прарока і Захарыі, сына Іддо. І пабудавалі, і скончылі паводле загаду Бога Ізраіля і паводле загаду Кіра, і Дарыя, і Артаксэркса, валадароў Пэрсаў.
І скончаны дом гэты да трэйцяга дня месяца адара шостага году дзяржавы караля Дара.
І быў скончаны Дом гэты ў трэці дзень месяца Адар у шостым годзе валадараньня Дарыя валадара.
І сынове Ізраелявы, сьвятарове а Левітаве а іншыя із сыноў Ізраелявых із палону, з радасьцяй пасьвяцілі гэты дом Божы.
І справілі сыны Ізраіля, сьвятары і лявіты, і рэшта сыноў выгнаньня [сьвята] асьвячэньня гэтага Дому Божага з радасьцю.
І абраклі на пасьвячэньне гэтага дому Божага: сто цялят-бычкоў, дзьвесьце бараноў, чатырыста баранчыкаў, і на аброк за грэх за ўсяго Ізраеля двананцаць казлоў, подле ліку плямёнаў Ізраелявых.
І ахвяравалі на асьвячэньне гэтага Дому Божага сто бычкоў, дзьвесьце бараноў, чатырыста ягнятаў і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх за ўсяго Ізраіля, паводле ліку каленаў Ізраіля.
І пастанавілі сьвятароў, подле разьдзелаў іхных, і Левітаў, подле радоў іхных, на службу Божую ў Ерузаліме, подле пісаньня ў кнізе Масеявай.
І паставілі сьвятароў паводле служэньняў іхніх, і лявітаў паводле чэргаў іхніх на служэньне [Дому] Божага, які ў Ерусаліме, паводле напісанага ў кнізе Майсея.
І палоненікі сьвяткавалі пасху чатырнанцатага дня першага месяца;
І сыны выгнаньня сьвяткавалі Пасху ў чатырнаццаты [дзень] першага месяца,
Бо ачысьціліся сьвятарове а Левітаве, — усі яны, як адзін, былі чыстыя; і зарэзалі пасху ўсім палоненікам, братом сваім, сьвятаром і сабе.
бо ачысьціліся сьвятары і лявіты; усе яны, як адзін, былі чыстыя; і зарэзалі [ягня] пасхальнае для ўсіх сыноў выгнаньня, братоў сваіх, і для сьвятароў, і для сябе.
І елі сынове Ізраелявы, што зьвярнуліся з палону, і ўсі, што аддзяліліся да іх ад плюгаўства народаў зямлі, каб шукаць СПАДАРА, Бога Ізраелявага.
І елі сыны Ізраіля, якія вярнуліся з выгнаньня, і ўсе, што аддзяліліся да іх ад нячыстасьці народаў зямлі, каб шукаць ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
І сьвяткавалі зь весялосьцяй сьвята праснакоў сем дзён, бо СПАДАР разьвесяліў іх і абярнуў да іх сэрца караля Асырскага, каб пасіліць рукі іхныя пры будоўлі дому СПАДАРА, Бога Ізраелявага.
І сьвяткавалі Сьвята Праснакоў сем дзён з радасьцю, бо ГОСПАД узрадаваў іх і зьвярнуў да іх сэрца валадара Асірыі, каб умацаваць рукі іхнія пры будаўніцтве Дому ГОСПАДА, Бога Ізраіля.