Нээміі 4 разьдзел
Кніга Нээміі
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Але сталася, што як пачуў Санвалат, што мы станавілі сьцяну, ён узгарэўся, і вельма загневаўся, і насьміхаўся зь Юдэяў;
І сталася, калі пачуў Санвалат, што мы будуем мур, ён раззлаваўся, і вельмі загневаўся, і сьмяяўся з Юдэяў,
І гукаў пры братох сваіх а пры Самарскіх ваенных людзёх, і сказаў: «Што робяць гэныя небаракі Юдэі? няго ж ім гэта дазволяць? няго ж будуць яны абракаць аброкі? няго ж яны калі-колечы скончаць? няго ж яны ўскрэсяць камяні з кучаў шумецьця, ды яны ж спалены?»
і казаў пры братах сваіх і пры войску Самаранскім, і сказаў: «Што робяць гэтыя нікчэмныя Юдэі? Няўжо ім гэта дазволяць? Няўжо яны будуць складаць ахвяры? Няўжо яны скончаць у [нейкі] дзень? Няўжо яны ажывяць камяні з купаў друзу, якія спаленыя [агнём]?»
А Това Амонянін быў ля яго і сказаў: «Няхай яны становяць, як узыйдзе ліс, разбура іх каменную сьцяну».
І Товія Аманянін быў каля яго, і сказаў: «Няхай яны будуюць. Калі ўвойдзе ліс, разваліць іхні мур каменны».
Пачуй, Божа наш, бо мы пагрэбаваны, і абярні паганьбеньне іхнае на іх собскую галаву, і аддай іх на грэбаваньне ў зямлі паланеньня;
Пачуй, Божа наш, бо мы сталіся насьмешкай. І зьвярні ганьбаваньне іхняе на галаву іхнюю, і аддай іх на рабаваньне ў зямлі паланеньня,
І ня крый бяспраўяў іхных, і грэх іхны хай ня будзе выцерты перад Табою, бо яны зьнемарасьцілі будуючых!
і не закрый беззаконьня іхняга, і грэх іхні няхай ня будзе выцерты перад абліччам Тваім, бо яны зьняважылі [Цябе] перад тымі, што будуюць.
І станавілі мы сьцяну, і была сьцяна ўся злучана да палавіцы яе, бо люд быў шчыры да работы.
І мы будавалі мур, і ўвесь мур быў напраўлены да паловы яго. І народ меў сэрца да работы.
Але сталася: як пачуў Санвалат а Това а Арабаве а Амоняне а Ашдодзяне, што ўдалася паправа сьценаў Ерузаліму, што праломы пачалі зарабляць, дык яны ўзгарэліся вельмі.
І сталася, калі пачуў Санвалат, і Товія, і Арабы, і Аманяне, і Ашдодцы, што адбудоўваюцца муры Ерусаліму і што выломы пачалі зарабляць, яны вельмі загневаліся.
І змовіліся ўсі разам пайсьці вайною на Ерузалім і зрабіць нам замятню.
І яны змовіліся ўсе разам пайсьці вайною на Ерусалім і зрабіць нам перашкоду [ў працы].
Мы ж маліліся Богу свайму і станавілі ад іх старожу ўдзень і ночы, дзеля іх.
І мы маліліся Богу нашаму, і паставілі супраць іх варту ўдзень і ўначы з прычыны [намеру] іхняга.
Але Юдэі сказалі: «Скволела сіла ў нашэньнікаў, а шумецьця шмат; няма ў нас змогі станавіць сьцяну».
І сказалі Юдэі: «Спатыкаецца сіла ў тых, што носяць цяжары; і мы ня зможам будаваць мур».
І казалі ґвалтоўнікі нашы: «Не даведаюцца й не абачаць, як мы ўвыйдзем у сярэдзіну іх, і пераб’ем іх, і запынім работу».
І сказалі прыгнятальнікі нашыя: «Не даведаюцца і ня ўбачаць, калі мы ўвойдзем у сярэдзіну іх, і пераб’ем іх, і спынім працу».
І было як прышлі Юдэі, што жылі ля іх, і казалі нам разоў дзесяць зусюль: «Яны прыдуць на нас».
І сталася, што прыйшлі Юдэі, якія жылі каля іх, і казалі нам разоў дзесяць з усіх бакоў, што яны прыйдуць на нас.
