Ёва 17 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Дух мой ранены; дні мае гаснуць; грабы перад імною.
Дух мой зламаны, дні мае спыняюцца, [застаецца] мне [толькі] магіла.
Ці не насьміханьнікі з імною, і ў нараканьню іхным начуе вока мае.
Насьмешкі навокал мяне, і ў горычы чэзьне вока маё.
Вазьмі ж мой заклад да Сябе! накш хто паручыцца за мяне?
Ты Сам дай заклад за мяне, бо хто ж паручыцца за мяне, удараючы руку маю?
Бо сэрцы іхныя закрыў Ты ад разуменьня, затым Ты іх не падыймаеш.
Бо Ты закрыў сэрца іхняе на разуменьне, дзеля таго яны не ўзьнімуцца.
Хто лісьліве прыяцелям, у дзяцей таго вочы зьнішчацца.
Хто бліжніх сваіх робіць здабычай, у сыноў ягоных вочы сьцямнеюць.
Ён пастанавіў мяне прыказяю людам, і спакменям пліваньня ў від я стаў ім.
Ён паставіў мяне ў прымаўку народу, і ў твар плююць мне.
Зацьмела ад гароты вока мае, і ўсі чаланы мае, як сьцень.
Сасьлепла ад горычы вока маё, і члены цела майго сталіся нібы цень.
Пасьцівыя людзі зжахнуцца ад гэтага, і нявінны ўквеліцца на бязбожнага.
Праведнікі аслупянелі, бачачы гэтае, і нявінны злуецца на бязбожніка.
Але справядлівы дзяржыцца дарогі свае, і чыстых рук дужэе а дужэе.
Аднак праведнік будзе трымацца шляху свайго, і чысты дадасьць моцы рукам сваім.
Але вы ўсі, зьвярніцеся й прыходзьце, калі ласка, і не знайду я мудрага меж вас.
Дык апамятайцеся ўсе вы, і прыходзьце, але я не знаходжу між вамі нікога разумнага.
Мінулі дні мае; скрышаны думкі мае, собствы сэрца майго.
Дні мае прамінулі, пагубіліся думкі мае, летуценьні сэрца майго.
Яны ноч абарачаюць у дзень, сьвятло бліжаць да віду цямноты.
А яны ноч замяняюць на дзень, і да цемры сьвятло набліжаюць.
Калі спадзяюся гробу, як дому свайго, у цемні пасьцялю пасьцелю сваю;
Ці магу спадзявацца, што адхлань будзе домам маім і ў цемры я пасьцялю ложак сабе?
Загубу заву: "Войча ты мой!" і чарвяка: "Маці мая!" і "Сястра мая!"
Кажу дамавіне: “Ты — бацька мой!” А чарвякам: “Маці мая і сястра мая”.
Дык ідзе надзея мая? Хто абача надзею маю, хто абача?
Дык дзе ж тады надзея мая? І хто можа бачыць надзею маю?
За завалы шэолю зыйдзе яна, як супачываць разам будзем у пыле».
У брамы адхлані зыйдзе яна, і разам са мною ў парахне супачыне».