І ў нізінных месцах ля места, за сьцяною, на месцах сухіх пастанавіў я люд па радзімах іхных зь мячамі іхнымі, зь дзідамі іхнымі а з лукамі іхнымі.
І ў нізкіх месцах, за мурам, на месцах голых я паставіў людзей паводле сем’яў іхніх з мячамі іхнімі, з дзідамі іхнімі і з лукамі іхнімі.
І агледзеў я, і стаў, і сказаў паном а дзяржаўцам а засталаму люду: «Ня бойцеся іх; помніце СПАДАРА вялікага а страшнага, і біцеся за братоў сваіх, за сыноў сваіх а за дачкі свае, за жонкі свае а за дамы свае».
І я агледзеў [іх], і стаў, і сказаў шляхце і кіраўнікам, і рэшце народу: «Ня бойцеся іх. Памятайце пра Госпада вялікага і страшнага, і змагайцеся за братоў сваіх, за сыноў сваіх і за дочак сваіх, за жонак сваіх і за дамы свае».
І сталася, як пачулі непрыяцелі нашы, што гэта нам ведама, то Бог зьнішчыў ізраду іхную, і мы зьвярнуліся ўсі да сьцяны, кажны да работы свае.
І сталася, калі пачулі ворагі нашыя, што [гэта] нам вядома, Бог зьнішчыў намер іхні, і мы вярнуліся ўсе да муру, кожны да працы сваёй.
І было адгэнуль: палавіца маіх дзяцюкоў рабіла, а другая палавіца іх дзяржала дзіды, шчыты а лукі а панцыры; а князі за ўсім домам Юдзіным.
І сталася ад гэтага дня, што палова юнакоў маіх рабіла, а [другая] палова іх трымала дзіды, шчыты, лукі і панцыры; і князі [стаялі] за ўсім домам Юды.
Тыя, што будавалі на сьцяне, і тыя, што насілі цяжары, і што накладалі, кажны аднэю рукою рабіў, а ў другой руццэ дзяржаў зброю.
Тыя, што будавалі мур, і тыя, што насілі цяжары, і тыя, што працавалі, [кожны] адною рукою сваёй рабіў [мур], а ў другой [руцэ] трымаў зброю.
І кажны будаўнік быў паперазаўшыся мячом па сьцёгнах сваіх, і будаваў. А трубель быў пры імне.
І кожны будаўнік быў падперазаны мячом па сьцёгнах сваіх, і [так] будаваў. І той, што дзьме ў рог, [быў] пры мне.
І я сказаў вольнікам а дзяржаўцам а засталаму люду: «Работа вялікая а шырокая, і мы аддзяліліся на сьцяне адзін ад аднаго;
І я сказаў шляхце і кіраўнікам, і рэшце народу: «Праца вялікая і разнастайная, і мы падзеленыя на муры, далёкія адзін ад аднаго.
У якім месцу вы пачуеце гук трубы, туды зьбірайцеся да нас, Бог наш будзе ваяваць за нас».
У якім месцы вы пачуеце гук рогу, туды зьбірайцеся да нас. Бог наш будзе ваяваць за нас».
Гэтак мы рабілі работу; і палавіца зь іх дзяржала дзіды ад сьвітаньня аж да паказаньня зораў.
І гэтак мы рабілі працу; і палова з іх трымала дзіды ад сьвітаньня аж да зьяўленьня зорак.
Таксама ў тым часе сказаў я люду, каб кажны зь дзяцюком сваім начавалі ў Ерузаліме, — і былі яны ў нас ночы вартаю, а ўдзень на рабоце.
Таксама ў той час я сказаў народу, каб кожны з юнаком сваім начаваў у сярэдзіне Ерусаліму, і былі яны ў нас уначы вартаю, а ўдзень — на працы.
Дык ані я, ані браты мае, ані слугі мае, ані людзі варты, што прапушчалі мяне, ніхто з нас ня ськідаў адзецьцяў сваіх. Ніхто яго ня ськіне, адно ля вады.
І ані я, ані браты мае, ані юнакі мае, ані вартаўнікі, якія [былі] са мною, ніхто з нас не здымаў адзеньняў сваіх, кожны [быў] са зброяй і з вадою.